«Калі абстрагавацца». Як жывецца ў Мінску ў 2023

Папрасілі айцішнікаў расказаць пра тое, як змяніўся Мінск за апошнія год-два. Гісторыі пра ад’езд сяброў і калег, знікненне тавараў, высокія цэны — і спадзевы на лепшае. 

209 каментарыяў

Эйчарка

Не ўсё так дрэнна ў Мінску. Калі абстрагавацца ад дрэнных навін. 

Некаторыя месцы, цёплыя і родныя сэрцу, закрыліся. Мне асабіста не стае «Свабоды 4», «Добрага года», «Май Тай», «Тапас Бара». Я не была заўсёдніцай гэтых устаноў, але яны заўсёды асацыяваліся ў мяне з чымсьці добрым. Іх месца занялі іншыя: «Le Gosse», «Decanter». Яны працуюць даўно. Але і новых устаноў хапае, а значыць у людзей усё яшчэ ёсць грошы і жаданне адкрываць новае.  

Хаця прызнаюся: хадзіць па ўстановах стала менш. Ці то настрою няма, ці то занадта дорага стала.

Цэны ў барах і рэстаранах сапраўды выраслі. А яшчэ яны выраслі: на вопратку (цяпер больш наведваю стокі), мяса, гародніну, імпартныя прадукты (напрыклад, на сыры і — вельмі выраслі! — на віна), ветпрэпараты і корм для сабак (у мяне вялікі сабака, і гэта вельмі заўважна), стаматалогію, манікюр/педыкюр, некаторыя цырульныя і касметалагічныя паслугі. 

Зрэшты, крызіс цяпер не толькі ў Беларусі, у свеце таксама сітуацыя няпростая.

Затое на працы ўсё роўна. Мы арыентаваныя на рынак СНД, таму асаблівага спаду няма. Дый калектыў добры. 

Што праўда, бацькі часам маркоцяцца. І на мяне таксама нападае нейкая туга. Згадваеш «тлустыя» 2018 і 2019: можна было ў любы момант сарвацца ў Вільню на выходныя…

Але стараюся не раскісаць і нават у цяперашняй сітуацыі бачыць добрае. Нават пасля самай цёмнай ночы настае світанак. 

Уваход у кавярню Post bar, адкрытую айцішнікамі ў 2019 годзе. Закрылася ў 2020 годзе. Фота: dev.by.

Працаўнік геймдэў-кампаніі

Я працую з дому і нячаста выходжу «ў свет», таму мне складана меркаваць пра тое, як змяніўся Мінск апошнім часам. 

Са станоўчага: у Мінску, паводле маіх назіранняў, моцна абнавіўся парк грамадскага транспарту. Стала значна больш электробусаў, многія аўтобусы забяспечылі кандыцыянерамі, на некаторых маршрутах з’явіліся новыя тралейбусы, якія могуць праязджаць частку шляху аўтаномна — без кантакту з правадамі. Старыя тралікі — цяпер экзотыка. Можа, гэта супадзенне, але, здаецца, новы транспарт стаў хутка з’яўляцца на вуліцах пасля таго, як увялі санкцыі супраць Белкамунмаша (прадпрыемства трапіла ў шосты пакет санкцый ЕС у чэрвені 2022 года. — dev.by). Магчыма, машыны перасталі купляць за мяжой і іх пусцілі на ўнутраны рынак.     

Стала больш «астраўкоў» ля пешаходных пераходаў — іх робяць для таго, каб машыны не спыняліся проста каля пераходу. Цяпер іх ставяць усюды пры рамонце скрыжавання з нерэгуляваным пераходам. Пасля інцыдэнту на Нямізе абнаўляюць мноства мастоў па ўсім Мінску і на МКАДзе.    

А вось у спальных раёнах, паводле маіх назіранняў, стала вельмі брудна. Мне здаецца, вуліцы сталі горш прыбіраць — ва ўсякім выпадку, у маім раёне.  Можа, гэтай вясной штосьці зменіцца.  

Ад пачатку мінулага года ў Мінску з’явілася шмат параўнальна новых аўто: б/у да 5 гадоў, сярэдняй цаны. Іх вязуць з ЕС — гэта заўважна па рамках нумарных знакаў з сайтамі ўсялякіх аўтлетаў, аўкцыёнаў і дылераў. Магчыма, людзі паспяшаліся памяняць старыя машыны, пакуль шлях у Еўропу адкрыты.

