Цана пытання — 3300 еўра на месяц. Дзве гісторыі пераезду ў Партугалію па візах «лічбавых качэўнікаў»
30 кастрычніка 2022 года Партугалія ўвяла візы Digital Nomad, або візы «лічбавых качэўнікаў». Пагутарылі з айцішнікамі, якія атрымалі іх — і перабраліся бліжэй да Атлантычнага акіяна.
«На ўсё пайшло 8 месяцаў, можа падацца, што гэта шмат, але не»
Таццяна, senior PHP-распрацоўшчыца, у ІТ — 6 гадоў:
— Рашэнне пераехаць у Партугалію я прыняла яшчэ летам 2022 года. У той момант я жыла ў Вільні і працавала як лід і PHP-распрацоўшчык у кампаніі з беларускімі каранямі. За 2 гады ў Літве я зразумела, што рынак — маленькі, а як ІП па Blue Card працаваць няможна.
Я ўжо бывала ў Партугаліі як турыст, — і мне ўсё там спадабалася: клімат, людзі, цэны на прадукты, якія тады былі ніжэйшыя, чым у той жа Літве, а расцэнкі на арэнду — на ўзроўні літоўскіх.
У той час арэнда ў Літве расла, як на дражджах: мне прапанавалі плаціць 700 еўра за кватэру, якую я да гэтага здымала за 400. Ды за тую ж суму я магла зняць жытло ў Лісабоне — я правяла вялікі рэсёрч. Так, не ў цэнтры і з рамонтам крыху горшым (аднак усё яшчэ нядрэнным), але і ў Вільні я жыла не ў «старым горадзе».
Я сабрала валізкі і ў жніўні паляцела на 2 месяцы ў Партугалію. Для сябе я пазначыла 3 варыянты, як жыць далей:
- застацца ў Партугаліі і займацца легалізацыяй;
- вярнуцца ў Літву — гэта быў самы малаверагодны сцэнар;
- шукаць трэцюю краіну — нават з’ехаць на Балі.
Я збіралася адзін месяц жыць у Лісабоне, а другі — у Порту, каб пазнаёміцца з абодвума гарадамі і вырашыць, дзе ўладкавацца. У верасні ў Порту пачаліся дажджы, і гэта дапамагло мне зрабіць выбар на карысць Лісабона і яго ваколіц.
Далей я на кароткі тэрмін вярнулася ў Літву, каб скончыць некаторыя справы. І ў канцы 2022 года зноў паляцела ў Лісабон.
Я не спяшалася займацца легалізацыяй. На той момант ДНЖ у Партугаліі можна было атрымаць:
- калі ў цябе ёсць шэнгенская віза і ІП у гэтай краіне — на ўвесь працэс сыходзіла да двух гадоў, што, вядома, мне не вельмі падабалася. Але затое такі спосаб легалізацыі не патрабаваў ад цябе заробку 3,3 тысячы еўра і вышэйшага.
- калі ты працуеш як highly-qualified worker у партугальскай кампаніі. Я паспрабавала пайсці па гэтым шляху. Але, размаўляючы з эйчарам, зразумела што мясцовым працадаўцам не патрэбная лішняя марока з легалізацыяй новага супрацоўніка — яны патрабавалі, каб у спецыяліста ўжо быў партугальскі ДНЖ.
- па візе Digital Nomad, але яе ўвялі восенню 2022 года — і я пакуль яшчэ пра гэта не ведала.
У мяне быў літоўскі ДНЖ — і мяне больш хвалявалі бытавыя праблемы, чым легалізацыя ў Партугаліі. Тады стала туга з пошукам жытла, расцэнкі на арэнду пайшлі ўверх: кватэры, што яшчэ нядаўна здаваліся па 700 еўра, ужо каштавалі 900+ і нават бліжэй да 1000.
Я шукала, дзе жыць, наладжвала побыт — і раптам убачыла ў навінах, што Партугалія дазволіла айцішнікам падавацца на візу Digital Nomad. Але я вырашыла, што не стану спрабаваць заскочыць у першы ж вагон — пачакаю, пакуль у чатах з’явяцца «метадычкі».
Плюс мне трэба было знайсці новую працу: каб прэтэндаваць на візу «лічбавага качэўніка», трэба было зарабляць больш за 3300 еўра — а мой заробак быў ніжэйшы (ад студзеня 2023 мая кампанія перавяла вялікую колькасць супрацоўнікаў на неаплатны бэнч).
