Чарнагорыя збіраецца ўвесці візы для беларусаў
Чарнагорыя найбліжэйшым часам можа ўвесці візы для грамадзян Беларусі і Расіі. Гэта звязана з выкананнем патрабаванняў, якія дзейнічаюць у Шэнгенскай зоне. Пра гэта паведамляе выданне Dan са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны.
Чарнагорыя з’яўляецца афіцыйным кандыдатам на ўступленне ў ЕС. У сувязі з гэтым, паводле даных выдання, ёй неабходна правесці рэформы ў сферы візавай палітыкі, уключаючы выкананне правілаў, якія дзейнічаюць у Шэнгенскай зоне.
У прыватнасці, ЕС патрабуе ад кандыдатаў на ўступленне ўвесці візавы рэжым у дачыненні да грамадзян трэціх краін, якім неабходна атрымліваць візы для ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза. Да такіх краін належаць, напрыклад, Беларусь, Расія, Кітай, Іран і іншыя.
Цяпер беларусы могуць знаходзіцца ў Чарнагорыі без візы цягам 30 дзён.
Між тым увядзенне віз для грамадзян Беларусі і Расіі можа мець негатыўны эканамічны эфект для Чарнагорыі, бо прывядзе да зніжэння плыні турыстаў, адзначае Dan.
«Увядзенне віз для грамадзян Расіі і Беларусі — гэта важны крок, але таксама і патэнцыйна адчувальны палітычны крок, які будзе мець далёка ідучыя наступствы для сацыяльных і эканамічных стасункаў Чарнагорыі з гэтымі краінамі», — адзначае выданне.
Застаецца верагоднасць таго, што Чарнагорыя будзе дамагацца канкрэтных дамоўленасцяў для асобных краін у ходзе перамоў аб уступленні ў ЕС. Аднак шанцы на тое, што ЕС пагодзіцца на нейкія выключэнні, адносна невялікія, лічаць у Dan.
Читать на dev.by