«Сённяшні прагрэс проста шалёны». Пагутарылі з беларусам, які жыве ў Польшчы ад 1998-га

Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic знайшоў беларуса, які ўпершыню прыехаў у Беласток у 1998-м, калі яму было ўсяго 15 гадоў.

Яго завуць Павел, яму 41 год. 23 гады беларус займаецца продажамі і маркетынгам. У інтэрв’ю Dzik Pic ён расказаў, якой была Польшча шмат гадоў таму, а таксама выказаў меркаванне, як ЕС уплывае на Польшчу і чаму ўрад Туска пастрожвае міграцыйную палітыку.

68 каментарый

Чаму Польшча?

— Я пераехаў у Польшчу, у прынцыпе, яшчэ дзіцем — у 1998-м, калі мне было 15 гадоў. Сам з Гродна, каталік, з польскай мовай быў знаёмы з касцёла. Але пасля пераезду, вядома, давялося перавучвацца з «крэсовага» дыялекту на польскую.

Чаму менавіта Польшча? Насамрэч, нават у 90-х гэтая краіна лічылася перспектыўнейшым за Беларусь напрамкам для пераезду і жыцця. Бо ўжо тады пачынала развівацца, а ў Беларусі пасля 1994-га стала зразумела, у які бок усё гэта рухаецца. 

Плюс у нас тут былі сваякі: сястра дзядулі і сястра бабулі выехалі ў Польшчу яшчэ ў 60-70-хх гадах. За пару гадоў перад намі — мой дзядзька, і праз пару гадоў пасля нас — бабуля з дзядулем. 

Першы год жыў у Беластоку. Затым усёй сям’ёй пераехалі ў Варшаву, і ад таго часу я ўвесь час у Варшаве і жыву. Але лічу сябе вялікім патрыётам: вельмі люблю Беларусь і дагэтуль цікаўлюся, што там адбываецца. Доўгі час размаўляў толькі па-беларуску. Але апошнім часам размаўляю ў асноўным на польскай або рускай.

Беларусы ў Польшчы, вы можаце падтрымаць devby: 0 сваіх грошай і 5 хвілін
Па тэме
Беларусы ў Польшчы, вы можаце падтрымаць devby: 0 сваіх грошай і 5 хвілін

Польшча пры канцы 90-х — на пачатку 2000-х

— Я памятаю шэранькую Польшчу, дзе на месцы цяперашняга стадыёна PGE быў велізарны рынак — Allegro таго часу, дзе можна было купіць літаральна ўсё. 

Тады кожны стараўся знайсці шчыліну, абысці закон, праплаціць і гэтак далей. Карупцыя была немаленькая. Людзі праз шэрыя або нават крымінальныя схемы спрабавалі знайсці сваё месца ў жыцці. У той час быў такі падыход: падмануць, уцячы, схавацца. Цяпер жа цэніцца праца ўдоўгую.

Сённяшні прагрэс проста шалёны. Я лічу, што вось гэтае развіццё за апошнія 30 гадоў адбылося менавіта дзякуючы людзям, якія насяляюць Польшчу, і іх крэатыўнасці. 

Чаму так? Мы, людзі з постсавецкага блока, былі галодныя і бралі ад жыцця ўсё. Вось чаму цяпер так шмат паспяховых палякаў у свеце.

Напрыклад, Войцех Зарэмба, які з’яўляецца сузаснавальнікам OpenAI і адным з галоўных распрацоўшчыкаў ChatGPT. Або Рафал Маджэўскі, які заснаваў кампанію ICEYE (іх сатэлітамі цяпер карыстаецца войска ЗША). Або Томаш Патан, распрацоўшчык Jetson One, першага лятальнага дрона ў серыйнай вытворчасці. І стваральнікі Booksy, сэрвісу, якім карыстаюцца не толькі ў Польшчы. 

