Беларускі ІТ-экспарт упаў да мінімальнага за 5 гадоў
ПВТ апублікаваў інфармацыю пра экспарт рэзідэнтаў за мінулы год. Лічбы не радуюць.
У 2023 годзе экспарт ПВТ склаў 1,8 мільярда долараў. Гэта на 900 мільёнаў долараў, або на 33% менш, чым у 2022 годзе.
Варта адзначыць, што даныя пра антырэкордны экспарт за 2023 год згаданыя толькі ў раздзеле «ПВТ Сёння» на сайце Парка. Пры гэтым у інфаграфіцы яны не адлюстраваныя (яна канчаецца 2022 годам). У раздзеле «Лічбы і факты» таксама прыведзеныя лічбы толькі за рэкордны 2021 і 2022 гады.
Але больш паказальнае іншае: леташні экспарт ІТ-кампаній ПВТ — мінімальны за апошнія 5 гадоў.
Экспарт рэзідэнтаў ПВТ падае другі год запар. У 2022 годзе ён скараціўся (упершыню ў гісторыі парку) на 0,5 мільярда долараў. Такім чынам, за апошнія два гады агульны экспарт рэзідэнтаў Парка скараціўся амаль на 1,5 мільярда долараў.
Падзенне экспарту — вынік крызісу ў ІТ-галіне і скарачэнне заказаў з боку замежных кампаній, у тым ліку праз нежаданне працаваць з кампаніямі і супрацоўнікамі ў Беларусі. Таксама на тэмпах экспарту негатыўна адбіўся сыход многіх беларускіх і замежных кампаній, у тым ліку буйных, з ПВТ і Беларусі. Паводле ацэнак dev.by, за апошнія 2,5 гады з ПВТ сышло больш за 250 ІТ-кампаній.
На фоне падзення экспарту працягвае скарачацца і знешнегандлёвае сальда ПВТ (розніца паміж экспартам і імпартам). У 2021 годзе — 2,8 мільярда долараў, у 2022 годзе — 2,4 мільярда долараў, у 2023 годзе — 1,7 мільярда долараў (то-бок на 30% менш, чым летась).
Цікава, але на фоне падзення экспарту выраслі продажы ІТ-прадуктаў і паслуг рэзідэнтамі на ўнутраным рынку Беларусі, калі верыць даным ПВТ. У 2021 і 2022 гадах аб’ём рэалізацыі склаў 1,3 мільярда рублёў, а па выніках мінулага года — 1,5 мільярда рублёў.
Читать на dev.by