Беларускі стартап для мужчынскага здароўя запартнёрыўся з буйным італьянскім універсітэтам
Беларускі стартап Sequoia, які дазваляе мужчынам ананімна даведацца пра стан свайго здароўя і палепшыць яго, стаў партнёрам універсітэта Tor Vergata — аднаго з вядучых у Рыме. Пра гэта прадстаўнікі стартапа паведамілі Office Life.
Бакі будуць разам праводзіць навуковае даследаванне мужчынскага здароўя пад кіраўніцтвам вядомых спецыялістаў у галіне сэксуальнай медыцыны. Мэта — вывучыць узаемасувязі паміж якаснымі характарыстыкамі аргазму і фізічным станам мужчыны.
Мабільная аплікацыя Sequoia стала тэхналагічнай платформай праекта. Дзякуючы ўбудаванаму ананімнаму трэкеру здароўя яна дазваляе карыстальнікам бяспечна і канфідэнцыйна ўносіць дадзеныя пра самаадчуванне і сэксуальную актыўнасць. Sequoia з’яўляецца партнёрам фонду ААН у галіне дэмаграфіі і народанасельніцтва, партнёрам «Інвітра» і членам Сусветнай асацыяцыі па сэксуальным здароўі.
Даследаванне пачнецца гэтым летам і працягнецца каля трох месяцаў. Універсітэт зоймецца наборам добраахвотнікаў, а Sequoia надасць удзельнікам бясплатны поўны доступ да ўсяго функцыяналу. Па заканчэнні даследавання абезасобленыя дадзеныя будуць перададзены навуковай групе для далейшага аналізу.
Па словах заснавальніка і CEO Sequoia Дзяніса Галкі, тэхналогіі могуць паскараць навуку — асабліва ў тых сферах, дзе традыцыйныя метады даследавання сутыкаюцца з этычнымі і сацыяльнымі бар’ерамі. У стартапе спадзяюцца, што даследаванне «дазволіць мільёнам мужчын лепш разумець і кантраляваць сваё здароўе».
Читать на dev.by