Яшчэ лічачыся ў штаце літоўскай кампаніі, я адкрыла ІП у Літве — і знайшла працу ў ЗША. Ад таго моманту майго даходу ўжо больш чым хапала, каб атрымаць візу Digital Nomad.
На візу «лічбавага качэўніка» я падавалася ў Капенгагене, паколькі ўсе, хто падаецца з дакументамі з Літвы, прывязаныя менавіта да гэтай амбасады. Вельмі баялася, што ў мяне запытаюць даведку аб адсутнасці судзімасці ў Беларусі. Але пранесла! Іх задаволіла літоўская даведка.
Набор дакументаў — стандартны і нават меншы, чым калі падаешся з Масквы (я вывучала кейсы). Акрамя пашпарта і фота трэба:
- дамова арэнды жытла на год або пасведчанне аб праве ўласнасці на нерухомасць;
- працоўны кантракт. Вельмі важная яго працягласць — не меншая, чым на год; у мяне быў бестэрміновы, і іх гэта задаволіла;
- не менш за тры банкаўскія выпіскі з штомесячным прыбыткам ад 3300 еўра — з указаннем дакладнай сумы;
- даведка аб адсутнасці судзімасці ў краіне пражывання;
- медыцынская страхоўка;
- яшчэ часта патрабуецца пацверджанне сваяцтва для сямейнікаў, калі ты пераязджаеш з мужам (жонкай) і дзецьмі — але мне гэта не было трэба;
- выпіскі з банкаўскіх рахункаў, якія пацвярджаюць, што ў цябе ёсць грошы, каб жыць у Партугаліі, — і хоць бы 10 000 еўра на рахунку. Але пры падачы ў Капенгагене дадзеная выпіска не патрабавалася, калі падаешся адзін, без сям'і;
- у амбасадзе ў Маскве падаюць дакументы аб выплаце падаткаў, напрыклад, падатковую дэкларацыю, але мне гэта таксама не патрабавалася. Такая даведка спатрэбілася мне пазней — пры адкрыцці рахунку ў партугальскім банку.
Калі казаць пра тэрміны, то на візу я падалася ў кастрычніку 2023 года — а праз месяц яе ўжо ўклеілі ў пашпарт. Прыйшлося зноў злятаць у Капенгаген, але гэта таго было вартае! Дарэчы, у амбасадзе сёй-той з супрацоўнікаў нават гаворыць па-руску.
Разам з візай мне далі запіс у міграцыйную службу ў Партугаліі, каб я магла падаць дакументы на ДНЖ, — праз 3-4 месяцы. Звычайна слоты на падачу на ДНЖ неабходна «адлоўліваць» — і гэта тыя яшчэ танцы з бубнам, — але вельмі часта дату на запіс выдаюць разам з візамі. Табе застаецца толькі чакаць і збіраць дакументы.
Мне неабходна было адкрыць банкаўскі рахунак у Партугаліі, перааформіць літоўскае ІП на партугальскае, завесці падатковы нумар і нумар страхавання.
Я зноў баялася, што міграцыйная служба запытае даведку аб адсутнасці судзімасці ў Беларусі, таму што такія кейсы былі. Людзі спрабавалі выкруціцца і паказвалі даведкі з амбасады: камусьці шанцавала, камусьці — не. Заходзячы наперад, скажу, што я апынулася ў ліку першых: у мяне не запыталі нічога звыш тых дакументаў, якія я падавала на візу.
Самае складанае, як пісалі ў чатах, — адкрыць банкаўскі рахунак: рэдка каму ўдаецца зрабіць гэта хутка і без праблем, калі ў цябе няма ДНЖ. Але мне зноў пашанцавала: я падавалася ў дзяржаўны банк Caixa Geral de Depósitos па месцы жыхарства — і мне адкрылі рахунак праз 2,5 тыдні.
Ужо ў чэрвені я атрымала карту. Разам на ўсё сышло 8 месяцаў. Магчыма, гэта шмат, але насамрэч не. ДНЖ даецца на 2 гады, а затым падаўжаецца аўтаматычна яшчэ на 3 — на дадзены момант уся працэдура праводзіцца на сайце націскам адной кнопкі.
