БДУІР зноў змяніў дэкана ФКСіС — трэці раз за чатыры гады
Новым дэканам ФКСіС у БДУІР стаў Мікалай Ульянаў. Такая інфармацыя з’явілася на сайце ўніверсітэта.
Таксама аб змене дэкана dev.by расказаў адзін са студэнтаў БДУІР. Паводле яго слоў, Мікалай Ульянаў «прыступіў да працы на пасадзе дэкана 16 верасня». Ранейшым дэканам ФКСіС быў Сяргей Несцярэнкаў, які працаваў на гэтай пасадзе ад лютага 2022 года.
Паводле інфармацыі dev.by, новы дэкан ФКСіС Мікалай Ульянаў дагэтуль не быў звязаны з БДУІР. Раней ён працаваў на пасадзе дэкана механічнага факультэта Магілёўскага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій.
За апошнія 4 гады БДУІР ужо трэці раз мяняе дэкана ФКСіС.
Восенню 2020 года з універсітэта звольнілася дэканка ФКСіС Марына Лукашэвіч. Яна адмовілася падпісваць загад аб адлічэнні студэнтаў свайго факультэта і напісала заяву з уласнага жадання.
Пасля сыходу Лукашэвіч новай дэканкай ФКСіС была прызначаная Наталля Баброва. Але на пачатку 2022 года з ёй не працягнулі кантракта.
У прэс-службе БДУІР тады паведамілі, што Наталля Баброва «перастала займаць пасаду дэканкі ФКСіС у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракта і пенсійным узростам, аднак застаецца працаваць ва ўніверсітэце».
У лютым 2022 года дэканам ФКСіС стаў кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Сяргей Несцярэнка. Да гэтага ён працаваў на кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій ФКСіС і чытаў курсы па кіраванні праектамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Цяпер змянілі і Несцярэнкава.
Читать на dev.by