Да 150 тысяч добраахвотнікаў. Лукашэнка расказаў пра стварэнне народнага апалчэння

Лукашэнка правёў пасяджэнне Рады бяспекі, на якім анансаваў праект закона «Пра народнае апалчэнне». Дакумент быў распрацаваны Мінабароны сумесна з МУС. У народнае апалчэнне плануюць прыцягнуць не менш за 100 тысяч чалавек, паведамляе Белта.

60 каментарый

Нашто трэба народнае апалчэнне?

Паводле слоў Лукашэнкі, «кожны мужчына (дый не толькі мужчына) мусіць умець, як мінімум, абыходзіцца са зброяй».

— Хоць бы для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям’ю, свой дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ані дома, анічога іншага. Многія гэта разумеюць, — заявіў на пасяджэнні Лукашэнка.

Паводле слоў міністра абароны Віктара Хрэніна, асноўная задача народнага апалчэння — абарона сваёй мясцовасці і забеспячэнне правапарадку сумесна з міліцыяй.

— Неабходнасць прыняцця гэтага закона абумоўленая двума фактарамі. Першы фактар — стварэнне дадатковых умоў для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахопленыя органамі ўнутраных спраў і войскамі. А гэта перш за ўсё нашыя сельскія населеныя пункты, асобныя раённыя гарады. Другі фактар — даць нашым грамадзянам, якія не будуць ахопленыя мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, магчымасць удзельнічаць у абароне краіны, — растлумачыў Віктар Хрэнін.

Хто ўвойдзе ў народнае апалчэнне?

Склад, колькасць, задачы народнага апалчэння будуць вызначаць органы мясцовай улады. Паводле разлікаў вайскоўцаў, колькасць народнага апалчэння можа скласці 100-150 тысяч чалавек. У Мінабароны не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць і больш.

— У нас дастаткова мабілізацыйнага рэсурсу, які знаходзіцца на ўліку ў нашых ваенных камісарыятах. Мы правялі праверку і бачым, што яны не ўсе будуць задзейнічаныя паводле мабілізацыйнага плана. Гэта перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо навучаныя і ўмеюць карыстацца зброяй. Але мы не выключаем, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі вайсковай падрыхтоўкі, у тым ліку і жанчыны, — расказаў Хрэнін. Ён дадаў, што для добраахвотнікаў прадугледжаныя курсы падрыхтоўкі.

Паводле дакумента, добраахвотнікі, якія ўступілі ў шэрагі народнага апалчэння, будуць размяшчацца па месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі. У наймальніка будзе права вызваляць гэтых грамадзян ад працы з захаваннем заработнай платы і працоўнага месца. Таксама на добраахвотнікаў будуць распаўсюджвацца сацыяльныя гарантыі, якія распаўсюджваюцца на вайскоўцаў па мабілізацыі.

Упершыню пра стварэнне народнага апалчэння міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў у маі мінулага года. Пазней пра ідэю стварэння апалчэння згадаў Лукашэнка. Ён расказаў, што на думку яго навёў досвед Украіны.

— Я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама мусяць мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх заклікаем для навучання — яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом.

У выпадку ваенных дзеянняў атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух.

Айцішнікам выдаюць позвы на зборы дома і на працы — дазналіся дэталяў
Па тэме
Айцішнікам выдаюць позвы на зборы дома і на працы — дазналіся дэталяў
Айцішнікі паказалі позвы «з’явіцца для ўдакладнення». Выглядае, што пакуль гэта адзінкавыя выпадкі
Па тэме
Айцішнікі паказалі позвы «з’явіцца для ўдакладнення». Выглядае, што пакуль гэта адзінкавыя выпадкі
Айцішнік атрымаў запрашэнне на агляд «ад ваенкамата». Але бальніца гінекалагічная
Па тэме
Айцішнік атрымаў запрашэнне на агляд «ад ваенкамата». Але бальніца гінекалагічная
«Пастараюцца ўсіх вывезці». Як на мабілізацыю рэагуюць у ІТ-кампаніях
Па тэме
«Пастараюцца ўсіх вывезці». Як на мабілізацыю рэагуюць у ІТ-кампаніях

Читать на dev.by