Безас купіў акцыі Amazon упершыню за 20 гадоў. Але толькі адную
Заснавальнік Amazon і адзін з найбагацейшых людзей у свеце Джэф Безас два тыдні таму набыў цэлую акцыю свайго стварэння. Сума куплі склала $114,77, піша Bloomberg.
Прадпрымальнік купіў акцыі Amazon упершыню ад 2002 года. Пра ўгоду, якая адбылася 25 мая, ён паведаміў у дакументах, пададзеных у Камісію па каштоўных паперах і біржах ЗША.
За гэты ж перыяд Безас скінуў акцыі Amazon прыкладна на $30 млрд. Гэтыя сродкі ён укладваў у іншыя свае праекты, напрыклад, касмічную кампанію Blue Origin, і забавы, напрыклад, яхту за $500 млн.
Amazon выйшла на біржу ў 1997 годзе. Ад таго часу Безас больш не атрымліваў яе акцый — толькі невялікі заробак. Цяпер яму належыць каля 10% рытэйлера. У спісе мільярдэраў Bloomberg бізнэсовец займае 3 месца — ягонае багацце ацэньваецца ў $148 млрд.
Акрамя гэтага, Безас ахвяраваў крыху больш за 69 тысяч акцый на суму каля $8 млн некамерцыйнай арганізацыі.
Купля акцыі зрабіла Безаса багацейшым на $10 у выніку невялікага росту каціровак тэхнагіганта і вельмі збянтэжыла аналітыкаў і гульцоў рынку, якія не ведаюць, як гэта разумець. У інтэрнэце распаўсюджваюцца розныя версіі. Адныя думаюць, што Безасу быў патрэбны фізічны сертыфікат, каб падарыць, другія жартуюць, што ён памылкова націснуў не тую кнопку ў сваім брокерскім рахунку. Трэція лічаць, што Безас проста такі ж троль, як Ілан Маск.
Пра куплю было абвешчана наступнага дня роўна ў 4:20 папаўдні паводле нью-ёркскага часу. Кіраўнік Tesla і SpaceX таксама часта выкарыстоўвае лікі 420 і 69 у сваіх твітаў і транзакцыях. Напрыклад, першапачаткова ён хацеў купіць Twitter за $42 млрд, а не $44 млрд, а ў 2018-м збіраўся выкупіць Tesla па $420 за акцыю.
Amazon і прадстаўнікі Безаса адмовіліся ад каментароў.
Читать на dev.by