Беларусы запусцілі сэрвіс, які генеруе крутыя фота для LinkedIn або CV. Усяго-ткі з сэлфі

Здаецца, студыйныя фатографы цяпер таксама мусяць спаборнічаць з АІ. ІТ-кампанія Agente запусціла свой першы AI-прадукт — а менавіта прафесійны генератар прафесійных бізнэс-партрэтаў Headpix.

Пагутарылі з заснавальнікамі праекта — Андрэем Цярохіным і Алегам Рамейкам — пра ідэю, бізнэс-мадэль і тое, каму можа спатрэбіцца згенераванае бізнэс-фота. 

10 каментарыяў

Як усё пачалося: «Мы не змаглі прайсці паўз АІ-хвалю, якая накрывае ўсіх і ўсё»

Андрэй Цярохін, CEO/Co-founder Agente
— Headpix нарадзіўся як pet-праект. Мы не змаглі прайсці паўз АІ-хвалю, якая накрывае ўсіх і ўсё. Нам было цікава паспрабаваць папрацаваць з AI-мадэлямі, навучыцца іх навучаць, разгортваць спецыфічную інфраструктуру для працы з мадэлямі ды іншае. Мы сталі глядзець розныя юзкейсы, прыдатныя на рынку, і вырашылі спыніцца на эксперыментах з графічнымі дыфузійнымі AI-мадэлямі.

Якую праблему вырашае сэрвіс для стварэння бізнэс-хэдшотаў (Хэдшот — фотапартрэт вышэйшы за грудзі. — Заўв.)?

Дапусцім, у вас размеркаваная каманда, топ-менеджмент знаходзіцца ў офісах у розных пунктах свету. І каб усіх сабраць для фатаграфіі на вэб-сайт або для пітч-прэзентацыі, прыйдзецца заплаціць тысячы долараў за найманне фатографа, студыі і абсталявання. Плюс арганізацыя выдаткуе на гэты час. 

Мы падумалі, што гэта цікавы юзкейс, і, нягледзячы на тое, што ў нішы ўжо былі адзін-два падобныя праекты, вырашылі, што на гэтым рынку яшчэ ёсць месца. Мы таксама думаем, што досвед, які мы атрымалі пры распрацоўцы гэтага прадукту, і тэхналогія, якая ў нас ёсць, можа быць выкарыстаная ў іншых бізнэс-сферах — не толькі для бізнэс-партрэтаў.

Працу над Headpix пачалі ў жніўні, у якасці базавай AI-мадэлі выкарыстоўвалі Stable Diffusion.

Прычым, паводле слоў стваральнікаў сэрвісу, большую частку часу заняў працэс навучання штучнага інтэлекту, які быў ключавым для дасягнення жаданых вынікаў: «Гэта ўключала не толькі самое навучанне AI-мадэлі, але і актыўнае ўзаемадзеянне з ёй для аптымізацыі працэсаў. Акрамя таго, значныя намаганні былі накіраваныя на працу з інфраструктурай, якая падтрымлівае функцыянаванне і эфектыўнасць мадэлі».

Як працуе Headpix?

Тут усё проста. Заходзіце на сайт Headpix, пазначаеце, для каго генеруеце выяву — для сябе або каманды. Затым выбіраеце патрэбны вам план — за яго спаганяецца аднаразовая аплата.

На выбар ёсць некалькі пакетаў за $29/$39/$59. Яны адрозніваюцца вынікам: у стартавым пакеце вы атрымаеце 100 фота ў адным стылі, а ў прэміуме — ужо 300 з 15+ стылямі. 

Затым загружаеце не менш за 15 фатаграфій і атрымліваеце згенераваны вынік. Можаце выбраць, які бэкграўнд хочаце — нібыта вы ў офісе, у студыі або на знадворку.

— Мы вывучылі прапановы афлайн-фатографаў на рынку, які нас цікавіць — у ЗША.

І сярэднестатыстычны хэдшот у Нью-Ёрку каштуе прыкладна $300-400. Пры гэтым трэба ісці нагамі ў студыю, і па выніку ты атрымліваеш 20 здымкаў, — тлумачыць ідэю Андрэй Цярохін. — А наш офер — у 10 разоў таннейшы, плюс нікуды не трэба ісці. Ты можаш сядзець дома ў піжаме, проста загрузіць свае сэлфі і атрымаць партрэт у касцюме (у нас на выбар ёсць casual-стыль і бізнэс-стыль). 

Каб мадэль навучылася, трэба мінімум 15 фота чалавека на ўваход. Headpix не падобны да папулярных цяпер сэрвісаў, якія проста пераносяць твой твар з фатаграфіі ў нейкае асяроддзе. Не, нашая мадэль падладжваецца пад кожнага чалавека і рэндэрыць ягоны твар. То-бок замест простага пераносу адбываецца працэс генерацыі выявы.

