Айцішнікі сталі масава сыходзіць з DOGE Маска — пратэстуюць супраць скарачэнняў дзяржслужбоўцаў
21 ІТ-спецыяліст учора звольніўся з Дэпартамента эфектыўнасці ўрада, які ўзначальвае Ілан Маск. Яны не маюць намеру ўдзельнічаць у шматтысячных скарачэннях дзяржслужбоўцаў, паведамляе The Guardian.
Айцішнікі не хочуць, каб іх прафесійныя навыкі выкарыстоўваліся для «кампраметацыі ключавых урадавых сістэм, стварэння пагрозы для адчувальных даных амерыканцаў і разбурэння» крытычна важных для грамадства службаў. Сярод тых, хто звольніўся, — інжынеры, дата-саентысты і менеджары па прадукце.
«Мы пакляліся служыць амерыканскаму народу і трымаем клятву канстытуцыі нягледзячы на змену прэзідэнцкай адміністрацыі. Аднак стала відавочна, што выконваць гэтыя забавязанні для нас больш немагчыма», — гаворыцца ў калектыўным лісце, у якім яны абвясцілі пра адстаўку.
Супрацоўнікі, якія сышлі, таксама заявілі, што многія з тых, каго Маск набраў сабе ў каманду ўрэзваць дзяржапарат, з’яўляюцца палітычнымі ідэолагамі без рэлевантных ведаў і досведу для ажыццяўлення назначанай задачы.
Паводле слоў цяпер ужо былых дзяржслужбоўцаў, да іх на працу прыходзілі асобы з пропускамі наведвальнікаў Белага дома і дапытвалі пра іх палітычныя погляды, працоўны досвед і пра іх калег у федэральных органах. Таксама ў лісце асуджаюцца павальныя звальненні, якія праводзяцца ў ведамствах з падачы DOGE. Напрыклад, колькасць супрацоўнікаў USAID паменшылі ў 30 разоў.
Маск спачатку назваў навіну пра ліст фэйкам у Х, але потым сам жа пацвердзіў яе, назваўшы падпісантаў перажыткамі дэмакратаў, якія не хацелі працаваць з офіса. І дадаў, што іх бы ўсё роўна звольнілі, калі б яны не сышлі самі.
Звольненыя раней працавалі ў Службе лічбавых тэхналогій (United States Digital Service) ЗША, якая была створаная пры Бараку Абаме. У дзень інаўгурацыі Трампа яна была перайменаваная ў Службу DOGE (United States DOGE Service).
Читать на dev.by