«Забойца LinkedIn і Google Search». Беларус стварыў пашукавік вакансій — карыстальнікі хваляць

Сэрвіс выдае вакансіі для рускамоўных рэлакантаў па-за межамі СНД.

4 каментарыяў

Айцішнік з Беларусі Андрэй Палканаў зарэлізіў у LinkedIn сваю распрацоўку — пашукавік па вакансіях з афіцыйных кар’ерных сайтаў кампаній са спісу WayOut, прыдатных для рускамоўных рэлакантаў па-за межамі СНД.

WayOut — гэта найбуйнейшы агрэгатар кампаній для рускамоўных рэлакантаў па-за межамі СНД:

— больш за 500 кампаній;

— прамыя спасылкі на раздзелы з працай;

— пошук па лакацыях і спецыялізацыі кампаній;

— фільтраванне па індустрыях;

— сартаванне па колькасці работнікаў і індэксе цікавасці супольнасці.

«Сустракайце забойцу LinkedIn і Google Search — JOBR, KUR…A!™ Alphач! (прабачце, забыўся таблеткі зранку прыняць»), — так бадзёра прэзентаваў аўтар свой сэрвіс.

Андрэй папярэджвае, што гэта MVP, таму ў пошуку пакуль толькі 50 кампаній, якія даюць 8000+ актыўных вакансій. База апдэйціцца раз на гадзіну, шукаць можна па назвах вакансій, лакацыях (горад, краіна, код краіны), тыпу працоўнага месца (remote, hybrid, onsite) і назвах кампаній.

Пра слабыя бакі сэрвісу распрацоўшчык піша асобна:

▪ Я пакуль не вырашыў, што рабіць з 1300+ індыйскіх вакансій (у асноўным Epam і Luxoft). Калі мяне хтосьці прачытае з гэтых кампаній, пракаментуйце, пліз, ці можа там трапляцца штосьці карыснае для рускамоўных, ці можна смела ўсё гэта адфільтроўваць у топку? А пакуль, калі замінаюць, карыстайцеся аператарам выключэння: -india.

▪ Некаторыя кампаніі закрываюць свае сайты з вакансіямі для доступу з Беларусі і Расіі — карыстайцеся VPN, калі штосьці не адкрылася (браўзер Opera дае бясплатны VPN са скрыні — як дэсктопны, так і мабільны).

На рэмарку пра індыйскія вакансіі хтосьці з карыстальнікаў заўважае, што іх «можна ў топку: там рэйты такія, што на гэтыя грошы можна жыць толькі ў Бангалоры».

У каментарах прыляцеў і першы фідбэк:

— Я ўжо патыкаў! На першы погляд зручна!

— Пакуль выглядае так, што парсяцца проста ўсе вакансіі ў розных кампаніях, дзе хоць калісьці былі пазіцыі для ru speaking. Таму пра прыдатныя кампаніі для рэлакантаў вельмі гучна сказана, на мой погляд. Праверыў рандомныя тры вакансіі: у адной 100% патрэбная іспанская + intermediate english; у другой дакладна патрэбны іўрыт і добрая англійская; у трэцяй патрэбная англійская і літоўская.

— Крутая штука, хутка працуе і зручная ў выкарыстанні!

— А нельга і краіну, і ключ асобна дадаць? А то калі забіваю «Берлін», то мне адных дэвопсаў падсоўвае, а калі «цім-менеджмент», то ўсё што заўгодна, акрамя Берліна.

— Нешта нагадвае Hamster Kombat. І таксама напэўна стрэліць.

— Хачу сказаць дзякуй! Рэальна крута, што гэта бясплатна.

Яшчэ больш актыўна карыстальнікі абмяркоўваюць назву сэрвісу. Многія смяюцца і ўхваляюць. Іншыя лічаць, што так няможна. А хтосьці прапануе адразу падумаць пра маштабаванне:

«Гучыць несур’ёзна. Лакальна для Польшчы яшчэ можа выклікаць усмешку, але калі гэта рэсурс, які хоча маштабавацца і расці якасна, назва вельмі няўдалая».


Читать на dev.by