«Варшава — Мінск здаровага чалавека, а ў Барселоне небяспечна». Беларус пра пераезд у Іспанію
Па тэме
«Варшава — Мінск здаровага чалавека, а ў Барселоне небяспечна». Беларус пра пераезд у Іспанію

Як паўплывала на Польшчу ўступленне ў ЕС

 — У маёй сям'і праз нашае мінулае вельмі нядобрае стаўленне да камуністаў, посткамуністаў, усялякіх левых і гэтак далей. Так што я сябе прылічаю, хутчэй, да правых сіл.

Аднак PiS я правымі не лічу. Хутчэй, схіляюся да «Канфедэрацыі», а дакладней, да лібертарыянства. Мне падабаецца тое, што робіць цяперашні кіраўнік Аргенціны. Я лічу, што чалавек мае быць вольны, але пры гэтым свабода аднаго чалавека мае быць абмежаваная свабодай іншага. Мала хто разумее, што свабода — гэта адказнасць. А свабода без адказнасці — гэта анархія.

Маё меркаванне — Польшчы быў патрэбны Еўрасаюз, каб адчуць сябе Захадам. Я бачу, што палякі маюць вялікі комплекс «недаЗахаду». Хоць, насамрэч, становішча Польшчы можна назваць яе перавагай.

Бо гэта брама паміж Захадам і Усходам, чым, уласна, заўсёды і карысталіся Рэч Паспалітая і ВКЛ, калі былі разам. Тым не менш, пасля развалу СССР Польшчы трэба было вызначацца — ці мы рухаемся бліжэй да Захаду, ці ўсё ж да Усходу? І відавочна, што палякі пасля PRL прагнулі Еўропы. 

Чаму палякі наогул маюць гэты комплекс? Бо яны разумелі, што з’яўляюцца часткай Еўропы. Але паколькі яны далучыліся аднымі з апошніх, плюс тут быў уплыў Расійскай імперыі і камуністычных уладаў, то ўзнікала пачуццё, быццам яны вельмі моцна спазніліся.

То-бок палякі вельмі прагнулі далучыцца да Еўропы, і іх там прымалі як сваіх. Але ў іх было адчуванне, што «нам яшчэ далёка». Прычым многія палітыкі і журналісты актыўна выкарыстоўвалі гэты комплекс. Я памятаю гэтыя загалоўкі ў газетах — як што якое, дык адразу «з нас смяецца ўся Еўропа». 

Палякі з прычыны гэтага вельмі асцярожныя. Гэта прыкметна нават па модзе. Напрыклад, беларусы, украінцы любяць «панты», вылучацца, а палякі — не зусім. Менавіта праз тое, што баяцца крытыкі. Так што калі хтосьці падабраў лук, і з яго ніхто не пасмяяўся, то крута, увесь горад ходзіць у аднолькавым стылі.

Беларусы маюць вялікую цікавасць да ўсяго новага. Калі штосьці новае заходзіць, і яно сябе апраўдае, то яны вельмі хутка гэта падхопліваюць. Як было, напрыклад, з Revolut.

Вяртаючыся да Еўрасаюза — так, ён быў патрэбны. Але можна сказаць, што палякі ад яго ж і пацярпелі. Думаю, што бацькі-заснавальнікі Еўрапейскай Супольнасці ў труне пераварочваюцца, гледзячы, у які бок гэта пайшло.

Я маю на ўвазе, што з усім гэтым левым паваротам Еўрасаюз стаў нагадваць СССР № 2: уся гэтая цэнтралізаваная эканоміка, цэнтралізаванае ж кіраванне і стагнацыя. Апошнія 20 гадоў старая Еўропа стаіць на месцы. А вось Польшча дзякуючы свайму прадпрымальніцкаму духу, празе развіцця і голаду вельмі моцна расце.

Беларус арганізаваў у Польшчы злачынную групоўку, якая афармляла фіктыўныя дакументы на візы, уключаючы PBH
Па тэме
Беларус арганізаваў у Польшчы злачынную групоўку, якая афармляла фіктыўныя дакументы на візы, уключаючы PBH

Ці дапамаглі мігранты эканамічнаму росту?

