Беларусаў з ВНЖ у Літве стала рэзка менш за квартал — амаль як за ўвесь мінулы год
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Літве за першыя тры месяцы года істотна скарацілася колькасць беларусаў з дазволам на жыхарства.
Так, па стане на 1 красавіка ў Літве заставалася 53 739 грамадзян Беларусі з дзеючым ВНЖ. Гэта на 3772 чалавекі менш, чым было на пачатку года. Для параўнання, за ўвесь 2024 год беларусаў з ВНЖ у Літве стала менш на 4656 чалавек.
Больш за ўсё грамадзян Беларусі з дзеючым ВНЖ у Літве было год таму. Па стане на 1 красавіка 2024 года іх тут налічвалася 62 844 чалавекі. То бок за год гэтая лічба скарацілася на 9105 чалавек — гэта больш за 14%.
Нягледзячы на адток беларусаў з Літвы, мясцовыя палітыкі прапануюць усё новыя абмежаванні для іх. Камітэт Сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне напрыканцы мінулага тыдня падтрымаў ідэю ануляваць выдадзеныя беларусам ВНЖ за надта частыя паездкі дадому — часцей чым раз на тры месяцы. Такі падыход раскрытыкаваў літоўскі бізнес.
Читать на dev.by