У Беларусі долар б'е рэкорды. Разбіраліся, што адбываецца

На мінулым тыдні курс амерыканскай валюты абнавіў чарговы гадавы максімум — 3,3324 беларускага рубля. Так дорага долар сёлета яшчэ не каштаваў. Разбіраліся, што адбываецца.

82 каментарыяў

Яшчэ пры канцы верасня — на пачатку кастрычніка курс долара вагаўся ў межах 3,21 рубля. Ужо ў другой дэкадзе кастрычніка курс не апускаўся ніжэй за 3,28 рубля за долар, а ад канца кастрычніка стабільна трымаецца вышэй за адзнаку 3,30 рубля за долар. 

У параўнанні з пачаткам года долар падаражэў на 5%. Для параўнання: у студзені курс вагаўся ў межах 3,14-3,19 рубля.

Калі параўноўваць цяперашні курс долара з мінімальнымі значэннямі ў гэтым годзе, то розніца будзе яшчэ большая. Самы нізкі курс сёлета быў зафіксаваны 6-7 жніўня — 3,09 рубля. Цяпер долар даражэйшы амаль на 8%.

Уплыў знешніх фактараў

Паводле слоў экспертаў, на дынаміцы курса беларускага рубля да долара адбіваецца ўплыў знешніх фактараў — перш за ўсё, расійскага валютнага рынку.

Беларуская эканоміка цесна ўзаемазлучаная з расійскай эканомікай. Акрамя таго, расійскі рубель у структуры кошыка валют займае найбольшую долю. У гэтай сувязі ваганні расійскага рубля да асноўных валют адбіваюцца на дынаміцы курса беларускага рубля да долара і еўра.

У кастрычніку–лістападзе курс расійскага рубля да долара зніжаўся.

— Гэта адбываецца з шэрагу прычын. Адная з іх — сітуацыя ў знешнім гандлі, — адзначае старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна. — У Расіі назіраюцца перабоі з разлікамі па знешнегандлёвых кантрактах і валюта своечасова не паступае ў краіну. Нераўнамернасць разлікаў пры попыце, які захоўваецца, адбіваецца на расійскім рублі.

Таксама на курс уплывае зніжэнне нормы абавязковага продажу экспарцёрамі валютнай выручкі (урад РФ у кастрычніку знізіў парог па абавязковым продажы валютнай выручкі для найбуйнейшых экспарцёраў з 50% да 25%)

Яшчэ адзін фактар — скарачэнне даходаў ад продажу нафты на фоне зніжэння коштаў на яе.

А вось унутраныя фактары, паводле слоў эксперта, не аказваюць вялікага ўплыву на беларускі рубель.

— У прыватнасці, на гэта паказвае дынаміка золатавалютных рэзерваў Беларусі. Па выніках кастрычніка ЗВР працягнулі расці (+75,6 млн, або 0,85% — заўв.). Нацбанк не прадае валюты на ўнутраным рынку, каб падтрымаць рубель.

Акрамя таго, нягледзячы на зніжэнне беларускага рубля да долара, у цэлым да кошыка валют зніжэнне склала ад пачатку года ўсяго 0,57%. 

Таксама можна адзначыць, што прадпрыемствы Беларусі больш купляюць валюты, чым прадаюць. Але пры гэтым чысты попыт на валюту кампенсуецца прапановай з боку фізічных асоб і нерэзідэнтаў. Таму дэфіцыту валюты на рынку няма, — адзначыла Анастасія Лузгіна. 

Паводле звестак Нацбанка, ад лютага насельніцтва з’яўляецца чыстым прадаўцом валюты на ўнутраным рынку (прадае больш, чым купляе). За 10 месяцаў фізасобы купілі валюты на 9,07 млрд долараў, прадалі на 10,6 млрд долараў

Што далей

— У найбліжэйшыя месяцы дынаміка курса беларускага рубля таксама будзе знаходзіцца ў залежнасці ад ваганняў расійскага рубля. 

Улады РФ будуць павялічваць продаж замежнай валюты на рынку, што, як чакаецца, дазволіць стабілізаваць курс расійскага рубля. Але гэта не ключавы фактар уплыву.

Асноўны фактар — аб’ёмы і тэмпы паступлення валютнай выручкі, у тым ліку ад продажу нафты. Што тычыцца коштаў нафты, то да росту іх можа падштурхнуць узмацненне напружанасці на Блізкім Усходзе. Калі цэны на нафту не будуць расці, мы будзем назіраць зніжэнне курса расійскага рубля да долара. Такая ж тэндэнцыя будзе назірацца ў дачыненні да беларускага рубля да долара. 

У 2025 годзе варта чакаць уплыву і ўнутраных фактараў на дынаміку курсу беларускага рубля. Але многае будзе залежаць ад эканамічнай палітыкі ўладаў, ад таго, як будзе працаваць эканоміка. 

На 2025 год устаноўленая высокая планка па росце ВУП — 4,1%. Калі ўлады вырашаць для дасягнення такога росту стымуляваць унутраны попыт, гэта можа прывесці да пагаршэння сальда знешняга гандлю і далейшага паслаблення беларускага рубля да асноўных валют.

Зарплаты в Беларуси бьют рекорды. Экономист объяснил причины — и они вовсе не радостные
По теме
Зарплаты в Беларуси бьют рекорды. Экономист объяснил причины — и они вовсе не радостные
Почему Беларусь вымирает и что с этим делать? Рассказывает экономист Лев Львовский
По теме
Почему Беларусь вымирает и что с этим делать? Рассказывает экономист Лев Львовский

Читать на dev.by