Вывучыла асновы Javascript, але вырашыла застацца доктаркай. Спыталіся чаму
Днямі ў Linkedin з’явіўся пост: «Вывучыла асновы Javascript і React, каб зразумець, што хачу застацца ў медыцыне». Ён справакаваў абмеркаванне на больш як 260 каментароў сярод айцішнікаў і былых медыкаў, якія перайшлі ў айці. dev.by не змог прайсці міма і пагаварыў з аўтаркай гэтых слоў.
«Бачыць удзячныя вочы пацыентаў мне прыемней, чым адкрыты аркуш рэдактара кода»
Анастасія Стэльмах паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт з парады бацькоў. Скончыла лячэбны факультэт з чырвоным дыпломам у 2018 годзе, затым вучылася ў інтэрнатуры і адправілася на размеркаванне ў якасці неўролага ў Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр.
Цяпер Анастасія знаходзіцца ў дэкрэце, але ўсё адно змагла знайсці час, каб вывучыць Javascript і React.
— Усё пачалося з таго, што мой муж, у мінулым доктар-рэнтгенолаг, перайшоў у ІТ — front-end распрацоўшчыкам. Быў вельмі задаволены, увесь час параўноўваў мінулую працу з цяперашняй і, як, пэўна, і многія, спрабаваў растлумачыць сябрам усе плюсы працы праграмістам і схіліць іх да вывучэння. Але я таго часу толькі нарадзіла, і мяне гэтая агітацыя не тычылася (смяецца).
У студзені 2022-га ён чарговым разам бедаваў, што ніхто з яго атачэння не хоча падняць узровень жыцця. Казаў, што медыцыну вывучыць нашмат складаней за праграмаванне. І тады я спыталася: «І што, нават я змагла б вывучыць?».
Мы абмеркавалі, як муж будзе мне дапамагаць. Што мне не прыйдзецца глядзець кучу курсаў, як рабіў свайго часу ён, каб знайсці нешта годнае. Што стане мне рабіць код-рэв’ю, дапамагаць з памылкамі. Тым больш, што парог уваходу павысіўся, і стала патрэбная англійская ўзроўню B1 і вышэйшага — мне як раз хапала.
У рэшце рэшт паўгода таму Анастасія запісалася на першы стэйдж RS School (школа на базе кам’юніці Rolling Scopes — заўв. dev.by) і стала паціху вывучаць асновы HTML, CSS, JavaScript. Як кажа суразмоўніца, «мы нават адкрылі першы-лепшы сайт і звярсталі яго разам».
— На пачатку чэрвеня заканчваўся Stage 1. Я была па-за межамі першай тысячы і таму на другі стэйдж вырашыла не пераходзіць, а вучыць самастойна і ў верасні зайсці адразу на Stage 3 (вывучэнне фрэймворку).
Працэс навучання мне не быў у цяжар. Я магу вывучыць што заўгодна. Але калі я ўяўляла, што гэтым трэба будзе займацца пастаянна: глядзець у экран, прыдумляць назвы кампанентаў і пераменным, сядзець дома, гутарыць з людзьмі толькі на сазвонах — мяне гэта крыху прыгнятала.
Дый склад розуму ў мяне не матэматычны. Я вельмі доўга спрабавала зразумець усякія алгарытмічныя задачкі (калі наогул іх разумела). Так што я стала вельмі павольна вывучаць новую інфармацыю, раздражнялася, пракрастынавала. Як мне пісалі ў каментарах да пасту, праграмаванне для ўсіх, але не ўсе для праграмавання. Я згодная з гэтым.
Пад пастом Анастасіі разгарнулася дыскусія на 260+ каментароў. Вось колькі цытат адтуль:
- «Мне заўжды складана праводзіць сумоўі з тымі, хто пераходзіць з медыцыны. Я ведаю, якая велізарная праца ўкладзеная ў дыплом, і заўжды крыху шкадую. Але і разумею, наколькі ж заматываваныя такія супрацоўнікі. Пасля меда — усё пад сілу!».