Я працую ў геймдэве. Мая кампанія ліквідавала юрыдычную асобу ў Беларусі, офіс даўно закрыты, усіх перавялі на дамову з замежнай юрыдычнай асобай, плацім ППД (падатак на прафесійны даход, уведзены ў Беларусі ад 1 студзеня 2023 года. — dev.by). 

Многія мае калегі з’ехалі з Беларусі, але большасць знаёмых-айцішнікаў засталася. Хтосьці не можа або не хоча пакідаць краіну, хтосьці ўсё яшчэ плануе гэта зрабіць. 

Я ж збіраюся пераязджаць у іншую краіну найбліжэйшыя пару месяцаў.  

«Страх пазбавіў маму сілы волі». Як у Беларусі спрачаюцца розныя пакаленні
Па тэме
«Страх пазбавіў маму сілы волі». Як у Беларусі спрачаюцца розныя пакаленні

Вэб-распрацоўшчык

Пасля пачатку вайны я з’ехаў у Грузію на два месяцы. Але ў выніку вырашыў вярнуцца ў Мінск. 

Так, сітуацыя вакол Беларусі нестабільная, але ўсё не так крытычна, як можа падавацца з навін. Людзі жывуць далей. 

Раней працаваў як ІП з ССП (спрошчанай сістэмай падаткаабкладання), цяпер перайшоў на ППД. І хоць падатак змяніўся ад 6% да 10%, з ППД значна прасцей весці бухгалтэрыю, усё ў адной праграме.    

За апошні год прыйшлося перагледзець сямейны бюджэт. Выдаткі на ежу павялічыліся на 20-25%, забавы — на 20-30%, паслугі (барбер, масаж, дактары, зала) — на 20%. Многія прадукты зніклі з паліц мінскіх крамаў. Прыйшлося асвойваць фермерскі рынак і Камароўку. Выявілася, у нас шмат класных прадуктаў, трэба толькі пашукаць.

Стала складана з аўтазапчасткамі, буйной тэхнікай, музычным абсталяваннем. Цэны дзіўныя. У суседняй Польшчы многія рэчы каштуюць удвая танней.   

Вельмі дрэнна з ІТ-івэнтамі. Знайсці ў Мінску штосьці па маім профілі амаль немагчыма. Прыйшлося развіртуаліцца і перайсці на асабістыя зносіны з тымі, каго раней сустракаў у ІТ-тусоўцы. Часам сустракаемся за кубкам кавы. 

Будынак ПВТ у Мінску. Фота: dev.by. 

Больш часу з сям’ёй бавім за горадам: ездзім на велашпацыры (у Мінску і ваколіцах шмат веладарожак, а язда здымае стрэс), часам арандуем домік або нумар у эка-гатэлі (напрыклад, у комплексах «Шышкі» або Viliya Park).  

Блізкія ўсе тут. Амаль усе знаёмыя з’ехалі з краіны. 

Помнік танку каля былога офіса Wargaming. Кампанія сышла з Беларусі ў 2022 годзе. Фота: dev.by

Frontend-распрацоўшчык

Ад 2020 (пасля пачатку пандэміі), на жаль, давялося змяніць шмат кампаній: дзесьці не хапала досведу і трапляў пад скарачэнні, а дзесьці праз тое, што фірма не магла сабе дазволіць трымаць на бэнчы, калі не было праекта. 

Апошні раз шукаў працу ўлетку 2022 і гэта было жудасна: чатыры месяцы бегаў па сумоўях, у выніку знайшоў, здавалася, класнае месца ў еўрапейскай прадуктовай канторы. Але сітуацыя і ў іх толькі што пагоршылася, таму скасавалі ўсе «плюшкі». Цяпер сядзім занепакоеныя і чакаем, ці будуць скарачэнні. 

Сам я асабіста планую пераезд, але паколькі маю сям’ю, то раблю ўсё досыць марудна і назапашваю невялічкія рэзервы. Двойчы трапляўся «за палітыку», таму на душы зараз неспакойна. 