Хачу дадаць, што Партугалія выдае два тыпы Digital Nomad віз:
- кароткатэрміновую — на 4 месяцы, па якой можна зрабіць партугальскі ДНЖ. Нават калі ў такой візы заканчваецца тэрмін дзеяння, а дазволу на жыхарства ў цябе яшчэ няма (але ты падаўся і чакаеш), ты знаходзішся ў краіне легальна.
Што важна: гэтая віза дае права двухразовага ўезду ў краіну, таму ты ўвесь час мусіш знаходзіцца ў Партугаліі;
- доўгатэрміновую на год — па ёй няможна атрымаць ДНЖ, затое яна шматразовая. Але на такія візы, як пішуць у чатах, падаюцца лічаныя адзінкі.
Цікавае назіранне: што будзе, калі чалавека звольнілі, а ён ужо падаўся на візу Digital Nomad — кейс майго сябра паказвае, што нічога. Яму выдалі візу, хоць пакуль ён чакаў яе, пазбавіўся працы не са сваёй волі.
Цяпер у майго сябра іншая праца, заробак крыху ніжэйшы, чым патрабуецца для атрымання візы Digital Nomad, — але ён атрымаў ДНЖ і жыве ў Партугаліі. У міграцыйнай службы няма да яго прэтэнзій.
Скажу шчыра: Партугалія да майго пераезду туды і пасля — гэта дзве розныя краіны, цяпер я ўжо зняла «ружовыя акуляры». Больш за ўсё хвалюе рост цэн на арэнду жытла. Калі ў 2022 годзе нядрэнную кватэру ў Лісабоне можна было зняць за 800-900 еўра, то цяпер за гэтую ж суму трэба шукаць варыянты ў прыгарадзе.
Цэны на прадукты і вопратку — на ўзроўні астатняй Еўропы. Сфера паслуг бурна развіваецца — у тым ліку за кошт мігрантаў. Дарэчы, саміх мігрантаў, у тым ліку па Digital Nomad візе, тут менш, чым у той жа Іспаніі, дзе парог «уваходу» па даходу ніжэйшы — 2500 еўра.
Здаецца, я навучылася прымаць тое, што партугальцы нікуды не спяшаюцца. У маіх планах — вучыць мову: 5 гадоў да падачы на пашпарт пройдуць вельмі хутка. Я забрала ў Партугалію ката, і ў мяне мільгае думка завесці другога. А яшчэ я б хацела абзавесціся ўласным жытлом тут.
«Пакуль нам тут вельмі падабаецца — яшчэ „ружовыя акуляры“ на вачах»
Андрэй (імя змененае), iOS-цімлід, 6 гадоў вопыту ў ІТ:
Мы з жонкай перабраліся ў Партугалію 2 месяцы таму. Але задумаліся пра рэлакейт досыць даўно — проста не ведалі куды, як і калі. За мяжу лёталі толькі ў Азію, але бліжэй да канца 2022 года ў нас сфармавалася ўстойлівае жаданне перабрацца кудысьці на захад ад Беларусі.
Пачалі вывучаць варыянты:
- ЗША — занадта далёка, дый незразумела, як атрымаць візы, а затым легалізавацца;
- папулярныя напрамкі, бліжэйшыя да Беларусі, накшталт Польшчы і Літвы мы пакінулі як «план Б», бо калі ўжо адважыліся на пераезд, то хацелася больш адрозненняў, нават па клімаце;
- жонка ўжо бывала ў Партугаліі, так што пачалі разглядаць гэты варыянт.
А тут неўзабаве з’явіліся навіны, што Партугалія ўводзіць у сябе рэжым Digital Nomad. Мы пачалі вывучаць пытанне, разглядалі варыянты з розных бакоў — і ў плане прастаты легалізацыі, і ў плане атрымання візы (нягледзячы на тое, што я нарадзіўся і вырас у Беларусі, пашпарт у мяне расійскі, што накладвае пэўныя абмежаванні).
Яшчэ разглядалі падаткі, бяспеку, кошт жыцця, клімат, і Партугалія па ўсім нас задавальняла: летам цёпла, зімой таксама не холадна, ёсць рэжым падатковых ільгот NHR, невысокі (адносна астатняй Еўропы) кошт жыцця, бяспечна і спакойна.
Улетку 2023 года пасля некалькіх кансультацый запісаліся ў амбасаду. Запіс быў не ранейшы, чым праз паўгода. За гэты час мы падрыхтавалі дакументы. Асноўныя патрабаванні такія:
- узровень зарплаты ад 3300 еўра;
- ашчаджанні на банкаўскім рахунку;
- дакументальна зафіксаваная магчымасць аддаленай працы;
- гадавы кантракт арэнды жытла ў Партугаліі;
- ну і паперкі накшталт даведкі аб несудзімасці, аб падатках і гэтак далей.
