Джобс: найлепшы менеджар — той, хто не хоча быць менеджарам
Нябожчык і сузаснавальнік Apple Стыў Джобс у інтэрв’ю 1985 года дзяліўся сваім бачаннем добрага менеджара. Гэта тыя людзі, якія зусім не хочуць быць менеджарамі.
Паводле аповеда Джобса, калі ён і яго калегі зразумелі, што ў Apple вялікая будучыня, то яны сталі наймаць прафесійных кіраўнікоў.
«Гэта не спрацавала ад слова „зусім“. Большасць з іх былі балванамі. Яны ведалі, як кіраваць, але не ўмелі нічога рабіць. Калі ты вялікі чалавек, навошта табе працаваць з кімсьці, ад каго нельга нічому навучыцца?» — задаваўся пытаннем Джобс. Apple прыйшлося звольніць двух з тых прафесійных менеджараў.
Прадпрымальнік лічыў, што найлепшымі менеджарамі становяцца сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.
«Гэта выдатныя індывідуальныя работнікі, якія ніколі ў жыцці не захацелі б быць менеджарамі, але вырашылі, што павінны стаць імі, таму што больш ніхто не зможа рабіць гэтую працу так жа добра», — быў перакананы Джобс.
У яго разуменні сутнасць кіравання палягала ў тым, каб мець бачанне і мець магчымасць трансляваць яго іншым людзям, каб дасягнуць «кансэнсусу» па ім.
«Мы шукалі людзей, якія былі да немагчымасці цудоўнымі ў тым, што робяць, хоць і не абавязкова дасведчанымі прафесіяналамі, але каб яны выдатна валодалі і гарэлі разуменнем таго, у якім пункце знаходзяцца тэхналогіі і што мы можам зрабіць з гэтымі тэхналогіямі», — працягнуў Джобс.
Хоць велізарны поспех Apple шмат у чым тлумачаць бачаннем і стылем кіравання Джобса, яго погляд на менеджараў падвяргаецца крытыцы. Напрыклад, існуе «прынцып Пітэра», згодна з якім высокапрадукцыйны супрацоўнік і добры спецыяліст, які атрымаў павышэнне на кіроўную пасаду, можа выявіцца негатовым да яе праз адсутнасць уласна навыкаў кіравання.
Читать на dev.by