«Сумна, калі цябе лічаць дэбілам». Як жывуць айцішнікі (і іх дзеці) з дыслексіяй
Калі хочаце паглядзець на тэкст вачыма чалавека з дыслексіяй — вось, паспрабуйце.
Дыслексія — гэта асаблівасць, пры якой чалавеку цяжка чытаць і пісаць, таму што мозг інакш апрацоўвае пісьмовую мову. Ён можа блытаць літары, чытаць/пісаць павольна ці з памылкамі.
У заходняй традыцыі не прынята падзяляць парушэнні працэсаў чытання, пісьма і ліку — усё гэта называюць дыслексіяй. А на постсавецкай прасторы акрамя дыслексіі выдзяляюць яшчэ дысграфію і дыскалькулію.
Лічыцца, што дыслексія сустракаецца ў кожнага 20-га жыхара планеты.
«Табе амаль кожны дзень кажуць, што ты — тормаз»
Андрэй*, тэсціроўшчык:
— Пра тое, што ў мяне дыслексiя, я даведаўся на пачатку 2010-х, пражыўшы з гэтым амаль две траціны жыцця. Выпадкова паглядзеў відэа ў інтэрнэце. У Беларусі ж пра гэта не было наогул вядома (ці то не знайшоў), але недзе ў той перыяд я паехаў у Вышэйшую школу эканомікі ў Маскву на месячны навуковы курс — і там прайшоў тэсты: на пісьмо, чытанне, чытанне на хуткасць і гэтак далей. Там падцвердзілі «дыягназ» (вазмiце ў двухкоссе, бо гэта ж не захворванее).
У школе мае выкладчыкі не саромеліся: абразы сыпалiся на мяне, як гарох. Больш за ўсё даставалася ад выкладчыцы рускай мовы і літаратуры.
Сумна жыць, калі табе амаль кожны дзень кажуць, што ты — тормаз ці дэбіл, сам пачынаеш у гэта верыць. Бо як патлумачыць тое, што я вытрачаў на кантрольныя і эсэ значна больш часу, чым астатнія вучнi. А калі з’явілася тэставанне, стала яшчэ складаней.
Таму і сяброў у мяне было літаральна пару чалавек, бо ўвесь вольны час я чытаў, пісаў і запамінаў.
У каледжы стала прасцей — там самі выкладчыкі лепш ставіліся да нас і шмат дапамагалі, нават арганізавалi бясплатныя заняткі пасля вучобы. У выніку мой сярэдні бал вырас з 6 да 8,9.
У тэсцiраваннi бывае цяжка з-за дыслексii, але прасцей, чым працаваць на вытворчасці ці з нейкімі юрыдычнымі дакументамі. Прыходзіцца дадаткова вытрачаць час на розныя праверкі, ці дакладна я зразумеў тое, што напісана — і гэта ўжо добрая звычка.
У нейкiх кампанiях пару разоў казаў, што ў мяне дыслексiя, але калі кіраўнік быў савецкага «разліву» — высмейваў ці таксама абражаў. Але ўжо ад больш маладых, маіх +/-аднагодак, амаль заўсёды было паразуменне і падтрымка, за выключэннем пары выпадкаў.
Прагрэс стаў дапамагаць: усе гэтыя Т9, агучка тэксту, Perplexity, LanguageTool, нават Google-перакладчык i iншыя рэчы.
«Начальству я бы не казаў пра сваё расстройства. Для яго галоўнае, каб я ў тэрмін задачы выконваў»
Арцём, тэхнік-праграміст:
— Я жыву з дыслексіяй з дзяцінства. Дыягназ мне паставіў спецыяліст рэабілітацыйнага цэнтра на Валадарскага ў Мінску.
Я вучыўся ў гімназіі з першага класа. Маці баялася, што ў чацвёртым я не здам іспыт, і перавяла мяне ў іншую школу. А вось у дзявятым класе я іспыт не здаваў якраз з-за дыслексіі. Але гэта ўсё роўна быў вельмі няпросты час — нават бывалі панічныя атакі.
У асноўным былі праблемы з тым, каб прыдумаць і пабудаваць тэкст. Я пісаў, потым перачытваў: «Ну што за лухта!» — закрэсліваў, пісаў нанова, з нуля. Тая ж праблема пераследавала і на англійскай. Часам я перакладаў і разумеў: ну штосьці не тое, відавочна там пра іншае гаворыцца.
