Рэпетытарам не будуць забараняць Zoom. Але вучыць дзяцей працы з камп’ютарам усё роўна нельга (толькі дарослых)

Міністэрства адукацыі адкаціла некалькі адыёзных прапаноў для рэпетытараў пасля абмеркавання законапраекта.

12 каментарыяў

Калі коратка, ёсць дзве навіны:

  1. Выкарыстоўваць Zoom і іншыя «замежныя сэрвісы», а таксама праводзіць заняткі ў невялікіх групах рэпетытарам на НПД усё ж такі будзе можна.
  2. А вось вучыць непаўналетніх карыстанню камп’ютарам, ноўтбукам, планшэтам або смартфонам — нельга.

Грамадскае абмеркаванне законапраекта завершылася — і па каментарыях на Прававым форуме, якіх было 216, ужо нават прыняты рашэнні, паведамляе партал pravo.by.

Вось што міністэрства адукацыі змяніла ў праекце:

  • Можна працаваць з замежнымі сэрвісамі.
  • Можна праводзіць заняткі ў групавым фармаце (да 4 чалавек у групе).
  • Удакладнілі, як менавіта рэпетытару трэба ўпэўніцца, што вучань залічаны ў дзіцячы садок, школу, каледж або ВНУ: запатрабаваць дакумент пра атрыманне асноўнай адукацыі.
  • Калі бацькі непаўналетніх вучняў папросяць, рэпетытар абавязаны будзе прадставіць выпіску з адзінага дзяржаўнага банка даных пра тое, што ў рэпетытара няма правапарушэнняў, якія абмяжоўваюць працу з дзецьмі.

Як сцвярджаецца, найбольш каментатараў — 98 чалавек — прасілі пакінуць рэпетытарам магчымасць працаваць з міні-групамі дзяцей. 38 — прасілі не абмяжоўваць выкарыстанне для анлайн-заняткаў сэрвісаў накшталт як Zoom, Google Meet і іншых.

46 каментароў паступіла з просьбай не абмяжоўваць тых, хто навучае працы на камп’ютары, ноўтбуку, планшэце, смартфоне (а таксама трэнераў па шахматах, педагогаў па вакале, харэаграфіі, выяўленчым мастацтве, аратарскаму мастацтву) толькі працай з дарослымі — і дазволіць ім навучаць і дзяцей таксама. Аднак, як бачым, не дазволілі.


Читать на dev.by