У БДУІР упаў конкурс на бюджэт. Ахвотных на чвэрць менш, чым год таму
БДУІР закрыў прыём дакументаў ад абітурыентаў на дзённую бюджэтную форму навучання. Колькасць пададзеных заяў скарацілася ў параўнанні з мінулым годам амаль на 25%, упаў і агульны конкурс. На двух факультэтах недабор.
Папулярныя/непапулярныя факультэты
БДУІР у гэтым годзе мінімальна парэзаў бюджэтныя месцы. Калі летась план прыёму склаў 1123 чалавекі, то сёлета 1103 (з улікам 26 мэтавікоў). Аднак ахвотных вучыцца ва ўніверсітэце аказалася менш, чым год таму. Абітурыенты падалі 1460 заяў супраць 1909 у 2021 годзе.
Самым папулярным застаўся факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Абітурыенты падалі амаль 500 заяў — на 20% менш, чым год таму (614).
На іншых факультэтах статыстыка яшчэ горшая. Самы вялікі «недабор» заяў на факультэце радыётэхнікі і электронікі. Калі летась дакументы сюды падалі 127 абітурыентаў, то сёлета 83 (мінус 35%).
Конкурс
Летась агульны конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання ў БДУІР склаў 1,7 чалавека на месца. Сёлета конкурс упаў да 1,36 чалавека на месца
Самы вялікі конкурс, як і летась, аказаўся на ФКСіС — 2,33 чалавека на месца. Ды летась конкурс сюды быў вышэйшы — 2,7 чалавека на месца.
Конкурс на іншых факультэтах таксама ўпаў, прычым на двух з іх (факультэце інфакамунікацый і факультэце радыётэхнікі і электронікі) недабор.
Так, на факультэце інфакамунікацый на 167 бюджэтных месцаў было пададзена толькі 138 заяў. Конкурс 0,83 чалавека на месца.
На факультэце радыётэхнікі і электронікі конкурс яшчэ меншы — 0,46 чалавека на месца. Абітурыенты падалі ўсяго 83 заявы на 180 выдзеленых бюджэтных месцаў.
Цікава, што менавіта для гэтага факультэта сёлета выдзелена больш за ўсё дадатковых бюджэтных месцаў для мэтавікоў — 15 з 26. Усе 15 заявак паступілі ад «Інтэграла».
Папулярныя і непапулярныя спецыяльнасці
Больш за ўсё заяў (268) было пададзена ад ахвотных навучацца спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Але ў параўнанні з мінулым годам колькасць заявак скарацілася на 20%, а агульны конкурс знізіўся з 5,5 (у 2021) да 5 чалавек на месца
Самы вялікі конкурс, як і летась, — сярод ахвотных навучацца спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)». На 15 бюджэтных месцаў абітурыенты падалі 88 заяў — на 42% менш, чым летась. Конкурс складае амаль 6 чалавек на месца. Летась ён быў вышэйшы — 10 чалавек на месца.
Таксама ў ліку папулярных спецыяльнасцей «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (133 заявы на 65 месцаў), «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі» (123 заявы на 60 месцаў), «Электронны маркетынг» (40 заяў на 15 месцаў), «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнэс менеджменце)» (49 заяў на 15 месцаў).
Самая непапулярная спецыяльнасць у БДУІР, як і апошнія два гады — «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы». На 19 выдзеленых месцаў было пададзена ўсяго 3 заявы.
У ліку самых непапулярных спецыяльнасцей таксама «Электронныя і інфармацыйна-кіравальныя сістэмы фізічных установак» (5 заяў на 20 месцаў), «Радыётэхніка (праграмаваныя радыёэлектронныя сродкі) (6 заяў на 25 месцаў), «Радыёэлектронныя сістэмы» (7 заяў на 25 месцаў).
Читать на dev.by