Але, ведаеце, я неяк выжыў у школе. І дарэчы, вершы на памяць вучыў добра.
Так, я ўсё жыццё змагаюся з дыслексіяй — да гэтага часу. Я натрэніраваў вусную мову, а калі чытаю — раблю паметкі, стараюся запомніць. Калі я вучыўся ў каледжы, мая выкладчыца па англійскай параіла: у цябе праблемы з пісьмом — а ты вучы вусна!
Заўсёды было няпроста камунікаваць: калі стараюся данесці да каго-небудзь думку, ён спачатку не разумее, даводзіцца паўтараць. Раблю ўдых, выдыхаю і затым нанова расказваю што-небудзь.
Працую тэхнікам-праграмістам у дзяржустанове, а яшчэ вучуся на курсах — вывучаю C# і .NET.
Так, часам у мяне ўзнікаюць цяжкасці ў зносінах з калегамі. Некаму з іх я казаў пра дыслексію, яны адказвалі, што, напэўна, няпроста жывецца з ёй. Але, як бачыце, жыву — і змагаюся з ёй.
А вось начальству я бы не казаў пра сваё расстройства, ды і для майго кіраўніка галоўнае, каб я ў тэрмін задачы выконваў.
На саму працу мая дыслексія не ўплывае, калегі давяраюць, кажуць: «Рабі, як лічыш патрэбным — гэта твая сфера». І асабістаму жыццю яна не перашкаджае — я заводжу знаёмствы, сяброўства.
«Узамен мне значна прасцей, чым калегам, апераваць вялікімі аб’ёмамі інфармацыі»
Ірына*, QA з досведам 10+ гадоў у ІТ:
— Рэтраспектыўна ўзгадваю: у мяне заўсёды былі складанасці з пісьмом і чытаннем уголас, але само слова «дыслексія» і што яно значыць я даведалася выпадкова — здаецца ў старэйшых класах. Узгадваю, як прачытала артыкул у «Вікіпедыі» і падумала: ага, дык вось яно што! Вось, што са мной не так.
У школе я была выдатніцай, у мяне сярэбраны медаль. Усё, акрамя моў, давалася мне лёгка.
За любыя сачыненні і пераказы я атрымлівала дыяметральна супрацьлеглыя адзнакі за тэкст і граматыку: 10/2 у старшых класах было нормай. Ад настаўнікаў я заўсёды чула, што проста спяшаюся, што мне трэба быць уважлівей.
Ніхто — ні настаўнікі, ні родныя — не ведаў, што такое дыслексія, таму падтрымкі, вядома, ніякай не было. З другога боку я ніколі не адчувала сябе нейкай не такой, з асаблівасцямі — я была «проста няўважлівай». Але гэта ўсё, вядома, ціснула на мяне, і да гэтага часу я не вельмі люблю зносіны ў тэкставым фармаце.
Ах так, акрамя пісьма былі яшчэ праблемы з чытаннем, але толькі ўголас. Калі я чытаю пра сябе, то хутчэй «сканую» тэкст у пошуках апорных саюзаў, каб зразумець сэнс. Гэта падобна да тэхнік хуткачытання.
Ва ўніверсітэце было прасцей, бо спецыяльнасць тэхнічная, пісаць практычна не трэба было. Сучасныя тэхналогіі, дарэчы, вельмі моцна спрашчаюць жыццё дыслексікаў.
Калі я пачала працаваць як QA, з’явіліся, вядома, новыя складанасці: быць тэсціроўшчыкам значыць быць уважлівым да дэталяў. І калі лагічная частка не выклікала праблем, то вось праверка тэкстаў, напрыклад, у паведамленнях пра памылкі — тут так, складаней. З часам я проста навучылася шматлікім трукам.
Зносіны ў чатах усё яшчэ не самая простая рэч, пастаянна правяраю тое, што пішу. Гэта дарэчы не залежыць ад мовы: складана на ўсіх, але чым больш пішаш на адной мове, тым прасцей.
Многія калегі ведаюць пра маю дыслексію, я ў прынцыпе не хаваю, але і не вывальваю гэты факт адразу пры знаёмстве. Таксама не агучваю гэты факт на сумоўях сама, але калі спытаюць — адмаўляцца не буду.
