Google выпусціла Gemini 2.0 — сваю самую разумную мадэль
Google паказала другое пакаленне фірмовай мадэлі Gemini, піша The Verge. Кампанія называе навінку самай магутнай з усіх выпушчаных ёю мадэляў.
Акрамя тэксту Gemini 2.0 умее генераваць выявы і аўдыя. Яна значна прадукцыйнейшая і таннейшая за папярэдніцу. Таксама Gemini 2.0 закладвае аснову для новай эры ў развіцці штучнага інтэлекту — АІ-агентаў, якія змогуць выконваць розныя задачы ад імя карыстальніка, фактычна замяняючы яго.
Дзеля ўзору Google стварыла эксперыментальнае пашырэнне для Chrome пад назвай Mariner, якое можа выкарыстоўваць браўзер замест юзера — рабіць пакупкі або планаваць паездкі і не толькі.
Агент Jules для распрацоўшчыкаў дапамагае шукаць і выпраўляць памылкі ў кодзе. Таксама ёсць АІ-агент для геймераў, які спрабуе зразумець правілы гульні на аснове таго, што адбываецца на экране і дае падказкі ў рэальным часе.
Акрамя гэтага, Google паказала АІ-інструмент Deep Research. Бот на базе Gemini правядзе даследаванне матэрыялаў з сеціва на зададзеную карыстальнікам тэму і падрыхтуе падрабязны даклад. Юзер зможа карэктаваць план пошуку, складзены ботам, а таксама прасіць яго ўдакладніць тыя ці іншыя моманты справаздачы.
Gemini 2.0 пакуль знаходзіцца на тэставай стадыі ў рэжыме прэв’ю. Але яна ўжо даступная ў вэб-праграме Gemini, а на пачатку наступнага года плануецца паўнавартасны рэліз.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.