«Не бачыў перспектыў». Беларус пераехаў у Польшчу пасля двух гадоў жыцця ў Чарнагорыі
Як выбіраў краіну для рэлакацыі?
— Першапачаткова мы планавалі пераезд у Літву або Польшчу, і я спрабаваў уладкавацца на іншую працу, каб была дапамога з пераездам.
У Польшчу мяне перавозіць не захацелі, але прапанавалі ў Літву. Я пагадзіўся, аднак усё сарвалася праз неабходнасць аперацыі для сына.
Праз некалькі месяцаў я зноў напісаў у тую ж кампанію, але ўжо і Літвы не прапаноўвалі. Толькі Балгарыю, Сербію, Чарнагорыю. А мы якраз 23 лютага абмяркоўвалі з жонкай, што добра было б паехаць у адпачынак у Чарнагорыю. Вось мы і выбралі яе.
Ну, а так як сыну было патрэбнае свежае паветра, пажадана марское, то выбралі Будву як умоўную сталіцу турызму Чарнагорыі. Падгорыцу таксама разглядалі, але мора адыграла ключавую ролю. У выніку пераехалі мы туды на пачатку верасня 2022 года.
Як выявілася, не пралічыліся з выбарам горада. Транспарт у Чарнагорыі слаба развіты, а Будва вельмі кампактны гарадок (за 20 хвілін можна дайсці ў любы канец).
У Польшчу пераехалі ў чэрвені гэтага года, бо сыну пара было ісці ў школу, а ў Чарнагорыі са школ былі толькі неафіцыйныя рускія або афіцыйныя чарнагорскія.
У чарнагорскую школу аддаваць дзіця зусім не хацелася праз вялікую колькасць гісторый пра напад сабак на дзяцей у часе школы і навін аб тым, як чарнагорскія школьнікі «разбіраюцца» паміж сабой. Была нават навіна, што выпускнікі падпалілі дах школы (выпадкова — заўв.).
Спачатку сын хадзіў у чарнагорскі садок, які быў проста ў двары. Але мы вырашылі яго адтуль забраць, бо за дзецьмі там не глядзелі наогул. Напрыклад, у пахмурнае ветранае надвор’е ўзімку дзеці выходзілі на шпацыр у незашпіленых куртках (так, зімой там градусаў 15 цяпла, але вецер і волкасць усё ж ёсць). У садку не было нават рукамыйніц, дзеці мылі рукі ў агульным тазіку.
У выніку мы перайшлі ў прыватны садок. Гэта быў неафіцыйны дзіцячы клуб. То-бок вучэбная праграма там была не чарнагорская, а якую яны самі прыдумалі. Атрымліваецца, пасля гэтага садка маглі і не ўзяць у чарнагорскую школу.
Плацілі мы за яго €250 на месяц па абанеменце, які дазваляў наведваць сад 5 гадзін на дзень. Былі і іншыя тарыфы, напрыклад, €450 за 8 гадзін на дзень.
Выдаткі на жыллё і ежу
— За кватэру ў Чарнагорыі мы плацілі €500. З цаной вельмі пашанцавала, бо літаральна праз пару месяцаў пасля нашага прыезду цэны ўзляцелі.
Ну і на адзенне перыядычна трэба было траціцца. Хоць выбару адзення там вельмі мала, ратавала, што можна было заказаць дастаўку адзення з падгорыцкай Zara. Гэта, вядома, нязручна, без прымеркі, але дзявацца было няма куды.
Іншыя выдаткі:
- €30 за інтэрнэт;
- €10 за адзін тэлефон з інтэрнэтам;
- за камуналку летам каля €70, зімой каля €160.
Выбар прадуктаў даволі невялікі. Вельмі дарагая малачка (€4 за пачак масла, €2 за пачак малака).
У Будве ёсць адзін супермаркет HDL, адзін ГЦ і шмат драбнейшых крам. То-бок пайсці ў любую краму можна, але асартымент там будзе практычна аднолькавы.