Калі звольняць, то, відаць, застанемся ў гэтым балоце. Гэта рызыка, але жыць «па-бежанску» на чужыне без грошай хіба не найгоршы варыянт. Былых калег з розных кампаній з’ехала досыць шмат. Цяжка казаць пра лічбы — магчыма, каля чвэрці тых, з кім падтрымліваю сувязь. Шмат хто паступова набліжаецца да гэтага рашэння. Сяброў з’ехала вельмі шмат. Спачатку гэта пужала, а цяпер дае спадзеў, што ў Польшчы будзе з кім сустракацца. 

Наогул сітуацыя апошніх 2-х гадоў — гэта вельмі паступовае спаўзанне з надзеі і натхнёнасці ў лютую крыўду і дэпрэсняк. Па горадзе ўсё больш плакатаў у «патрыятычным» стылі. 

Закрываюцца крэатыўная месцы, бары, шопы. Досыць паказальны прыклад — ТЦ «Сталіца», які цяпер канчаткова ператварыўся ў нейкі «ТЦ Дажынкі». Адныя крамы беларускіх тавараў, плюс магазін «Первый» з выявамі самі знаеце каго. 

Але пры гэтым месцаў куды схадзіць яшчэ хапае. Я так адчуваю, што пэўная частка прагрэсіўнага насельніцтва застаецца і акуратна чакае, калі «трэш» прынамсі перастане паглыбляцца. 

Ваджу дачку ў дзіцячы садок — у самай малодшай групе вісяць сцяжкі і партрэт. Выхавацелі пры гэтым, здаецца, досыць адэкватныя. Бацькі калісьці выпісвалі «Народную Волю», але цяпер трапілі цалкам пад уплыў ТВ. Аказваецца, гэта так проста — дастаткова абрубіць Еўраньюс (ы), забараніць усе няправільныя газеты і ты будзеш чуць пра нацыстаў, НАТО, геяў, «пуцін маладзец», «інтэрнэт ваш — фэйкі». Прыкра. Спачатку спрабаваў спрачацца, але пасля некалькіх гучных сварак перастаў.

Помнік танку ля былога офіса Wargaming. Кампанія сышла з Беларусі ў 2022 годзе. Фота: dev.by

У крамах амаль зніклі польскія і ўкраінскія прадукты, але з’явілася вельмі шмат расійскіх. Асабліва ў Еўраоптах. Наогул выбар стаў трохі больш сціплы, але ўсё ж некрытычна. Вось з аўто вельмі кепская сітуацыя — набыць новае нерэальна. Цэны ўзляцелі мінімум у паўтара разу. На патрыманыя аўто — таксама.

І яшчэ адная цікавая рэч. Я актыўна сачу за цэнамі на арэндныя польскія кватэры. Вядома, кошты вялікія, але і якасць кватэр вышэйшая. Знайсці сапраўдны «бабушатнік» на Otodom або Olx (папулярныя польскія парталы арэнды і куплі жытла. — dev.by) не так проста. А вось у Мінску — трапляюцца праз раз. Дзіва, але каб знайсці тут прывабную кватэру з добрым рамонтам, тэхнікай і ў добрай лакацыі, трэба ў выніку аддаць не нашмат менш за варшаўскую кватэру — дзесці ад 600 у. е. Іншая рэч, што ў Польшчы прысутнічае яшчэ «чынш адміністрацыйны», які дадае да кошту кватэры 15-30%. То-бок я асабіста не бачу істотнага зніжэння цаны на жытло ў Мінску.

Заўважыў, што летась на рынку пачала з’яўляцца немалая колькасць кватэр з добрым рамонтам. Звязваю гэта з ад’ездам людзей за мяжу. У мяне ўражанне, што тыя, хто можа сабе дазволіць (і хоча) — з’язджаюць, а на іхняе месца ў Мінск перабіраюцца людзі з малых гарадоў. Такім чынам насельніцтва РБ зніжаецца, але насельніцтва Мінска — не. Таму і цэны на жытло тут не падаюць.

Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :)

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Распрацоўшчыкі бегаюць за рэкруцёрамі. Як айцішнікі сумовяцца ў Беларусі
Па тэме
Распрацоўшчыкі бегаюць за рэкруцёрамі. Як айцішнікі сумовяцца ў Беларусі

Читать на dev.by