Delivery Director у EPAM не змог падоўжыць дазвол на жыхарства пасля сямі гадоў у Польшчы

Рашэнню польскіх уладаў айцішнік прысвяціў пост у LinkedIn.

56 каментарыяў

Delivery Director у офісе EPAM у Кракаве Дзяніс Харламаў атрымаў адмову ў падаўжэнні дазволу на жыхарства праз расійскае грамадзянства (падстава — «пагроза дзяржбяспецы») пасля 7 гадоў жыцця ў Польшчы, піша канал для ІТ-экспатаў у Польшчы Dzik Pic.

Ён расказаў пра гэта ў LinkedIn. 

— Усё сваё жыццё я быў «беспрытульным»: падарожнічаў па Расіі, калі быў дзіцем, пазней — па свеце, — піша Харламаў. — Я ніколі не лічыў Расію сваёй радзімай і спадзяваўся, што мая сям’я знойдзе дом у Польшчы. Я ведаю, як гэта — не мець месца, куды можна вярнуцца.

Цяпер вы зрабілі «беспрытульным» майго сына. Сына, які нарадзіўся ў Польшчы, размаўляе па-польску, знаёмы толькі з польскай культурай і ўважае Польшчу за свой дом.

Харламаў кажа, што ўсё яшчэ ў Польшчы, але ў любы час можа стаць нелегалам. Вяртацца ў РФ, як вынікае з допісу, ён не збіраецца.

dev.by паспрабаваў дазнацца ў епамаўца падрабязнасцей: ці спрабаваў ён аспрэчыць рашэнне ўладаў і куды збіраецца ехаць. Але гутарыць ён адмовіўся.

Кейсаў, як у Дзяніса Харламава, становіцца ўсё больш. Польшча не заяўляла афіцыйна пра спыненне выдачы дазволаў на жыхарства расійцам, як, напрыклад, Латвія ці Эстонія. Але ўлетку грамадзянам РФ пачалі адмаўляць у дазволах на жыхарства і працу з прычыны «пагрозы бяспецы дзяржавы». 

Спачатку такія навіны сталі прыходзіць з Паморскага ваяводства, цэнтр якога, Гданьск, знаходзіцца ў памежнай зоне. З іншых рэгіёнаў да нядаўніх часоў іх чуваць не было, але выпадак епамаўца стварыў прэцэдэнт з «пагрозай дзяржаве» і ў Малапольскім ваяводстве.

Усяго, паводле звестак міграцыйнай статыстыкі на 22 верасня, у дачыненні да грамадзян РФ у 2022 годзе прынялі 1569 адмоўных і 3777 станоўчых рашэнняў. Колькасць пададзеных расійцамі заяў — 9729.


Читать на dev.by