Алег Рамейка, CTO / Co-founder Agente

— Пакуль што ў вас генеруюцца адзінкавыя партрэты. Ці не думалі над групавымі бізнэс-здымкамі? Або партрэтамі для асабістых мэтаў?

— Мы думалі над гэтым, але ў мадэлі пакуль што маюцца пэўныя праблемы з генерацыяй тулава. Умоўна, калі з прапорцыямі твару мы ўжо навучыліся дамагацца падабенства, то з тулавам гэта тая яшчэ задача. Магчыма, толькі калі рабіць нейкія паясныя групавыя партрэты.

— Яшчэ вялікая праблема, што мадэлі пакуль не ўмеюць добра генераваць фатаграфіі са множнымі суб’ектамі, — дадае Алег Рамейка, CTO/Co-founder Agente. — То-бок калі на выяве плануецца 20 чалавек, то мадэль мае разумець суб’ект кожнага з іх. Рашэннем дадзенай задачы бачыцца генерацыя кожнага чалавека асобна, і далейшая іх склейванне ў адзіную выяву.

Бізнэс-мадэль: і B2B, і B2C

Тыдзень таму ў праекта адбыўся софт-лонч, папярэдні запуск для вузкай аўдыторыі перад паўнавартасным рэлізам. На дадзены момант бізнэс-мадэль Headpix выглядае наступным чынам: гэта one-time payment для B2B і B2C. То-бок B2C — гэта звычайныя фізічныя асобы, якім трэба зрабіць бізнэс-фота для сваіх мэтаў (напрыклад, для рэзюмэ на LinkedIn). І B2B — гэта кампаніі, якім стартап можа стварыць бізнэс-партрэты — хутка, танна і ў адзіным стылі. 

— Пакуль мы атрымлівалі фідбэк больш ад «Friends and Family», майго айцішнага нэтварку, якому я паказаў прадукт, — каб адлавіць нейкія першасныя багі і недакладнасці, — расказвае Андрэй Цярохін. — Але літаральна на гэтым тыдні мы пачнём тэсціраваць платныя інструменты прыцягнення трафіку, каб вымераць канверсію нашага прадукту, зразумець, што варта палепшыць і г. д. 

Вядома, у далейшым мы хочам зрабіць наш прадукт прыбытковым. Як я і казаў раней, нашая ідэя — не адзін праект, а цэлая лінейка, якая стане працаваць на базе графічнага AI і вырашаць альбо B2C-шныя, альбо B2B-шныя задачы.

Напрыклад, цяпер я падтрымваю сувязь з прадстаўнікамі ІТ-кампаній, збіраю інфармацыю пра іх «унутраную кухню» і патрэбы, каб зразумець, як зручней убудаваць наш прадукт у іх працэсы, і каб усе ўдзельнікі атрымалі максімальную выгаду.

Хутчэй за ўсё, гэта прывядзе да таго, што мы адкрыем камерцыйнае API для зручнейшага ўзаемадзеяння з нашым сэрвісам.

— То-бок замест сапраўдных фота на сайтах кампаній будуць згенераваныя выявы, умоўна кажучы, сімулякры фота? Гучыць цікава, але трохі страшнавата.

— Ёсць такое адчуванне. Але, здаецца, усё, што цяпер адбываецца ў галіне AI, выглядае менавіта так. Я чуў, што, магчыма, вытворцаў АІ-кантэнту абавяжуць рабіць маркіроўку накшталт «AI-generated». 

— Ці можа такі сэрвіс «забіць» прафесію студыйнага фатографа?

— Безумоўна, гэта можа паўплываць на дадзены рынак. Гэтак жа сама, як уся гэтая AI-рэвалюцыя можа змяніць мноства прафесій. Але тут — або ты ўсвядоміш гэта раней і пачнеш адаптавацца, або будзеш чакаць, пакуль гэта адбудзецца. 

Перакласці на нас адказнасць, што мы заб’ем велізарную галіну фатаграфіі, напэўна, неразважліва. Магчыма, мы пачнём узаемадзейнічаць з фатографамі. У нас была ідэя — запартнёрыцца са студыямі, каб у чалавека быў выбар: зрабіць сапраўднае фота або звярнуцца да нас як да партнёрскага сэрвісу, за суму ў 10 разоў меншую за паслугі чалавека (а мы будзем плаціць за гэта фатографу нейкі працэнт).

Але пакуль што мы не ідзем у гэты бок, бо, напэўна, сутыкнемся з вялікім неразуменнем з боку фатографаў. Але, безумоўна, мы змагаемся за той жа рынак і за тую ж аўдыторыю, што і яны.

Пакуль што Headpix існуе за сродкі сваіх стваральнікаў, што тыя прыцягваюць са свайго асноўнага бізнэсу. Але прыкладна ў студзені-лютым стане зразумела, цм даходная гэта ідэя, і бізнэсоўцы зоймуцца яе далейшым развіццём, прыцягненнем сродкаў і зборам каманды.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.


Читать на dev.by