Беларусам у Варшаве ўскладнілі атрыманне пасведчанняў на вяртанне
Пасольства Беларусі ў Варшаве цяпер прымае грамадзян, якія жадаюць атрымаць пасведчанне на вяртанне, па папярэдняму запісу. Інфармацыю заўважылі інтэрнэт-выданні, таксама яна размешчана на сайце пасольства.
Выключэнне зробяць для беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу ненадоўга і згубілі пашпарт ці ён стаў непрыдатны.
«Грамадзяне, якія страцілі пашпарт (пашпарт непрыдатны для выкарыстання) падчас кароткатэрміновай паездкі за мяжу і жадаюць вярнуцца ў Беларусь у найкарацейшыя тэрміны, прымаюцца ў пасольстве ў прыёмныя гадзіны без папярэдняга запісу ў парадку чарговасці.
Грамадзяне, якія часова ці пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і маюць падставы для знаходжання ў Рэспубліцы Польшча (karta pobytu ці dowód osobisty), а таксама грамадзяне, якія накіроўваюцца ў Рэспубліку Беларусь з дзіцём, якое не мае пашпарта Рэспублікі Беларусь і народжанае на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, прымаюцца толькі па папярэдняму запісу», — гаворыцца ў паведамленні.
Як тлумачаць беларускія медыя, пасведчанне, пра якое ідзе гаворка, выдаецца на тэрмін да 6 месяцаў і дазваляе адзін раз перасячы польска-беларускую мяжу без пашпарта. Гэты дакумент змяшчае фатаграфію, якая сведчыць асобу, таму яго прымаюць польскія дзяржорганы — напрыклад, пры выдачы дакументаў дзецям, якія нарадзіліся ў Польшчы і ніколі не мелі нацыянальнага пашпарта. Некаторыя бяруць даведку на вяртанне для легалізацыі ў Польшчы.
Читать на dev.by