Беларус намаляваў графіці з Іланам Маскам у Варшаве. Цяпер яго абвінавачваюць у прапагандзе нацызму

Мастак з Беларусі з нікам StreetWind намаляваў у Варшаве Ілана Маска з паднятай уверх рукой (як на інаўгурацыі Трампа) і подпісам «Make Poland great for Poles again». У выніку яго затрымалі, і цяпер мастак шукае адваката. Пра гэта беларус напісаў у сацсетках, заўважыў канал Dzik Pic.

7 каментарыяў
Фота: StreetWind

«Учора я рабіў, як звычайна, свой мілы арт. Але раптам паліцэйскі патруль перапыніў мой акт творчасці.

Доўга разбіраліся, мне давялося начаваць у паліцыі. Мяне абвінавацілі ў псаванні гістарычнага будынка, і, увага, у прапагандзе нацызму і фашызму. Я адмовіўся згаджацца з гэтым вар’яцкім тэзісам і фантазіямі галоўнага паліцэйскага. Чакаю суда, шукаю адваката», — напісаў аўтар графіці. 

Мяркуючы з лакацыі, малюнак размешчаны па адрасе Złota 44, дзе, паводле слоў агента па нерухомасці, Маск збіраецца купіць кватэру

Нагадаем, Ілан Маск на інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа двойчы зрабіў жэст, падобны да нацысцкага прывітання. На наступны дзень ён напісаў у Твітэры: «Шчыра кажучы, ім патрэбныя больш вытанчаныя брудныя выкруты. Атака „ўсе — Гітлер“ ужо та-а-а-ак надакучыла».


Читать на dev.by