БДУ ўвайшоў у эліту ўніверсітэтаў... краін БРІКС
БДУ займае 36 пазіцыю ў абноўленым рэйтынгу ўніверсітэтаў БРІКС (у які Беларусь не ўваходзіць). Навіну паведаміла БелТА са спасылкай на ВНУ.
Рэйтынг запусцілі ў 2024 годзе, каб аб’ектыўна ранжыраваць ВНУ па трох напрамках: адукацыйным, навуковым і грамадскім. У гэтым годзе ў яго ўключылі 9 краін са статусам «партнёраў» аб’яднання: Беларусь, Балівію, Казахстан, Кубу, Малайзію, Нігерыю, Тайланд, Уганду і Узбекістан. Усяго зараз было разгледжана 750 універсітэтаў з 20 краін.
Аўтары правяралі 17 метрык універсітэтаў за 2020–2024 гады. Сярод асноўных — удзел студэнтаў у міжнародных алімпіядах, доля замежных студэнтаў, сумесныя навуковыя публікацыі з партнёрамі БРІКС, глабальная і нацыянальная цытаванасць, інфармацыйная адкрытасць, папулярнасць сайта, колькасць падпісчыкаў у сацсетках і іншае.
БДУ паказаў высокія вынікі ў галіне інтэрнацыяналізацыі навучання і па колькасці перамог студэнтаў у міжнародных алімпіядах. За справаздачны перыяд студэнты БДУ пастаянна з’яўляліся фіналістамі Чэмпіянату свету па праграмаванні (ICPC) сярод студэнтаў і Міжнароднай матэматычнай алімпіяды (IMC). Таксама БДУ у лідарах па навучанні замежнікаў сярод беларускіх ВНУ.
Гэта другая рэдакцыя рэйтынгу. Тройку лідэраў склалі Пекінскі ўніверсітэт, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт. Акрамя БДУ ў яго ўключана 16 ВНУ Беларусі. БДУІР увайшоў у групу 301-350, БНТУ — у групу 451-500.
У БДУ нагадалі, што ён прадстаўлены ў 10 глабальных рэйтынгах універсітэтаў, уключаючы QS — там ён пад нумарам 447.
Читать на dev.by