Беларускі пасол у Кітаі распавёў, як там з тэхналогіямі і што мы хочам пераняць

Пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр Чарвякоў распавёў пра тэхналагічны прагрэс у азіяцкай краіне ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню.

2 каментарыя

Чарвякоў назваў Кітай «унікальнай краінай, дзе будучыня ствараецца проста зараз», і пахваліў за вельмі хуткія тэмпы ўкаранення ідэй. Ён адзначыў маштабы стварэння чыгуначнай інфраструктуры і хуткасныя цягнікі, якія бясшумна праходзяць некалькі соцень кіламетраў у гадзіну.

Таксама пасол адзначыў, што ў кітайскіх гарадах ёсць «цэлыя раёны, дзе выкарыстоўваюцца беспілотныя таксі і ў цэлым транспарт», і створана адпаведная інфраструктура. А яшчэ кітайцы настолькі асвоіліся з бескантактнымі плацяжамі, што пачынаюць забываць, што такое кэш.

«Сёння ад маленькага кітайца да сталага чалавека, якому 90 гадоў, усе выкарыстоўваюць тэлефон і [бескантактны] разлік незалежна дзе: на рынку, у краме, у тралейбусе, у трамваі — у любым месцы ты можаш разлічыцца з дапамогай тэлефона. І калі разлічваешся папяровымі грашамі, многія нават не разумеюць, што гэта такое», — падзяліўся ўражаннямі пасол. І дадаў, што яму «безумоўна» хацелася б, каб так было і ў Беларусі.

Таксама яго ўражвае маштаб укаранення робатаў на вытворчасці, якія забяспечваюць высокую прадукцыйнасць працы. «Размаўляючы з кіраўнікамі вось гэтых прадпрыемстваў, якія ўкаранілі гэтыя тэхналогіі, наконт „а куды вы людзей?“ — яны кажуць: „А мы людзей перанавучваем і вучым зараз іх новым тэхналогіям“. Яны больш людзей уцягваюць у праектную працу, у даследчую працу», — дадаў Чарвякоў.

Ён адзначыў, што Беларусі трэба ўважліва вывучыць і прымяняць у сябе інавацыйную інфраструктуру Кітая, якая дазваляе вельмі хутка ідэю ператвараць у канкрэтны камерцыйны прадукт.

«І тое, што паміж намі дасягнуты высокі ўзровень супрацоўніцтва, дазваляе рэгіёнам, нашым міністэрствам, нашым прадпрыемствам вельмі блізка працаваць з кітайскімі кампаніямі», — працягнуў Чарвякоў. Па яго словах, проста ўзяць і перанесці на Беларусь кітайскія мадэлі нельга з-за адрозненняў у менталітэце, падыходах да вытворчасці, укаранення і іншага, але можна запазычыць ключавыя элементы.

Асобна ён згадаў пра поспехі Кітая ў стварэнні беспілотнай сельгастэхнікі. «Адзін з праектаў мы сёння рэалізуем разам з кітайскай кампаніяй і МТЗ — трактар, які без удзелу чалавека сам вызначае кірунак руху, як рухацца, па якой траекторыі і гэтак далей. То бок, па сутнасці, сёння трактарыст можа сядзець нават дома з пультам кіравання, глядзець у камп’ютар і кіраваць пры неабходнасці тым ці іншым трактарам», — распавёў Чарвякоў.

Міністр замежных спраў абвінаваціў Захад ва ўцечцы мазгоў і неакаланіялізме ў сферы ШІ
Па тэме
Міністр замежных спраў абвінаваціў Захад ва ўцечцы мазгоў і неакаланіялізме ў сферы ШІ
На «Горызонце» сказалі, калі можна будзе купіць першы беларускі планшэт
Па тэме
На «Горызонце» сказалі, калі можна будзе купіць першы беларускі планшэт

Читать на dev.by