З «правільнай, верыфікаванай інфармацыяй». У Беларусі стварылі «правільны» аналаг Вікіпедыі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі хутка прадставіць «інтэграваны рэсурс „Беларуская электронная энцыклапедыя“». Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на кіраўніка бібліятэкі Вадзіма Гігіна.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі хутка прадставіць «інтэграваны рэсурс „Беларуская электронная энцыклапедыя“». Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на кіраўніка бібліятэкі Вадзіма Гігіна.
«У бліжэйшы час мы павінны завяршыць пытанне, звязанае з інтэграцыяй нашага праекта „Беларусь у асобах і падзеях“, дзе ўжо створана каля 30 тысяч фактаграфічных запісаў, з той працай, якая праводзілася Нацыянальнай акадэміяй навук», — сказаў ён. Гаворка пра сайт «Беларуская энцыклапедыя» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа — НББ бязвыплатна атрымала правы на 4 тысячы запісаў. У выніку інтэграцыі будзе прадстаўлены новы рэсурс.
Аўтары маюць намер стварыць адзіную платформу з дадзенымі пра гісторыю і жыццё краіны як надзейнай альтэрнатывы знешнім крыніцам інфармацыі, тлумачыць БЕЛТА.
«Гэта робіцца для таго, каб наш карыстальнік — школьнік, студэнт, выкладчык — меў правераную, верыфікаваную інфармацыю пра асноўныя падзеі, звязаныя з гісторыяй, культурай, палітыкай Беларусі», — сказаў генеральны дырэктар НББ.
Паводле яго, колькі заўгодна можна праводзіць адзіную гістарычную палітыку, але яна не будзе мець належнага выніку, калі карыстальнік можа атрымліваць з іншых электронных рэсурсаў скажоную інфармацыю, якая запісаная не на беларускай тэрыторыі.
«І паўплываць на тое, як яе трактуюць, мы не можам. Але стварыць альтэрнатыўную крыніцу — гэта ў нашых сілах. Гэтая праца праводзіцца», — адзначыў Гігін.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.