Біл Гейтс назваў 5 сваіх улюбёных кніг за ўвесь час

Штогод сузаснавальнік Microsoft публікуе спіс з 5 самых карысных і цікавых кніг, якія ён прачытаў за апошнія 12 месяцаў і раіць прачытаць іншым на зімовых вакацыях. Гэтым разам прадпрымальнік вырашыў не абмяжоўвацца часавымі рамкамі. Гэта далёка не ўсе ўпадабаныя ім кнігі, але якраз іх ён часцей за ўсё рэкамендуе сваім родным і сябрам.

Пакінуць каментарый

Чужынец у чужой краіне — Роберт Хайнлайн

«Найлепшае пасвячэнне ў дарослую фантастыку»

Гейтс адзначае, што ён і Пол Ален закахаліся ў Хайнлайна яшчэ ў дзяцінстве, а гэтая кніга застаецца адным з яго ўлюбёных навукова-фантастычных раманаў. Галоўны герой быў выхаваны на Марсе, а будучы дарослым вярнуўся на Зямлю і стаў заснавальнікам новай рэлігіі. Паводле слоў Гейтса, у кнізе шмат пацешных момантаў, але яе канцоўка неадназначная і дае нагоду для разважанняў.

Капітуляцыя — Бона (франтмен U2)

«Найлепшыя мемуары рок-зоркі»

Гэтая кніга — самая свежая ў спісе Гейтса: яна выйшла толькі ў лістападзе. Гейтс лічыць, што яна прынясе задавальненне нават тым, хто не з’яўляецца прыхільнікам творчасці знакамітага ірландца. Гісторыя хлопчыка з Дубліна, які стаў музыкам і філантропам з сусветным імем. Мільярдэр лічыць Бона сваім сябрам, але прызнаецца, што многія з расказаных у кнізе гісторый пачуў упершыню.

Каманда супернікаў — Дорыс Кернс Гудвін

«Найлепшы падручнік па кіраванні краінай»

На думку Гейтса, гэта адная з найлепшых кніг пра Аўраама Лінкальна, а яе аўтарка — адная з найлепшых біёграфак ЗША. Цяпер — на тле бурных пратэстаў, абвастрэння расавай праблемы і ідэалагічных рознагалоссяў — яна здаецца бізнэсоўцу як ніколі актуальнай.

Тэніс. Псіхалогія паспяховай гульні — Цімаці Голві

«Найлепшае настаўленне аб тым, як стаць лепшай версіяй сябе»

Кніга была апублікаваная ў далёкім 1974-м. Яна абавязковая для чытання ўсім тэнісістам, але для агульнага развіцця будзе карысная любому. Голві сцвярджае, што стан нашага розуму не менш — калі не больш — важны за фізічную форму. Аўтар дае неацэнныя парады, як вучыцца на памылках і рухацца наперад.

Сон Мендзялеева — Пол Стратэрн

«Лепшая кніга аб перыядычнай табліцы»

Гісторыя хіміі поўная дзівакаватых асоб накшталт расійскага навукоўца Змітра Мендзялеева, які ўбачыў табліцу хімічных элементаў, што праславіла яго, у сне, піша Гейтс. Стратэрн у сваёй кнізе занураецца ў яе глыбіні аж да Старажытнай Грэцыі, расказвае пра развіццё гэтай навукі і пра невычэрпную дапытлівасць чалавека.


Читать на dev.by