— Я таксама чуў гэтае меркаванне, быццам «Польшча расце за кошт мігрантаў». Але яна развіваецца апошнія 30 гадоў, а не толькі апошнія 4 гады.

Так, добра, што сюды прыехалі мігранты. Але яны заўсёды былі ў Польшчы. Прычым эмігранцкая палітыка была дастаткова нядрэнна прадуманая (у новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы сцвярджаецца, што ад 2016 года ў краіны няма комплекснай міграцыйнай стратэгіі — заўв.). Тут не было такой сілы, якая магла б пераважыць. Плюс палякі ў 2010-х таксама пачалі вяртацца да сябе дадому з Вялікабрытаніі, Германіі і ЗША.

Уплыў сяброўства ў ЕС на Польшчу

— Я мяркую, што Еўрасаюз вельмі моцна тармозіць развіццё Польшчы. Усё пачынаецца з вялікіх прадпрыемстваў. Але энергія ў Польшчы адная з самых дарагіх у Еўропе. То-бок польская прамысловасць проста не ў стане быць канкурэнтаздольнай.

Пры гэтым тая ж Германія падсела на «расійскую іголку» (у энергетыцы) дзеля нейкіх сваіх пераваг. А астатнія краіны ЕС скакалі пад яе дудку (акрамя Францыі, у якой хапае сваіх атамных электрастанцый. Хаця цяпер у яе з’явіліся праблемы з уранам.

Так, кажуць, што Польшча атрымлівае сродкі з Еўрасаюза. Але краіна адначасова і ўносіць у ЕС велізарныя грошы. Прычым, каб атрымаць гэтыя выплаты, трэба падладзіцца пад вельмі вялікую колькасць абмежаванняў.

Натуральна, на самым пачатку краіна атрымлівала ад сяброўства ў ЕС вельмі шмат. Але не варта забываць, што большая частка грошай у Еўрасаюзе — гэта крэдыт. Напрыклад, што цяпер Польшча атрымлівае з KPO (Нацыянальны план рэканструкцыі)? Гэта шматмільярдны доўг, які прыйдзецца аддаваць і дзецям, і ўнукам.

Нацыянальны план рэканструкцыі Польшчы з’яўляецца асновай для выплаты грошай з Фонду аднаўлення і павышэння ўстойлівасці ЕС.  

Каб атрымаць сродкі KPO, Польшча падпісала два пагадненні з Еўркамісіяй: адное на грантавую частку, другое — на крэдытную. Пагашэнне крэдыту завершыцца не пазней чым праз 30 гадоў, то-бок у 2058 годзе.

На маю думку, цяпер мае сэнс мяняць Еўрасаюз, не выходзячы з яго. Сам сэнс Еўрасаюза, як саюза вугалю і сталі, саюза атамнай энергетыкі, саюза Шэнгена і бязмытнага гандлю — гэта выдатная ідэя. Давайце пры ёй і застанемся, а ўсё астатняе выкінем.

Чаму ўрад Туска пастрожвае выдачу віз?

— Людзі, якія даўно жывуць у Польшчы, добра памятаюць сённяшнюю ўладу. Бо Koalicja Obywatelska (Грамадзянская кааліцыя) ужо была ва ўладзе — і сышла пасля шматлікіх скандалаў.

Уласна кажучы, урад упаў, калі апублікавалі праслухоўку з прыватнага пакоя рэстарацыі Sowa & Przyjacielew, дзе часта збіраліся палітыкі (падрабязнасці тут).

Маё меркаванне: партыя KO заўсёды разыгрывала карту Старой Еўропы і спрабавала зрабіць так, каб Польшча залежала ад Германіі. А PiS, у сваю чаргу, разыгрывае амерыканскую партыю. Пры падтрымцы Амерыкі яны хочуць вярнуцца да вытокаў — да Рэчы Паспалітай, саюза народаў. 

Ідэя была ў тым, каб аб’яднаць 11 краін з Польшчай на чале. Стваральнікам гэтага праекта быў прэзідэнт Лех Качыньскі, якога я за гэта не магу не паважаць. Бо мне як беларусу гэты праект вельмі блізкі. Я лічу, што ў гэтым палягае і бяспека Беларусі, як бы, Зянон Пазняк не дасць схлусіць. 

