Суд адмовіўся выселіць сквотараў з дома заснавальніка «Яндэкса» ў Нідэрландах

У Нідэрландах адмовіліся выселіць сквотараў, якія самавольна занялі дом заснавальніка «Яндэкса» Аркадзя Волажа ў Амстэрдаме, піша РБК. Падчас папярэдняга слухання суд вырашыў, што для прымусовага высялення няма дастатковых падстаў.

Пакінуць каментарый

Паводле слоў адвакатаў бізнэсоўца, ён купіў дом для асабістага карыстання і планаваў спыняцца там час ад часу з сям’ёй, «каб атрымаць асалоду ад выдатнага горада Амстэрдама». Ад 2020 года ў будынку праводзіцца капітальны рамонт.

Суддзя пастанавіў, што гэта можа прывесці да «значнага росту кошту» маёмасці і, як следства, «росту капіталу», што забаронена санкцыямі ЕС. З гэтай жа прычыны суд усумніўся, што Волаж зможа наведваць дом, і пагадзіўся з меркаваннем сквотараў, якія сцвярджалі, што бізнэсовец мае намер здаваць яго ў арэнду.

Сквотары тлумачаць свае дзеянні тым, што «правы мільярдэраў, якія разглядаюць нашы гарады як інвестыцыі, абароненыя лепш, чым правы уразлівых людзей, якія хочуць мець дах над галавой». Яны занялі дом Волажа пры канцы кастрычніка, скарыстаўшыся тым, што ён пустуе. З балкона яны вывесілі транспарант са словамі пра тое, што яны супраць «вайны і капіталізму».

Месяц таму мясцовая газета NRC апублікавала расследаванне, у якім расказвалася пра нерухомасць, якая належыць Волажу ў Амстэрдаме. Выданне пісала, што бізнэсовец сам задэклараваў гэты дом пасля трапляння пад санкцыі ў чэрвені. Улады Нідэрландаў замарозілі яго права ўласнасці, прадаць або выкарыстоўваць дом Волаж зможа толькі пасля выключэння з санкцыйнага спісу.

Адразу пасля ўвядзення санкцый Волаж абвясціў пра сыход з праўлення «Яндэкса».


Читать на dev.by