Беларус усталяваў новую SIM-карту і атрымаў доступ да чужых перапісак у Telegram

Калі вы больш не карыстаецеся старым нумарам і не хочаце, каб вашу перапіску ўбачылі яго новыя ўладальнікі, не забывайцеся выходзіць з зарэгістраваных на ім акаўнтаў на ўсіх гаджэтах. У такую гісторыю патрапіў суразмоўца myfin.by.

7 каментарыяў

Год таму мінчанін Дзмітрый паставіў новую SIM-карту МТС у смарт-гадзіннік дзіцяці. Пазней дзіця папрасіла сабе тэлефон з інтэрнэтам і месенджарамі. Мужчына перанёс SIM-карту з гадзінніка ў тэлефон, спампаваў Telegram — і выпадкова атрымаў доступ да акаўнта былога ўладальніка нумара, яго тэлефоннай кнігі, чатаў, асабістай перапіскі і дадзеных.

Дзмітрый кажа, што быў бы гатовы даплаціць за «белы» нумар — такі, якім раней ніхто не карыстаўся, але на момант куплі карткі не ведаў пра такую магчымасць. Таксама ён ведаў, што калі не карыстацца SIM-карткай і не плаціць за яе, то нумар можа перайсці да кагосьці іншага, і чалавек зможа зарэгістраваць на яго свой новы акаўнт. Але не меркаваў, што ў такім выпадку новы ўладальнік убачыць падпіскі і перапіску ранейшага ўладальніка.

Мужчына прачытаў, што для дэактывацыі папярэдняга акаўнта і стварэння новага трэба спачатку выйсці са старога акаўнта на ўсіх прыладах. Але зрабіць гэта адразу не атрымалася. Telegram выдаў паведамленне, што нельга выйсці з усіх акаўнтаў, выкарыстоўваючы новую прыладу. А стары акаўнт, прывязаны да тэлефона яго дзіцяці, усё яшчэ выкарыстоўваўся папярэднім уладальнікам.

Дзмітрый напісаў у месенджары былому ўладальніку нумара, і той выйшаў з акаўнта на іншых прыладах. Пасля гэтага ўдалося стварыць новы «чысты» акаўнт.

У МТС у каментарыі выданню параілі заўсёды наладжваць двухфактарную аўтэнтыфікацыю ў аплікацыях і рэгулярна правяраць актыўныя сеансы, а пры змене нумара абавязкова выдаліць прывязку да яго з усіх сэрвісаў, уключаючы банкаўскія аплікацыі, інтэрнэт-крамы, сацсеткі і месенджары. Гэта мінімізуе верагоднасць доступу да перапіскі і кантактаў.

Калі вы выпадкова атрымалі доступ да чужых дадзеных, трэба адразу ж выйсці з акаўнта, паведаміць у падтрымку сэрвісу і, па магчымасці, папярэдняму карыстальніку. Аператар падкрэсліў, што свядомае выкарыстанне чужой інфармацыі можа разглядацца як парушэнне канфідэнцыйнасці і пацягнуць адказнасць па законе.

Мабільныя аператары цяпер могуць выдаваць мікрапазыкі
Па тэме
Мабільныя аператары цяпер могуць выдаваць мікрапазыкі

Читать на dev.by