Беларусам цяпер складаней легалізавацца ў Польшчы — там перасталі прымаць дакументы БССР і патрабуюць апастыль
У Telegram-чаце беларусаў у Польшчы пачалі з’яўляцца паведамленні ад людзей, якія ў апошнія дні звярталіся ў польскія мясцовыя органы — кажуць, у іх перасталі прымаць некаторыя беларускія дакументы без апастыля.
Паводле слоў карыстальнікаў, у іх не прынялі беларускія пасведчанні аб нараджэнні ці аб заключэнні шлюбу без апастыля, хаця раней такіх патрабаванняў не было. Адмову польскія дзяржорганы матывуюць дакументам МУС ад 28 ліпеня 2025 года. Ён адрасаваны кіраўнікам аддзелаў грамадзянскіх спраў і аналагічных упраўленняў ваяводстваў.
У дакуменце гаворыцца, што паводле інфармацыі ад консула Польшчы ў Мінску, у Беларусі дагэтуль знаходзяцца ў абароце акты грамадзянскага стану, выдадзеныя органамі былой БССР ці СССР, калі яны змяшчаюць чытэльныя дадзеныя. Калі іх трэба выкарыстоўваць за мяжой, то іх уладальнік павінен:
- атрымаць дублікат такога акта ў кампетэнтным органе па месцы захоўвання акта (ён выдаецца на новым бланку),
- заверыць дублікат апастылем у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Але такая працэдура магчымая толькі ў выпадку, калі адпаведны орган ці архіў захоўвае кнігі актаў грамадзянскага стану з часоў БССР/СССР. Калі кнігі і архівы былі знішчаны ці больш не знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, то павінна быць выдадзена адпаведная даведка.
З дакумента незразумела, ці патрэбны апастыль на ўсе беларускія дакументы ці толькі на дублікаты, якія замяняюць тыя, што былі выдадзены ў БССР/СССР. Карыстальнікі чатаў пішуць, што ў жондзе ім сказалі апастыляваць усе дакументы, выдадзеныя ў Беларусі.
«Тэлефанаваў у жонд у Рашыне 1,5 гадзіны таму, яны сказалі, што атрымалі інфармацыю ад міністра, што з 30 ліпеня 2025 года беларускія дакументы прымаць толькі з апастылем міністэрства замежных спраў Беларусі», — адзначыў адзін з карыстальнікаў.
«У Варшаве толькі што адмовілі ва ўмейсцаванне з паўторным СОРам без апастыля», — пракаментавала сітуацыю з прызнаннем і рэгістрацыяй у Польшчы замежных пасведчанняў аб нараджэнні іншая карыстальніца.
Варта сказаць, што пасведчанні аб нараджэнні БССР працягвалі выдавацца пасля распаду СССР. Іх атрымлівалі, напрыклад, людзі, народжаныя ў 1995 годзе. Ім, відаць, таксама спатрэбяцца дублікаты.
Читать на dev.by