Ёсць рынак, дзе прадаюць садавіну, гародніну, але яны там даражэйшыя і могуць падмануць з вагой.
Розніца ў цэнах паміж Чарнагорыяй і Польшчай
— На першы погляд адрозненні ў цэнніках не вельмі вялікія (хоць і так відаць, што ў Польшчы трохі танней). Але вось заходзіш у «Бядронку» — адная акцыя, другая акцыя. І выносіш паўкрамы, аддаўшы €50. У Чарнагорыі за €50 ты хіба што на пару дзён прадуктаў купіш.
Я вёў статыстыку выдаткаў у праграме Monefy, і магу сказаць, што ў сярэднім на сям’ю з адным дзіцем сыходзіць прыкладна €1000 на ежу і яшчэ €1000 на ўсё астатняе ў Чарнагорыі. У Польшчы ж на ежу можна траціць 2000 злотых ($500+) на месяц, не эканомячы.
Аднак, калі харчавацца дастаўкамі або ў кавярнях, то цэны прыкладна аднолькавыя. Арэнда кватэр у Чарнагорыі так, таннейшая, але ніжэй за €600 на месяц цяпер не знайсці.
Плюсы жыцця ў Чарнагорыі
— З плюсаў адназначна надвор’е. Вельмі прыгожая прырода. Калі ў Падгорыцы можна ўбачыць горы, якія недалёка ад горада, то ў Будве горы проста атачаюць горад, што вельмі прыгожа.
Вельмі шмат кавярняў, у тым ліку на вузкіх вулачках старога горада. Улетку ёсць шмат забавак, так як турыстаў прыязджае велізарная колькасць. Узімку асаблівую асалоду выклікае назіранне за бурлівым морам, а часам, калі пашанцуе, то і за невялікімі снежнымі шапкамі гор.
У верасні і часам у кастрычніку там усе ходзяць у майках/шортах і плаваюць, тэмпература вады 25 градусаў. Праз мяккія зімы адзення трэба менш.
Таксама ў Чарнагорыю часта прыязджалі розныя комікі, спікеры. Увогуле, актыўнасць знайсці можна, але практычна ўся яна арганізоўваецца прыезджымі рускімі і ўкраінцамі, мясцовыя ж вельмі пасіўныя ў гэтым плане.
Ці варта сюды рэлакавацца?
— Чарнагорыя зусім не падыходзіць для пераезду на доўгі тэрмін. Boravak (аналаг ДНЖ) выдаецца толькі на год з магчымасцю падоўжыць яшчэ на год па заканчэнні тэрміну. Юрыдычна магчыма яшчэ адное падаўжэнне, але яго заўсёды адхіляюць (прынамсі, з таго, што расказвалі дапамагатары). А атрымаць ПМЖ рэальна, толькі калі ажэнішся з чарнагоркай або выйдзеш замуж за чарнагорца.
Весці свой бізнэс у Чарнагорыі, напэўна, прыбыткова, але зноў жа, замежным прадпрымальнікам не асабліва радыя.
Напрыклад, у нас у офісе вельмі любілі адную дастаўку за адзіныя нармальныя бургеры і піцу. Але гэтую дастаўку закрывалі разы два-тры праз пастаянныя праверкі, і пасля кожнага такога перапынку ў працы павышаліся цэны і станавіўся меншы асартымент.
У выніку перспектыў у Чарнагорыі ніякіх я не бачу. Працаваць толькі два гады, а потым зноўку праходзіць пекла MUP-аў (мясцовае МУС). Пастаянныя чэргі, цісканіна; каб атрымаць прахадны нумарок, трэба, а шостай раніцы прыходзіць, займаць чаргу і чакаць адкрыцця да васьмі.
Для нас Чарнагорыя стала месцам, дзе мы змаглі прыйсці да цяму, супакоіцца пасля бурных жыццёвых падзей, але заставацца там не было сэнсу. У Польшчы ж хацелася б з часам узяць іпатэку, асесці, так бы мовіць.
Читать на dev.by