Долар і еўра патаннелі пасля выходных
Долар і еўра адначасова патаннелі па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 2 снежня.
Долар патаннеў амаль на 4 капейкі (-1,1%), курс склаў 3,5309 рубля. Курс еўра знізіўся амаль на 1% і склаў 3,7585 рубля.
Долар працягвае таннець пасля працяглага росту. 29 лістапада курс амерыканскай валюты ўпаў на 0,7%. Да гэтага на працягу амаль трох тыдняў долар даражэў. Асабліва рэзка — у апошнюю дэкаду. Калі за першыя 20 дзён лістапада долар падаражэў на 2,3%, то за апошнія 10 дзён — больш як на 5%.
У цэлым ад пачатку лістапада долар падаражэў на 6,5%, а ад пачатку года — на 11,0%.
У адрозненне ад долара курс еўрапейскай валюты нестабільны апошні месяц. У цэлым ад пачатку лістапада еўра падаражэў на 4,3%, ад пачатку года — на 6,3%.
«Часовая з’ява, звязаная з вынікамі выбараў у ЗША»
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка лічыць, што на курс долара апошні месяц паўплывала абранне прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа.
— Тое, што цяпер адбываецца — гэта часовая з’ява, звязаная са многімі фактарамі: і ўнутранымі, і вонкавымі. На фоне прыходу або абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, на якіх абраны прэзідэнт прадэклараваў лозунг у чарговы раз зрабіць Амерыку вялікай.
Такія пасылы, вядома, уздзейнічаюць на міжнародны фінансавы рынак. То-бок усе чакаюць, што долар будзе мацнейшым. Адпаведна, ф’ючарсы валютныя ўжо ўлічваюць гэтую папраўку. Яны цалкам потым могуць адыграць назад. Гэта, я б сказаў, такое больш пакуль эмацыйнае рашэнне, якое таксама ўплывае на інвестараў, — адзначыў Галоўчанка ў эфіры беларускага тэлебачання.
Паводле слоў кіраўніка ўрада, з улікам таго, што валютны курс плавае, у Беларусі рынкавае цэнаўтварэнне, беларускі рубель аўтаматычна дэвальваваўся да долара.
— Але ўвесь час да гэтага беларускі рубель умацоўваўся да амерыканскай валюты. А для нас самае галоўнае цяпер усё ж такі расійскі рубель і кітайскі юань — гэта валюта нашых асноўных гандлёвых партнёраў і тых дружалюбных краін, якія з намі разлічваюцца ў гэтай валюце, — адзначыў Галоўчанка.
Читать на dev.by