Многія людзі лічаць дыслексію сінонімам «абмежавання ў развіцці» — гэта, вядома, няпраўда. Так, гэта накладвае пэўныя складанасці, але і дае свае плюсы — узамен мне значна прасцей, чым калегам, апераваць вялікімі аб’ёмамі інфармацыі: напрыклад, такімі, як патрабаванні да працяглых і складаных праектаў. І гэта дазваляе мне задаваць пытанні, пра якія не падумалі аналітыкі да рэалізацыі, і знаходзіць багі ў невідавочных на першы погляд месцах.
«Сын вучыць тэкст на памяць, каб у класе зрабіць выгляд, што чытае. Хоча стаць праграмістам»
Ганна*, тэхнічны пісьменнік:
— Дыслексія — у майго сына-падлетка. Як я гэта зразумела: у яго заўсёды былі праблемы з чытаннем, на пісьме блытаў месцамі склады, замяняў ці прапускаў літары. Неяк мне трапіўся анонс анлайн-семінара, які праводзіла нейрапсіхолаг для настаўнікаў малодшых класаў. Я далучылася да сустрэчы — і ў кожным кейсе пазнавала свайго сына, сшыткі дзяцей з дыслексіяй — гэта быццам бы мой сын пісаў.
Там жа нейрапсіхолаг дэманстравала відэа, як бачыць чалавек з дыслексіяй: словы танцавалі, зліпаліся і разрываліся, літары ўцякалі і вярталіся, мяняліся месцамі. Мне стаў зразумелы сэнс слоў майго дзіцяці: «Мама, чытаць — гэта не задавальненне, гэта праца і пакута».
Адвяла сына да нейрапсіхолага і ён пацвердзіў: у хлопчыка і дыслексія, і дысграфія. І чытанне не развівае ў яго пісьменнасць — мозг не запамінае, як пішуцца словы, таму што: «А навошта?» — бо літары вечна мяняюцца месцамі адна з адной. Нейрапсіхолаг сказала: «Вы палегчыце хлопцу жыццё, калі звычайныя кнігі замяніце на аўдыя-аналагі».
Штосьці я і сапраўды замяніла (што змагла), але ў школе вучацца па друкаваных падручніках — і ён усё роўна дастаткова шмат чытае.
Я пагаварыла з настаўнікамі: выкладчыца англійскай зразумела, чаму перад некаторымі словамі сын замірае, быццам прыглядаецца да іх, а потым чытае павольна, па складах. Яна не зніжае яму адзнакі за гэта. Настаўніца беларускай перастала выклікаць яго чытаць з ліста — толькі расказваць ці чытаць на памяць.
А вось настаўніца рускай паспачувала, але выклікаць чытаць з выразнасцю працягнула. Даходзіла да таго, што сын вучыў вершы на памяць (нават тыя, што не задавалі вучыць), каб потым у класе прачытаць, быццам бы з ліста.
З дыслексіяй няпроста не толькі на мовах. У сына бывала так, што не мог рашыць задачу па геаметрыі, таму што фразу «радыусы акружнасці перасякаюцца» бачыў як «радыусы акружнасцей» — і чарціў дзве акружнасці замест адной. Падобныя праблемы ўзнікалі і на іншых прадметах.
Пры гэтым сын шмат вучыцца — літаральна сядзіць над падручнікамі да ночы. Мая дачка, у якой дыслексіі няма, кажа, што пры такім старанні, як у брата, яна была б круглай выдатніцай (сярэдні бал сына — 8,5).
Калі сыну даць тэкст для дыктоўкі, праз некалькі гадзін трэніровак ён напіша без адзінай памылкі. Але, на жаль, прыроду не перахітрыць: калі даць яму дыктоўку-экспромт — ліст будзе чырвоным ад выпраўленняў. Прычым памылкі будуць найдурнейшымі: «у» замест «і», «б» замест «в»… Іспыты ў дзявятым класе (а там пішуць два пераказы — па рускай і беларускай мовах), адчуваю, будуць для майго дзіцяці тым яшчэ выпрабаваннем. І мне шкада, што з дыслексіяй не вызваляюць ад экзаменаў.
У майго сына ўсё ў парадку з логікай, нядрэнна ідзе матэматыка. Ён хоча стаць праграмістам. А стане ці не — пабачым.
Читать на dev.by