«Белтэлекам» купіць сродкі сачэння за сайтамі за $1,1 млн?
Сёння быў апублікаваны ўказ пра новыя паўнамоцтвы спецслужбаў сачыць за карыстальнікамі правайдараў і вэб-сайтаў у рамках «аператыўна-вышуковай дзейнасці».
Аказваецца, «Белтэлекам» ужо з 11 кастрычніка спрабуе закупіць тэхніку — верагодна, менавіта для гэтых мэтаў.
18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць».
Улады збіраюцца стварыць інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі — «сістэму тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ)».
Яе распрацоўкай зоймецца «Цэнтр лічбавага развіцця», а ўладальнікам і аператарам будзе «БелДІЭ».
ААЦ і КДБ будуць складаць спісы «пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі» і ўладальнікаў сайтаў, якія маюць далучыцца да сістэмы «на бязвыплатнай аснове». Яны маюць рэгістравацца ў інфармацыйнай сістэме на працягу месяца, а на працягу трох месяцаў — даць ААЦ і КДБ:
«кругласутачны аддалены доступ да баз даных, аўтаматызаваных сістэм, якія змяшчаюць інфармацыю пра карыстальнікаў, аказаныя гэтым карыстальнікам паслугі электрасувязі, інтэрнэт-паслугі, а таксама паслугі, якія аказаныя з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсу і якія не з’яўляюцца паслугамі электрасувязі, інтэрнэт-паслугамі».
Калі правайдары і ўладальнікі сайтаў не змогуць падключыцца да САВМ, іх могуць заблакаваць паводле пастановы ААЦ і КДБ.
Чытачы dev.by звярнулі ўвагу на інфармацыю пра дзяржзакупкі, размешчаную на сайце «Белтэлекама».
Аператар сувязі плануе закупіць 32 «прылады сістэмы тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў». Арыенціровачны кошт — $1 170 000.
Пра абавязкі аператараў сувязі ўсталёўваць за свой кошт такую сістэму на патрабаванне сілавых органаў вядзецца ў нядаўнім указе.
З указа № 368:
10. Пры прыняцці ААЦ ці КДБ рашэння пра неабходнасць укаранення САВМ на дзейнай сетцы электрасувязі пра гэта паведамляюць Мінсувязі і аператару электрасувязі. У месячны тэрмін з дня атрымання паведамлення ААЦ або КДБ пра неабходнасць укаранення САВМ на дзейнай сетцы электрасувязі аператар электрасувязі распрацоўвае план, у якім акрамя іншых умоў маюць быць вызначаныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю САВМ. План узгадняецца з ААЦ, КДБ, Мінсувязі ўстанаўліваецца аператарам электрасувязі.
11. Аператар электрасувязі ў адпаведнасці з планам за кошт уласных сродкаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, ажыццяўляе набыццё, усталяванне, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт САВМ, іншага абсталявання, якое выкарыстоўваецца для забеспячэння ўзаемадзеяння з упаўнаважанымі органамі, упаўнаважанымі падраздзяленнямі і доступу гэтых органаў (падраздзяленняў) да баз даных, аўтаматызаваных сістэм аператараў электрасувязі, за выключэннем аддаленых пунктаў кіравання САВМ <…>.
12. Міністэрства ўнутраных спраў (далей — МУС) мае права накіроўваць аператару электрасувязі пісьмовае паведамленне аб неабходнасці размяшчэння і падключэння на аб’ектах электрасувязі абсталявання і праграмна-тэхнічных сродкаў, якія належаць МУС, для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, а таксама арганізацыі каналаў сувязі з гэтым абсталяваннем і праграмна-тэхнічнымі сродкамі. Размяшчэнне і падлучэнне такога абсталявання і праграмна-тэхнічных сродкаў, а таксама арганізацыя каналаў сувязі з гэтым абсталяваннем і праграмна-тэхнічнымі сродкамі ажыццяўляюцца аператарам электрасувязі за кошт уласных сродкаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам. Пры наяўнасці на сетцы электрасувязі САВМ пісьмовае апавяшчэнне МУС мае быць узгодненым з ААЦ і КДБ.
Тэрмін пастаўкі — да 30 красавіка 2023 года.
Цікава, што тэхнічнай дакументацыі да закупкі не прыкладаецца, таму атрымаць падрабязную інфармацыю пра гэтыя 32 прылады немагчыма. Напісана, што конкурсныя дакументы ўдзельнікам выдадуць у офісе «Белтэлекама» на падставе заяўкі, накіраванай на электронную пошту.
На дзяржаўнай электроннай гандлёвай пляцоўцы — goszakupki.by — такога конкурсу няма.
Читать на dev.by