Беларускую «Е-Паслугу» хочуць аб'яднаць з расійскімі «Госуслугами»
Беларускую сістэму электронных дзяржпаслуг «Е-Паслуга» хочуць аб’яднаць з яе расійскім аналагам, піша БелТА. Планамі падзяліўся дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў пасля сустрэчы з Наталляй Качанавай, дзе абмяркоўвалі праблему верыфікацыі сім-карт у беларусаў у Расіі.
Нагадаем, беларусы і іншыя замежнікі, якія жывуць у Расіі ці часта туды ездзяць і хочуць працягваць карыстацца сім-картамі мясцовых сотавых аператараў ці купіць новыя, павінны былі да 1 ліпеня здаць біяметрыю.
Глазьеў кажа, што перарэгістраваць сім-карты давялося многім беларусам. Але калі расіяне маглі выканаць працэдуру праз «Госуслуги» дыстанцыйна, то ў беларусаў прамога доступу да гэтай сістэмы няма, і ўзніклі чэргі. Чыноўнік адзначыў, што ў Маскве і Санкт-Пецярбургу пытанне вырашаюць адкрыццём шматфункцыянальных цэнтраў, каб прымаць заяўкі ад беларусаў.
«Але мы хочам пайсці яшчэ далей: злучыць два парталы — „Е-Паслугу“ ў Беларусі і „Госуслуги“ ў Расіі, каб гэтыя інфармацыйныя сістэмы маглі аператыўна абменьвацца дадзенымі для пацвярджэння іх дакладнасці. І тады можна, не выязджаючы з Беларусі, прайсці перарэгістрацыю на расійскіх „Госуслуги“», — пацешыў ён. І дадаў, што спадзяецца «вельмі хутка» закрыць праблему.
Читать на dev.by