Імперыя Хуанга: Nvidia выдала $90 млрд, каб захапіць увесь рынак штучнага інтэлекту
За апошнія 16 месяцаў Nvidia накіравала на інвестыцыі і партнёрствы фенаменальныя $90 млрд — $47 млрд за мінулы фінансавы год і яшчэ $43 млрд за наступныя чатыры месяцы. Грошы ракой паліліся ў больш чым 145 кампаній: ад распрацоўшчыкаў ШІ-мадэляў да пастаўшчыкоў інфраструктуры. У Сіліконавай даліне жартуюць, што Хуанг цяпер спансіруе наогул усіх, піша Financial Times.
За апошнія 16 месяцаў Nvidia накіравала на інвестыцыі і партнёрствы фенаменальныя $90 млрд — $47 млрд за мінулы фінансавы год і яшчэ $43 млрд за наступныя чатыры месяцы. Грошы ракой паліліся ў больш чым 145 кампаній: ад распрацоўшчыкаў ШІ-мадэляў да пастаўшчыкоў інфраструктуры. У Сіліконавай даліне жартуюць, што Хуанг цяпер спансіруе наогул усіх, піша Financial Times.
Стратэгія Nvidia адначасова элегантная і цынічная: кампанія выпісвае стартапу чэк, але ўзамен прывязвае яго да сваёй экасістэмы. Замест класічнага венчурнага фонду інвестыцыямі кіруе аддзел па развіцці бізнесу.
Адзін з найбольш яркіх прыкладаў таго, як Nvidia сціскае хватку ў ШІ-сферы, — кантроль над тэхналогіямі. Кампанія ўклалася ў распрацоўшчыка чыпаў SiFive і вылучыла $2 млрд канкурэнту Amazon — кампаніі Marvell. Адзіная ўмова — іх будучыя працэсары мусяць быць сумяшчальнымі з NVLink — фірмовай тэхналогіяй Nvidia для злучэння чыпаў.
Больш за ўсё аналітыкаў непакоіць тое, як Nvidia стварае кішэнных кліентаў, спансіруючы невоблачныя кампаніі накшталт CoreWeave і Iren. У апошнюю Nvidia уліла $2,1 млрд і адразу заключыла кантракт на $3,4 млрд, каб арандаваць у яе ж магутнасці. Атрымліваецца замкнёнае кола: Nvidia выступае для стартапаў адначасова інвестарам, пастаўшчыком чыпаў і галоўным кліентам. Гэта дапамагае Хуангу змагацца з ІТ-гігантамі накшталт Google і Amazon, якія хоць і купляюць чыпы Nvidia, але спрабуюць ствараць свае.
Таксама Nvidia займаецца скупкай мазгоў і патэнтаў. Буйнейшай угодай мінулага года стала пакупка за $20 млрд стартапу Groq, чые працэсары моцныя ў інферэнсе. Nvidia ўжо анансавала прадукт на базе іх тэхналогіяў.
Вядзецца праца і над ланцужком паставак. Каб заводы не спыніліся праз дэфіцыт кампанентаў, Nvidia выдзеліла $95 млрд на доўгатэрміновыя кантракты з пастаўшчыкамі камплектавання. Сюды ўвайшлі мільярдныя інвестыцыі ў вытворцаў аптычнага валакна і фатонікі (Coherent, Lumentum, Corning). Усе яны — ключавыя падрадчыкі Apple, аднак Nvidia агрэсіўна перацягвае коўдру на сябе, каб гарантаваць, што дэфіцытнае абсталяванне дастанецца менавіта ёй.
Агрэсіўная скупка рынку прыцягнула ўвагу антыманапольшчыкаў. Рэгулятары ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі ўжо закідалі Nvidia жорсткімі запытамі, патрабуючы раскрыць дэталі ўсіх гэтых партнёрстваў і інвестыцый.
Але стартапы гэта не палохае. Заснавальнікі хутка зразумелі, што калі будаваць прадукт на экасістэме Nvidia і прасоўваць іх адкрытыя ШІ-мадэлі Nemotron, Джэнсэн Хуанг асабіста выпіша чэк. Як кажуць партнёры Хуанга, яму нецікава рухаць пешку на адну клетку — ён бачыць на 5-10 хадоў наперад і гуляе так, каб гэтая пешка адразу станавілася каралевай.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.