Больш за траціну еўрапейскіх кампаній укараніла АІ
Станам на 2023 год штучны інтэлект быў укаранёны ў 38% кампаній ЕС. Такія даныя прыводзіць Reuters са спасылкай на даклад, выкананы кансалтынгавай кампаніяй Strand Partners на замову Amazon Web Services.
У 2021 годзе Еўракамісія паказала праграму «Лічбавага дзесяцігоддзя 2030», арыентаваную на лічбавую трансфармацыю рэгіёна. Планавалася, што да гэтага года 80% насельніцтва будзе валодаць базавымі лічбавымі навыкамі, пакрыццё 5G будзе паўсюдным, а 75% кампаній будуць карыстацца воблачнымі паслугамі.
Аднак у 2022 годзе АІ карысталася толькі чвэрць еўрапейскіх кампаній. У аналагічным леташнім дакладзе гаварылася, што ЕС рызыкуе адстаць ад тэрмінаў рэалізацыі ініцыятывы на дзесяць гадоў, калі ўлады не зоймуцца развіццём у людзей адпаведных навыкаў.
Аднак у AWS распавялі Reuters, што 2023 год стаў пераломным, а ўсеагульная даступнасць генератыўнага АІ падагравае цікавасць да эксперыментаў сярод звычайных і карпаратыўных карыстальнікаў. «Паскоранае распаўсюджванне АІ летась дапамагло Еўропе вярнуцца да тэмпаў, якія забяспечваюць дасягненне мэтаў „Лічбавага дзесяцігоддзя“», — дадалі там.
У апытанні Strand Partners брала ўдзел больш за 16 тысяч грамадзян і 14 тысяч кампаній. Паводле ацэнкі аўтараў даклада, да 2030 года станоўчы эфект ад АІ для эканомікі ЕС складзе €3,4 трлн.
Читать на dev.by