Беларусаў абвінавацілі ў кібератацы на кіруючую партыю Польшчы
Беларускія і расійскія групоўкі датычныя да атакі на інфармацыйныя сістэмы польскай партыі «Грамадзянская платформа», якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер і міністр лічбавізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі, заўважылі незалежныя медыя.
«Задзейнічаны службы, якія ў аператыўным рэжыме працуюць, каб дэталёва расследаваць і прааналізаваць, якім быў вектар пранікнення. У нас ужо ёсць першая інфармацыя, якая пацвярджае ўчорашнія паведамленні. Усталявана, што за нападам на офісы, членаў парламента і „Грамадзянскай платформы“ стаяць групы, звязаныя з Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю. У нас ёсць пацверджанне таго, што акцыя была арганізаванай, а не выпадковай», — сказаў ён учора. Заяву транслявалі польскія навінавыя тэлеканалы.
Гаўкоўскі паабяцаў працягваць інфармаваць пра расследаванне. Ён пахваліў польскія службы за іх прафесійную працу.
Пра атаку на інфармацыйныя сістэмы «Грамадзянскай платформы» ў сераду заявіў яе лідар, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён назваў гэта спробай умяшання ў выбары.
Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Ян Грабец адзначыў, што атака была накіраваная не толькі на сайт партыі, але і ў першую чаргу на камп’ютары, якія выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі офіса «Грамадзянскай платформы» і членамі выбарчага штабу. Былі атакаваныя прылады, размешчаныя ў розных месцах. Грабец заявіў пра наяўнасць сведчанняў таго, што атака ішла з Усходу.
Читать на dev.by