- (пераклад з украінскай) «Стаматолаг, планую перайсці ў геймдэў. Прычыны? Вайна, прафесійнае выгаранне, стан здароўя — вырашыў усё ж такі здзейсніць мару свайго жыцця».
- «Я былы неўролаг, цяпер 3D-мастак. Знайшла прыдатную прафесію і люблю сваю працу :) А пасля прыёму ў паліклініцы хацелася легчы і памерці. Ці то ўмовы жудасныя былі, ці то проста з людзьмі працаваць не маё».
- «Быў медбратам, а цяпер QA) Не шкадую пра змену прафесіі!»
- «Маё меркаванне, вы пачалі не з той вобласці, вам больш падыдуць нейронныя сеткі, машыннае навучанне. Ужо на чалавечы мозг і псіхіку пачняце глядзець зусім з іншага боку».
- «Лепей добры доктар, чым чарговы JS кодар».
— Калі ў нашай сям'і фінансавае пытанне стала адчувацца не так востра, мы яшчэ раз усё абмеркавалі. Я вырашыла, што застануся ў неўралогіі. Пасля гэтага я з радасцю сустракала кожны дзень і нават захацела хутчэй выйсці на сваё месца працы, каб занурыцца ў знаёмы, зразумелы і патрэбны ўсім свет медыцыны.
Дагэтуль часам лаўлю сябе на думцы, што, можа, я проста рана сышла з дарогі, не праявіла стойкасці, пабаялася выйсці з зоны камфорту. Але пасля водгуку на мой першы пост разумею, што прынясу нашмат больш карысці ў якасці доктаркі. Тым больш, што бачыць радасныя і ўдзячныя вочы пацыентаў мне прыемней, чым адкрыты аркуш рэдактара кода.
«Планую весці блог і асвятляць самыя распаўсюджаныя праблемы ў праграмістаў»
Так як сетка кантактаў Анастасіі ў Linkedin ужо большая за 500 чалавек, яна вырашыла, што зможа прынесці карысць і на гэтай пляцоўцы. Тым больш што яе спецыяльнасць звязаная з характэрнымі праблемамі праграмістаў накшталт анямення рук альбо болю ў спіне.
— Я планую проста весці блог і асвятляць самыя распаўсюджаныя праблемы ў праграмістаў. Гэта тунэльныя сіндромы верхняй канцавіны, болі ў спіне, галаўныя болі, бессань. Таксама хачу расказаць пра пару неўралагічных захворванняў, якія дэбютуюць у маладым веку, каб быў шанец іх спыніць або выявіць на ранняй стадыі.
А потым паглядзім. Можа, на Linkedin прыйдуць і дактары іншых спецыяльнасцей.
Наконт кансультацый пакуль не загадваю, хаця пару запытаў ужо было. Але тут вельмі важны неўралагічны агляд пацыента (з малатком), а анлайн гэта зрабіць праблематычна. Пакуль я дадумалася толькі да тэлеграм-бота, які б дапамагаў мне на прыёме. Напрыклад, туды можна будзе скідваць дзённікі галаўнога болю або нейкія дыягнастычныя апытанкі.
Яшчэ, думаю, некаторыя сумняваюцца ў маёй кампетэнтнасці. Ну як матуля ў дэкрэце можа быць годнай доктаркай? Але я лічу, што мой досвед: медуніверсітэт з чырвоным дыпломам, інтэрнатура і два гады адпрацоўкі ў абласным дыягнастычным цэнтры, куды прыязджаюць пацыенты з рознымі захворваннямі, а таксама ўдзел у міжнародных клінічных даследаваннях па лячэнні рассеянага склерозу, эпілепсіі, хваробы Паркінсона, міястэніі, у якіх я працягваю ўдзельнічаць і цяпер, — дае мне права пісаць азнаямленчыя пасты ў Linkedin.
— Што думаеце пра сітуацыі, калі медыкі пераходзяць у ІТ?
— Думаю, кожны, хто пераходзіць, перад тым вельмі доўга сумняваецца і старанна ўзважвае ўсё. У кожным разе медыцынскія веды застаюцца з намі назаўжды і будуць дапамагаць усё жыццё.
Читать на dev.by