Паралельна мы сядзелі ў чатах — маніторылі сітуацыю. Амбасады Партугаліі ў Беларусі няма, так што падаваліся мы з Масквы на пачатку 2024 года.
З першага разу дакументаў у нас не прынялі — папрасілі данесці яшчэ пару паперак на працягу 10 дзён, што мы і зрабілі. Напэўна, варта адзначыць, што я ішоў як асноўны заяўнік, а жонка — як суправаджальнік. Мы падаваліся разам, дакументы з большага былі на мяне і проста дубляваліся ў пакеце дакументаў жонкі.
Затым былі 2 месяцы чакання — і, доўгачаканае запрашэнне ў амбасаду, каб уклеіць візу. На пачатку лета мы пераехалі, жывем на поўначы Партугаліі.
Са складанасцяў, якія нам давялося пераадолець, — гэта перавоз сабакі. З прычыны свайго памеру ён не можа лётаць у салоне самалёта, а ў багаж здаваць сямейніка мы не адважыліся — таму выправіліся ў дарогу на машыне.
Цікава, што менавіта ў той дзень, калі мы перасякалі мяжу з Літвой, увялі новае правіла, якое моцна ўскладняе ўвоз хатніх гадаванцаў, — стаў неабходны пашпарт ЕС. На пытанне, як гэта зрабіць па-за ЕС, — ніхто не мог адказаць: усе проста разводзілі рукамі. Так што сваю дарогу мы змаглі працягнуць праз пару дзён — праз Латвію.
Віза Digital Nomad выдаецца на тэрмін 4 месяцы і на 2 ўезды ў ЕС, таксама ў яе ўдруковываецца спасылка на запіс у AIMA (міграцыйную службу). Мы днямі туды ідзем.
Пасля візіту ў AIMA выдаецца дазвол на жыхарства на 2 гады, потым ён падаўжаецца на 3 — у аўтаматычным рэжыме.
Пасля пандэміі ў Партугаліі ўвялі закон аб тым, што заехаўшы да 30 чэрвеня ў краіну па любой візе — хоць па грэчаскім турыстычным шэнгене на 2 тыдні — ты можаш да канца года легальна ў ёй заставацца (але не ў ЕС). Так што нават калі ты не паспяваеш падацца на легалізацыю на працягу тэрміну дзеяння візы, у цябе ўсё яшчэ шмат часу, каб вырашыць гэтае пытанне.
Па ўражаннях: пакуль нам тут вельмі падабаецца. Зразумела, што ў нас яшчэ «ружовыя акуляры» на вачах. Мы чыталі ў чатах пра розныя складанасці, напрыклад, вар’яцкую вільготнасць, цвіль усюды, стары жылы фонд, вялікія цэны і бюракратыю. Складана пакуль сказаць, ці так гэта: жытло ў нас, мне здаецца, вышэйшае за сярэдняе — нават намёкаў на тыя праблемы няма, нягледзячы на тое, што жывем ці ледзь не на пляжы.
Пару слоў пра кошт жыцця тут. Арэнда, вядома, зусім не мінская. Праз вялікі наплыў мігрантаў (прычым не толькі з СНД) цэны моцна падняліся. Мне здаецца, гэта асноўная частка выдаткаў. Калі хочацца жытла з нармальным рамонтам і мэбляй — варыянт «заязджай і жыві» — я думаю, трэба заплаціць не менш за 900 еўра + аплачваць камуналку.
Мы не хацелі паніжаць узровень жыцця, таму адразу глядзелі варыянты даражэйшыя і камфортнейшыя. Думаю, можна знайсці і таннейшыя, напрыклад, за горадам, невялікія па метражы і без кандыцыянераў, а яшчэ ў старых дамах (я думаю, менавіта гэта тыя выпадкі, калі ўзнікаюць праблемы з цвіллю).
Мы тут яшчэ не зімавалі, але надвор’е летам вельмі падабаецца. На сонцы горача, у цяньку — свежа, заўсёды вее асвяжальны ветрык. Так што пакуль мы атрымліваем асалоду ад выдатнага надвор’я, прыгожых відаў і акіянскіх заходаў.
Читать на dev.by