Беларусы з Weappy Studio выпусцілі галівудскую стратэгію Hollywood Animal
Беларуская інды-студыя Weappy выпусціла гульню Hollywood Animal. Яна ўжо даступная ў раннім доступе ў Steam, у тым ліку на беларускай мове і з беларускамоўным інтэрфейсам.
Геймерам прапануецца ўзначаліць галівудскую кінастудыю на світанку гукавога кіно і прайсці з ёй шлях ад канца 1920-х гадоў праз «дзесяцігоддзі творчага ўздыму, глянцу, распусты, паламаных лёсаў і здзелак з сумленнем». Можна будзе ўдзельнічаць ва ўсіх этапах кінавытворчасці, закулісных гульнях, нечаканых саюзах і змаганні з канкурэнтамі з «маніякальнай увагай да дэталяў і бясконцай варыятыўнасцю».
На працягу гэтага месяца распрацоўшчыкі будуць уносіць у гульню дробныя выпраўленні і паляпшэнні на падставе водгукаў карыстальнікаў. У траўні чакаецца першае глабальнае абнаўленне, у якім з’явяцца квэсты, падзеі, розныя сюжэтныя элементы. На чэрвень запланавана другое буйное абнаўленне з вечарынамі, фокус-групамі і асабліва вялікімі кінатэатрамі, а ў ліпені распрацоўшчыкі дададуць два новыя варыянты вытворчасці фільмаў — «канвеер» і «сярэдняк». Яшчэ больш пашырыць гульню аўтары плануюць у другой палове года.
Weappy была заснавана ў 2015 годзе і базавалася ў Мінску, але пазней пераехала на Кіпр. Акрамя галівудскай стратэгіі, студыя вядомая такімі гульнямі, як This is the Police, Rebel Cops і The Eternal Life of Goldman.
Читать на dev.by