Маск збіраецца наняць некалькі тысяч чалавек у свой АІ-стартап
xAI хоча ўзмацніць пазіцыі ў АІ-гонцы з гігантамі накшталт OpenAI, Meta і Google: стартап Ілана Маска плануе наняць сёлета тысячы працаўнікоў для навучання свайго чат-бота Grok. Пра гэта піша Business Insider паводле слоў некалькіх супрацоўнікаў, якім аб актывізацыі наймання расказалі менеджары.
Цяпер, мяркуючы з унутраных каналаў у Slack, у xAI працуе больш за 900 спецыялістаў па разметцы даных — іх называюць «АІ-т’ютары». Некалькі сотняў такіх працаўнікоў было нанята напярэдадні лістападаўскіх выбараў. На дадзены момант у стартапе адкрыта пяць вакансій па разметцы даных — патрэбныя, напрыклад, працаўнікі-білінгвы, юрыст і STEM-спецыяліст.
Маск пастаянна кажа аб вялікім патэнцыяле АІ. Летась стартап пабудаваў наймагутнейшы, паводле слоў прадпрымальніка, суперкамп’ютар у свеце ў тэнесійскім Мемфісе, а ў студзені запусціў праграму для Grok. Летась xAI правёў некалькі інвестраўндаў, у якіх прыцягваў па $6 млрд.
Спецыялісты па разметцы даных граюць важную ролю ў распрацоўцы вялікіх моўных мадэляў. Яны маркіруюць, катэгарызуюць і кантэкстуалізуюць сырыя даныя, каб дапамагчы мадэлям зразумець рэальны свет. У xAI АІ-т’ютары ўдзельнічаюць у самых розных праектах — напрыклад, дапамагаюць паляпшаць якасць генераваных ботам малюнкаў і якасць распазнавання галасавых каманд, вучаць бота разумець, рэзюмаваць і падбіраць кантэкст да публікацый у Х.
Суразмоўцы BI кажуць, што стартап хоча пашырыць штат супрацоўнікаў, якія дапамогуць навучаць Grok на розных мовах. Паводле іх слоў, некаторыя праекты доўжацца па некалькі месяцаў, некаторыя займаюць толькі некалькі дзён, пасля чаго людзей пераводзяць на новыя.
xAI наймае АІ-т’ютараў на 6-месячныя кантракты ў штат на фултайм з пагадзіннай аплатай. Яны працуюць сумесна з інжынерамі, у іх ёсць асобны канал TeachX у Slack, і ў іх адрозніваецца дамен працоўных імэйлаў. У TeachX т’ютары падзеленыя на групы па спецыялізацыі (напрыклад, STEM, праграмаванне, пераклад), а таксама ёсць вялікая група т’ютараў АІ агульнага кірунку. Па зарплаце прапаноўваюць ад $35 да $65 на гадзіну, ёсць перспектыва павышэння да цімліда праз некалькі месяцаў. Праца аддаленая. Працаўнікоў кантралююць праз платформу Starfleet Academy, якая разлічвае, колькі часу працаўнік мае выдаткоўваць на тую ці іншую задачу (звычайна яны займаюць ад 3 да 10 хвілін), адсочвае экранны час і дазваляе калегам, адказным за QA, ацэньваць іх працу.
BI адзначае, што т’ютары складаюць асноўную масу працаўнікоў xAI. Мяркуючы з LinkedIn, стартап таксама налічвае каля 100 супрацоўнікаў не на кантракце, сярод іх — інжынеры і тэхнічныя супрацоўнікі.
Читать на dev.by