Улады ЗША хочуць прымусіць Google прадаць Chrome
Мінюст ЗША хоча, каб суд прымусіў Google прадаць Chrome, паколькі ён выступае ключавым пунктам доступу, праз які многія выкарыстоўваюць пашукавік. Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы. Браўзер ацэньваюць у $20 млрд.
Акрамя гэтага, рэгулятар плануе запатрабаваць прыняцця мер, звязаных з АІ і Android. У прыватнасці, аддзяліць мабільную АС ад іншых прадуктаў кампаніі, уключаючы пошук і Google Play. Таксама Google могуць прымусіць раскрываць больш інфармацыі рэкламадаўцам і даваць ім больш кантролю над паказам рэкламы.
Антыманапольныя органы адмовіліся ад стражэйшых мер, такіх як продаж Android. Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што некаторыя дэталі яшчэ могуць змяніцца.
У Google заявілі, што Мінюст «прасоўвае радыкальны парадак дня, які выходзіць далёка па-за межы прававых пытанняў», а ў выніку пацярпяць карыстальнікі, распрацоўшчыкі і ЗША як сусветны лідар у тэхналагічнай сферы. У Міністэрстве адмовіліся ад каментароў.
У гэтым жніўні амерыканскі суд прызнаў Google манапалістам на рынку пашукавікоў. У кастрычніку Мінюст паведаміў, што абмяркоўвае раздзел кампаніі.
Слуханні ў справе прызначаныя на красавік 2025 года. Канчатковае рашэнне суд плануе вынесці ў жніўні.
Читать на dev.by