Брытанскі банк аштрафавалі на буйную суму за няўдалы пераход на новую ІТ-сістэму
Брытанскія рэгулятары пакаралі TSB — камерцыйны банк са штаб-кватэрай у шатландскім Эдынбургу — на £49 млн за правальную міграцыю на новую банкаўскую платформу, у выніку чаго была сур’ёзна парушаная яго праца, а карыстальнікі тыднямі не маглі атрымаць доступ да сваіх асабістых кабінетаў.
Праблемы пачаліся ў красавіку 2018-га пры пераносе даных. Яны закранулі ўсе сэрвісы TSB — працу аддзяленняў, тэлефоннай лініі і анлайн-банкінгу. Цалкам выправіць сітуацыю ўдалося толькі праз 8 месяцаў.
TSB налічваў 5,2 млн кліентаў, збой закрануў большасць з іх. Пацярпелым у якасці кампенсацыі ўжо выплацілі £32,7 млн. Кіраўнік банка Пол Пестэр пасля інцыдэнту падаў у адстаўку.
Праблема ўзнікла пры пераносе 1,3 млрд кліенцкіх запісаў са старой сістэмы, якой апераваў Lloyds — ранейшы ўладальнік TSB, у сістэму яго новага іспанскага ўладальніка Sabadell. Адзначаецца, што даныя перанеслі паспяхова, і ўжо потым дала неспадзяваны збой платформа. Праз гэта адных карыстальнікаў выкінула з акаўнтаў, а іншыя змаглі праглядаць чужыя канфідэнцыйныя даныя.
Хтосьці проста ў гэты час аплачваў куплю новага дома — і з рэчамі на парозе не мог засяліцца, пакуль грошы былі заблакаваныя. Іншая пара пазбавілася доступу да зберажэнняў проста напярэдадні вяселля і не магла заплаціць арганізатарам. Нязручнасці адчувалі і карпаратыўныя кліенты банка.
TSB абвінавацілі ў тым, што міграцыя была кепска спланаваная і рэалізаваная, а таксама не былі прадуманыя магчымыя рызыкі. Банк атрымаў два штрафы на агульную суму £48,65 млн.
У лютым 2019 года кіраўніцтва банка паведамляла, што няўдалы апгрэйд каштаваў яму £330 млн — і 80 тысяч страчаных кліентаў.
Читать на dev.by