Банк у Польшчы патрабуе дазвол на жыхарства ад кліентаў з Беларусі. Каментар банка
Калі дазволу няма, абяцаюць скасаваць дамову.
Грамадзянін Беларусі прыехаў у сакавіку з Украіны ў Польшчу без візы і адкрыў рахунак у GetinBank. На той момант гэта быў адзіны банк, дзе яго прынялі з адным толькі пашпартам (у PKO многім грамадзянам РБ тымі днямі адмаўлялі).
А 10 жніўня ён атрымаў з банка імэйл: яго просяць да 31 жніўня падаць карту побыту, інакш спыняць абслугоўванне. Матывацыя — рэгламенты ЕС у сувязі з вайной ва Украіне.
Пра кейс піша канал для беларускіх айцішнікаў у Польшчы @dzikpic.
— Патэлефанаваў на інфалінію, патлумачыў сітуацыю, маўляў, чакаю гуманітарную візу і фізічна яшчэ не магу мець карты побыту, — расказаў чытач dev.by. — У банку сказалі, што, на жаль, гэта абавязковае патрабаванне. Спытаў, чаму не сказалі пра гэта пры адкрыцці рахунку, — адказалі, што гэтая ініцыятыва з’явілася ў маі. Што буду рабіць? Проста здыму грошы з карты і буду спрабаваць адкрыць рахунак у іншым банку.
Каментар банка
@dzikpic паспрабаваў даведацца ў GetinBank дэталі:
— ці шмат у банка кліентаў сярод грамадзян РБ;
— што стане з грашыма кліентаў, якім адмовяць у абслугоўванні — замарозяць ці дазволяць вывесці на іншыя рахункі;
— што рабіць тым кліентам, якія падалі дакументы на дазвол на жыхарства і чакаюць рашэння.
GetinBank:
У адказ на дасланыя пытанні паведамляем, што ў адпаведнасці з пастановамі Савета ЕС у лютым і сакавіку гэтага года і на падставе нацыянальнага заканадаўства банк зрабіў захады па абнаўленні базы дакументаў, неабходных для вядзення банкаўскага рахунку для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС, у тым ліку Беларусі.
У чэрвені гэтага года грамадзянам Беларусі, якія раней не падалі дзейны дазвол на жыхарства, было прапанавана падаць яго да 31 жніўня 2022 года. На пачатку жніўня банк паўторна папрасіў падаць неабходныя дакументы ў той невялікай групы кліентаў, якая гэтага яшчэ не зрабіла.
У адпаведнасці з заканадаўствам непрадастаўленне банку дзейнай карты побыту можа прывесці да скасавання дамовы банкаўскага рахунку. У такім разе сродкі, назапашаныя на рахунку, будуць даступныя кліентам для вываду. Поўнае выкарыстанне ўліковага запісу будзе немагчымае.
Гаворачы пра скасаванне дамоваў з кліентамі без дазволу на жыхарства, прэс-служба банка выкарыстала слова «можа». Мы не ведаем, ці азначае гэта неабавязковы характар такога рашэння.
Калі такім кліентам атрымаецца захаваць свае рахункі ў GetinBank, просім напісаць нам у @devby_insight_bot.
Пішыце таксама, калі дадатковыя патрабаванні грамадзянам Беларусі сталі выстаўляць іншыя замежныя банкі.
Читать на dev.by