Апакаліпсіс на межах з ЕС. Дзе (не) чакаюць суперзаторы даўжынёй у тыдзень
У пункце пропуску «Брэст» — амаль 4,5 тысячы легкавушак. Паглядзелі статыстыку ДПК, пагарталі чаты.
На мяжы з ЕС за выходныя ўтварыўся новы суперзатор, які, здаецца, б’е ўсе папярэднія (анты)рэкорды.
Польшча
Ноччу 18 жніўня на выезд з КПП «Брэст», паводле дадзеных ДПК, у чарзе чакалі больш за 4,5 тысячы легкавых аўтамабіляў і 110 аўтобусаў, да паўдня сітуацыя не палепшылася.
У чатах беларусы пішуць пра больш чым тыднёвае чаканне ў электроннай чарзе (гэта значыць пасля рэгістрацыі чакаць можна дома).
«Сталі ў зону чакання 10 жніўня ў 20.2* пад нумарам 259*. Выклікалі 18 жніўня ў 4 раніцы. Нашых праходзілі да 9.30, прыехалі на мост, ён пусты, праляцелі яго за пяць хвілін, палякаў праходзілі з 9.35 да 10.55. Час беларускі. Усім поспехаў!», — пішуць у чаце.
З-за доўгіх (больш за двое сутак) прастояў па дарозе ў Польшчу затрымліваецца зваротны выезд. Так, паведамляюць пра 24-гадзінную затрымку рэйсаў Варшава-Мінск.
Вось, напрыклад, свежая справаздача з чата аб паўтары сутках на мяжы Брэст-Тэрэспаль:
«РБ-РП (без падсадак)16 жніўня 23.15 — сталі на кольцы. Суткі тусілі на пад’ездзе да ЗЧ
17 жніўня 23.20 — заезд у ЗО.
18 жніўня 03.25 — пашпартны РБ.
Доўга чакалі ўезду на мост.
07.20 — ЗО у палякаў.
09.30 — пашпартны кантроль, сумкі на сканер.
10.40 — адпраўленне ў Варшаву.
Каму не лянота, падлічыце, нібыта каля 36 гадзін заняло праходжанне мяжы».
Пры гэтым пішуць, што ў бок Беларусі аўтобусных чэргаў няма.
ДПК прапануе графікі на аснове дадзеных за апошнія чатыры тыдні, па іх выходзіць, што з пропускам легкавушак горш за ўсё сітуацыя па нядзелях, крыху лепш — па аўторках.
А вось з аўтобусамі наадварот: пік прыпадае на аўторак.
Жнівень традыцыйна напружаны месяц на мяжы, раней апакаліпсіс у сезон адпачынкаў быў менш апакаліптычным. Для параўнання: роўна год таму на выезд з РБ у Брэсце чакалі 550 легкавых аўта і 70 аўтобусаў.
Літва
Чэргі на выезд у бок Літвы прадказальна ў 40 разоў меншыя. Па стане на поўдзень 18 жніўня — крыху больш за 100 легкавых аўто і нуль аўтобусаў.
Тым не менш і ў Каменным Логу чаканне для машын складае больш за паўсутак. Вось свежая справаздача з чата пра праходжанне на аўто мяжы Каменны Лог — Мядзінінкай: «Беларусь-Літва 17 жніўня ў 23:50 прыехалі ў ЗО, у 8-15 выклікалі, у 12:37 выехалі ад літоўскіх. Літоўскія былі мілыя, не шманалі, паспачувалі начоўцы з дзецьмі ў машыне. Вынік — каля 13 гадзін».
У першыя дні жніўня ДПК фіксаваў у КПП «Каменны Лог» скапленне да 17 аўтобусаў, потым іх колькасць абнулілася, але гэта адбылося яшчэ за тыдзень да скарачэння колькасці аўтобусных рэйсаў паміж Літвой і Беларуссю, так што пра прамую прычынна-выніковую сувязь тут казаць нельга.
Мяркуючы па паведамленнях у чатах, у гэтыя дні аўтобусы праходзяць мяжу без вялікіх праблем.
Вось сведчанні ад сёння:
«Мінсктранс. 7.30 з Мінска. 7.40 — выехалі з аўтавакзала. 9.40 — выехалі з Ашмян. Аўтобусаў перад намі не было. 11.00 — выехалі з мытні РБ. 11.45 выязджаем з літоўскай мытні. 12.15 аэрапорт. Абедзве мытні за 1 гадзіну 45 хвілін. Усім шчаслівай дарогі!»
«Мінск-Вільня. Байертранс 18 жніўня:
04:01 — выехалі з Мінска
05:40 — прыехалі на мяжу
06:40 — запусцілі
08:00 — нейтралка
08:15 — кантроль у літоўцаў (працавала 3 акенцы)
09:05 — выехалі ў Вільню».
У той жа час ёсць сведчанні пра амаль пяцігадзіннае чаканне на мяжы аўтобуса Вільня-Мінск: «Ехалі 17.08.25 у 3:02 з аэрапорта Вільня-Мінск, на мяжы былі пятымі па чарзе. Час праходжання мяжы — крыху менш за 5 гадзін».
Wanted. Калі вы засталіся ў гэтыя дні на мяжы і перажылі з-за гэтага нешта экстраардынарнае/спазніліся куды-небудзь/whatever, апішыце ў пары абзацаў свой кейс: 1. на якой мяжы 2. калі 3. што менавіта адбывалася.
Пішыце нам у бот, гэта ананімна.
Читать на dev.by