«Куча рускіх троляў вылезла»: Торвальдс рэзка пракаментаваў адхіленне расійцаў ад Linux
11 чалавек меркавана расійскага паходжання або тых, хто выкарыстоўваў электронную пошту ў зоне .ru, выключылі са спіса мэйнтэйнераў Linux. Гэта выклікала бурныя абмеркаванні ў супольнасці — удзельнікі прапаноўваюць усё скасаваць, абураюцца адсутнасцю афіцыйных тлумачэнняў пра новыя, мяркуючы з усяго, «патрабаванні камплаенсу», а пацярпелыя выказваюць здзіўленне раптоўным паваротам падзей. Грэг Кроа-Хартман, які ўнёс змены ў спіс, пакуль сваіх дзеянняў не каментаваў. Але затое адрэагаваў стваральнік аперацыйнай сістэмы Лінус Торвальдс, намякнуўшы на вайну ва Украіне.
«Цалкам відавочна, чаму было зробленае гэта змяненне, скасаванае яно не будзе, і спроба „высветліць яго прычыны“ з розных рандамных ананімных акаўнтаў расійскімі фабрыкамі троляў нічога не зменіць», — напісаў Торвальдс. Ён падкрэсліў, што навіны звязаныя не толькі з «патрабаваннямі камплаенсу» ў ЗША.
«Калі вы яшчэ не чулі пра санкцыі супраць Расіі, знайдзіце час і пачытайце навіны. І пад „навінамі“ я маю на ўвазе не прапаганду расійскіх уладаў», — дадаў Торвальдс. У адказ на патчы з прапановай скасаваць папярэдні ён згадаў пра сваё фінскае паходжанне: «вы думалі, я буду „падтрымліваць“ расійскую агрэсію? Відавочна, рэч не толькі ў адсутнасці рэальных навін, але і ў няведанні гісторыі».
Такім чынам, рашэнне застаецца ў сіле і зацверджанае Торвальдсам. Многія рэчы застаюцца няяснымі — напрыклад, ці будуць цяпер прымацца ў ядро патчы адлучаных ад яго мэйнтэйнераў і ці будуць нейкія далейшыя абмежаванні для гэтых мэйнтэйнераў.
На здагадку аб тым, ці звязана тое, што адбываецца, з якімі-небудзь пагадненнямі аб невыдаванні, Торвальдс даволі жорстка адказаў: «Не, але я не юрыст, і я не збіраюся ўдавацца ў падрабязнасці таго, што мне — і іншым мэйнтэйнерам — сказалі юрысты. Як і не збіраюся абмяркоўваць юрыдычныя пытанні з выпадковымі людзьмі з інтэрнэту, якіх я сур’ёзна падазраю ў тым, што яны праплачаныя і/або справакаваныя такімі людзьмі».
Читать на dev.by