Беларуска жыве на Кіпры, працуе на Польшчу, але не можа паляцець у Еўропу. Не даюць візы

+1 гісторыя пра нематываваныя адмовы польскіх консульстваў беларусам.

80 каментарыя

Беларуска, якая жыве на Кіпры, адгукнулася на гісторыі нематываваных адмоў беларусам у польскіх візах і расказала сваю. 

— Жыву на Кіпры, працую на польскую кампанію аддалена, маю карту паляка і сваякоў у Польшчы (бабуля, цёткі, сёстры), але не магу паехаць да іх у госці і наогул не магу паехаць у шэнгенскую зону, бо польская амбасада адмаўляе мне ў візе.

Чаму падарожнічаць у шэнген мне няможна, а працаваць там можна

Кіпр уваходзіць у Еўрасаюз, але не ў шэнгенскую зону. З кіпрскім ДНЖ я не магу падарожнічаць па Еўропе.

А вось працаваць там аддалена магу. Будучы ўладальніцай ДНЖ у краіне ЕС, я магу працаваць на еўрапейскія краіны па B2B. Падаткі плачу на Кіпры.

Апошні раз мне выдалі гадавую нацыянальную польскую візу на Кіпры ў 2022 годзе. А сёлета мне двойчы адмовілі — у нацыянальнай і ў турыстычнай. Не дапамаглі ні даведка з працы, ні пацверджанне даходаў, ні карта паляка.

Першую адмову матывавалі тым, быццам сумняваюцца, што я выкарыстоўваю візу па прызначэнні. Другі раз — тым, што я не дала дастатковых пацверджанняў месца пражывання.

Прычым другі раз мяне як быццам наўмысна падставілі. Кантэкст: аддаю дакументы дзяўчыне ў консульстве, размаўляем пра тое, што я люблю журэк і ўсё не дачакаюся, калі ж апынуся ў Польшчы і паем. Кажу ёй, што планую жыць у бабулі, але на ўсялякі выпадак вось рэзервацыя гасцініцы. Яна такая: не, рэзервацыя не патрэбная. А ў адмове потым пішуць, што я не пацвердзіла жытла, хоць у анкеце былі і адрас, і тэлефон прымаючага боку.

Пісала лісты на польскай у МУС Польшчы і консульства Польшчы на Кіпры. Безвынікова. Сказалі: соры, падавайцеся зноў. Адмовы былі не толькі ў мяне. 

Ва ўсіх беларусаў з картамі паляка шмат адмоў у шэнгене.

Версіі, чаму так:

1) ім не падабаецца, што пасля 2022 я на Кіпры, а не ў Польшчы;

2) не любяць беларусаў (менавіта польскае консульства на Кіпры);

3) іх там жорстка дзяруць за тое, што раней выдалі шмат віз.

Вырашыла больш не падавацца ў іх. Планую звярнуцца ў нямецкае з запрашэннем ад сястры: у яе ПМЖ у Нідэрландах.

Чаму Кіпр, а не Польшча

На Кіпры лепш. Сонца, сіга-сіга (грэч. «павольна», «не спяшаючыся»), няма кіпішу, лета да сярэдзіны лістапада. І пра вайну тут зусім не чуваць. І так, усе гавораць на англійскай, рускай.

А яшчэ тут увялі закон, у рамках якога, калі працуеш у ІТ, то праз чатыры гады жыцця на Кіпры можаш падавацца на грамадзянства.

Пра што гаворка

У 2024 годзе Кіпр унёс папраўкі ў закон аб грамадзянстве, згодна з якім уладальнікі працоўных віз (і іхнія сямейнікі) могуць падавацца на грамадзянства праз 4 або нават праз 3 гады легальнага пражывання на востраве, у залежнасці ад узроўню ведання грэчаскай мовы (А2 або B1 адпаведна).

Якія працадаўцы пасуюць:

  • замежныя кампаніі, якія маюць на Кіпры асобныя офісы;
  • кіпрскія суднаходныя кампаніі;
  • кіпрскія высокатэхналагічныя і/або інавацыйныя кампаніі;
  • кіпрскія фармацэўтычныя кампаніі;
  • кіпрскія кампаніі ў галіне біягенетыкі і біятэхналогій;
  • кампаніі, зарэгістраваныя ў рэестры замежных кампаній дэпартамента рэгістрацыі і міграцыі.

Заява аб грамадзянстве мае быць разгледжаная на працягу 8 месяцаў.

Нягледзячы на тое, што я працую на польскую кампанію, трапляю пад «правіла чатырох гадоў», дзякуючы мужу.

Зрэшты, планую, калі надыдзе «світанак», вярнуцца ў Беларусь — падымаць ІТ. Найлепшыя мазгі — у нас.

Распрацоўшчык з Беларусі атрымаў офер ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Не далі візы
Па тэме
Распрацоўшчык з Беларусі атрымаў офер ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Не далі візы

Читать на dev.by