Усяго чатыры адсоткі апытаных айцішнікаў з'ехалі з Беларусі ў 2024 (і амаль столькі ж вярнулася). Анкета
Мы спыталі ў чытачоў, як прайшоў у іх 2024-ы. Адказалі 350 чалавек.
Вось тут мы напісалі пра самаадчуванне беларускіх айцішнікаў летась, а цяпер раскажам пра іх пераезды і падарожжы.
83% айцішнікаў, якія адказалі, у 2024 годзе нікуды не пераязджалі: яны альбо зрабілі гэта раней (40%), альбо працягваюць жыць у Беларусі (43%). А вось 14% змянілі краіну або горад.
Самай шматлікай катэгорыяй рэлакантаў выявіліся тыя, хто пераехаў паўторна, з другой краіны ў трэцюю (5,5%). 4% з’ехалі з Беларусі ў іншую краіну, і амаль столькі ж, 3,7%, вярнулася ў Беларусь. Ёсць яшчэ невялікая колькасць айцішнікаў, якія мігравалі ўнутры РБ.
Тры адсоткі, якія абралі «іншае», адказалі, што пераязджалі альбо ўнутры раней абранай краіны (напрыклад, «з Польшчы ў Польшчу»), альбо ўнутры свайго населенага пункта («са здымнай кватэры ў іпатэчную»), альбо пераехалі (а не вярнуліся) у Беларусь («пераехаў з РФ у РБ»). Альбо пераязджалі так шмат, што ўжо заблыталіся («Workation у розных краінах»).
Сярод краін міграцыі з Беларусі (акрамя відавочных Польшчы і Літвы) чытачы згадалі Узбекістан, Расію, Грузію, Іспанію, Паўднёвую Карэю, Аргенціну.
Мала хто з айцішнікаў сядзеў у 2024 годзе ў сваім горадзе, 85% падарожнічалі хаця б раз хаця б унутры сваёй краіны. Кожны пяты з’ездзіў адзін раз у адпачынак, яшчэ кожны пяты выбраўся за мяжу 2-3 разы, кожны сёмы падарожнічаў шмат і часта. І ёсць і такія, хто калясіў толькі ўнутры сваёй краіны — Беларусі або новай лакацыі.
А вось куды ездзілі беларусы, якія жывуць у Беларусі. Амаль кожны другі быў у Еўропе (шмат гэта ці мала, улічваючы праблемы з візамі?), кожны чацвёрты — у Расіі (а гэта шмат ці мала, улічваючы праблемы з візамі ў ЕС?), кожны восьмы — у Турцыі.
Цікава, што амаль 28% беларусаў ездзілі з Беларусі ў іншыя краіны, не згаданыя ў спісе. Аўстралія?
Беларусам у Беларусі, хутчэй за ўсё, не хапала шэнгенскіх віз. Беларусам у іншых краінах перш за ўсё не хапала родных, сяброў і свайго жытла. Кожнаму восьмаму, зрэшты, хапала ўсяго.
А вось чаго яшчэ не хапала рэлакантам (у катэгорыі «іншае»):
— пачуцця, што ты дома;
— чысціні і пунктуальнасці;
— «i тут ты чужы, і там ты чужы»;
— стабільнай працы;
— прадказальнасці палітыкі мясцовых уладаў;
— якасных паслуг;
— некаторых сэрвісаў (напрыклад, таксі), метро, агульнага вайбу Мінска
— грошай;
— роднай мовы;
— месцаў з эмацыйнай прывязкай.
Хай у новым годзе беларусам і ў Беларусі, і за мяжою хапае ўсяго (добрага)!
Читать на dev.by