Калі мы паглядзім на інтарэсы Польшчы, то гэты праект быў, напэўна, самым лагічным. Бо тады Германіі давялося б лічыцца з Польшчай. Бо калі сумясціць войска Украіны і войска Польшчы як асноўную вайсковую сілу, то гэта быў бы наймацнейшы саюз у Еўропе. Але не атрымалася.

Чаму пры PiS лёгка выдавалі візы беларусам? Бо PiS было важна сабраць людзей са старой Рэчы Паспалітай. Яны лічаць усё гэта адной садружнасцю, адным народам.

Нашто гэта было патрэбна Польшчы? Затым што палітыка — гэта гульня ўдоўгую. Дзяржава, якая будуе свае планы ўсяго на 5 гадоў наперад, і жыве толькі 5 гадоў. Ідэя была ў тым, што беларусы прыязджалі ў Польшчу, атрымлівалі тут адукацыю, наладжвалі бізнэс-кантакты і потым будавалі б тую Беларусь, якая была б у інтарэсах Польшчы. Але я так разумею, што KO гэта нецікава. Таму яны пачынаюць круціцца.

Паглядзіце, што робіць цяперашні ўрад. Узяць, напрыклад, тую ж сітуацыю з CPK (Цэнтральны камунікацыйны порт). Пад велізарным ціскам грамадскасці план рэалізацыі быў прыняты, але яго максімальна абрэзалі.

Цэнтральны камунікацыйны порт — нацыянальная інфраструктурная праграма, галоўным элементам якой мае стаць будаўніцтва буйнога аэрапорта паміж Лоддзю і Варшавай. На пачатку 2025-га было прынятае рашэнне аб выдзяленні ўчастка зямлі ў 2,5 тыс. га пад будаўніцтва CPK.

А наконт змен у візавай палітыцы — чаму Польшча апошнія гады развівалася? Таму што была краінай з самай таннай працоўнай сілай. Але, верагодна, камусьці гэта не выгадна. 

Усё дрэнна? 

 — Я лічу, што Польшча насамрэч выдатнае месца. Не магу сказаць, што краіна развіваецца дрэнна. Але яна развіваецца дзякуючы людзям, а не палітыкам.

Так, многія палітыкі — патрыёты. Мы можам адрознівацца меркаваннямі і поглядамі, але шмат хто хоча бачыць Польшчу прыгожай, перадавой краінай, якая развіваецца. Гэта працуе. Але магло быць значна лепш, што проста крыўдна.

Перспектывы Польшчы вельмі вялікія. Для многіх яна — стратэгічнае месца далейшага развіцця. Той жа Кітай мае патрэбу ў Польшчы як у браме Еўропы. Бо марскія шляхі можа лёгка заблакаваць Амерыка, каралева акіянаў са сваім флотам. Таму Кітай і пракладае Шаўковы шлях праз Беларусь і Польшчу.

Тут сыходзіцца шмат інтарэсаў розных краін, а тэмпы развіцця Польшчы правакуюць інвестараў укладваць сюды свае грошы. А чым больш замежных грошай у Польшчы, тым мацней яе будуць абараняць замежныя ўрады ў выпадку патэнцыйнага канфлікту.

Тут можна будаваць сваё жыццё. Палякі насамрэч вельмі кайфовыя людзі. Проста да іх трэба ставіцца з павагай і разумець, чаго каштавала ім сённяшняя свабода.

Польшчу тройчы літаральна сціралі з твару зямлі. Але палякі дзякуючы сваёй салідарнасці, уменню хутка аб’яднацца і ваяўнічасці вырвалі сабе незалежнасць. Гэта варта паважаць.

Дешёвые квартиры и близко Польша. QA рассказывает, почему он вернулся в родной Брест
По теме
Дешёвые квартиры и близко Польша. QA рассказывает, почему он вернулся в родной Брест

Читать на dev.by