«Я не хранічны жлоб». Айцішнікі тлумачаць, як трэба эканоміць

Пагутарылі з айцішнікамі, якія вельмі мала трацяць або літаральна на ўсім эканомяць: у Беларусі і за мяжой.

42 каментарыяў

«Ад пачатку адносін навучаю дзяўчыну сваім фінансавым звычкам»

Янка, .NET-распрацоўшчык, досвед у ІТ — 12 гадоў:

— Не ведаю, ці лічыцца гэта як вельмі мала, але, жывучы ў Тбілісі, укладваюся дзесьці ў $800 на месяц. Жывучы ў Мінску, траціў каля $300-400, што праўда, жыў пры гэтым адзін ва ўласнай кватэры. 

Але пра ўсё па парадку. У мяне заўсёды былі даволі сціплыя матэрыяльныя запыты. Атрымаўшы 12 гадоў таму сваю першую айцішную зарплату, купіў на яе долары і склаў у схованку, працягваючы аплачваць бягучыя выдаткі са стыпендыі. На той момант, дарэчы, са студэнцкіх прыработкаў паспеў назбіраць каля $3000. Што праўда, жыў з бацькамі — так што мне было дзе жыць і што есці, але, напрыклад, адзенне сабе, пачынаючы ад паступлення ва ўніверсітэт, ужо купляў з уласных грошай. 

Гэтая няхітрая фінансавая звычка, калі я траціў толькі стыпендыю (яна складала каля $100 на той момант), а заробак пры атрыманні адразу ж пераводзіў на банкаўскія дэпазіты, захавалася ў мяне аж да заканчэння магістратуры, калі адкладзеных такім чынам грошай хапіла на куплю машыны з салона. 

Машыну, дарэчы, узяў цалкам у рублёвы крэдыт, трымаючы грошы на доларавым дэпазіце, што дазволіла яшчэ трохі выйграць на дэвальвацыі 2015–2016 гадоў. Мне тады кожны сустрэчны спрабаваў даказваць, што машына — гэта чыстая страта, быццам бы яна, выязджаючы з салона, губляе ледзь не траціну кошту, і што таксі нашмат выгаднейшае, але ў выніку я змог яе выгадна прадаць перад ад’ездам з Беларусі ў 2022 годзе. За сем гадоў пакупка страціла ў кошце дзесьці $1,5 тысячы.

З машынай прыйшлі дадатковыя выдаткі, але і стыпендыя падрасла: цяпер я вучыўся ў аспірантуры і мог разлічваць амаль на $200. Заробак адразу пасля атрымання пералічваў на пагашэнне крэдыту, доларавую «заначку» расчахляў толькі ў самым крайнім выпадку. Універсітэт яшчэ і закрываў патрэбу ў падарожжах: за кошт ВНУ ў сярэднім раз на год атрымоўвалася куды-небудзь з’ездзіць, у тым ліку пабываў, напрыклад, у Кітаі, выдаткаваўшы мінімум сваіх грошай.

У 2017 годзе, карыстаючыся спадам на рынку нерухомасці, набыў сваю першую кватэру. Недалёка ад цэнтра, новабудоўля, стан горшы за нулявы, але затое вельмі выгадна. На найбліжэйшыя два гады ўграз у рамонце, які здаваўся бясконцым і пажыраў практычна ўсе грошы — на асабістыя патрэбы пакідаў сабе самы мінімум.

Пачаўшы жыць самастойна, я застаўся верны сваім фінансавым звычкам, пакідаючы сабе на выдаткі $300-400, а ўсё, што выходзіла зверху, — інвеставаў.

Прычым, калі трэба было абнавіць тэхніку, на яе пачынаў збіраць загадзя, адкладаючы ўжо ў аператыўны рэзерв з гэтай сумы. Што праўда, абнаўляў яе вельмі рэдка, толькі калі старая альбо ламалася, альбо станавілася практычна непрыдатная да выкарыстання. Напрыклад, мой першы смартфон пражыў 4,5 гады, цяперашняму цяпер ужо 3 — і без крайняй неабходнасці абнаўляць яго не планую. 

У пандэмію трат стала яшчэ менш. Цяпер, падымаючы свае запісы выдаткаў, бачу, што ў некаторыя месяцы 2020–2021 гадоў выходзіла каля 600 рублёў за ўсё. 

На пачатку 2022 года я планаваў не працягваць кантракта на працы і зладзіць сабе працяглы адпачынак — жыць толькі з пасіўнага прыбытку, які на той момант ужо складаў каля $1000. Але, на жаль, маім планам не наканавана было спраўдзіцца — а я сам апынуўся ў Грузіі.

Тут варта зрабіць невялікае лірычнае адступленне і расказаць пра тое, што парушала ідылічную карціну: пра дзяўчат. Пры знаёмстве я сумленна расказваў пра свае фінансавыя звычкі, але пры гэтым тры разы ў мяне развальваліся адносіны праз адмову ўтрымліваць дзяўчат.

Я ніколі не хаваў свайго даходу ад іх, і кожны раз сітуацыя развівалася прыкладна па адным сцэнары: дзяўчына разумела, што мой даход у разы (а то і на парадак) перавышае яе ўласны, вырашала, што на гэтыя грошы мы можам пражыць удваіх, і пры абмеркаванні ідэі з’ехацца выяўляла жаданне сысці з працы і пачаць жыць на мае грошы. 

Пасля адмовы ў ход ішла цяжкая артылерыя: крыкі, слёзы, абразы, «Ды ты не мужчына!», пагрозы разарваць адносіны або сысці «налева». 

Аднойчы гэты канфлікт разгарэўся пасля двух гадоў шчаслівых, як мне здавалася, адносін. Яшчэ ў некалькіх выпадках канфлікты вакол маіх грошай пачыналіся на ранейшых этапах, прыкладна з аналагічным вынікам. Выяўлялася, што дзяўчына можа некалькі гадоў наведваць псіхатэрапеўта, пастаянна разважаць пра важнасць дамоўленасці ў адносінах і асабістых межах, але ідэю пра тое, што мае грошы — гэта мае грошы, і вырашаю, як імі распараджацца, толькі я, мне да пэўнага моманту не ўдавалася данесці да ніводнай. У выніку захаваць фінансавыя звычкі мне было важней.

Ад моманту ад’езду з Беларусі я жыву з дзяўчынай, у нас вялікая частка выдаткаў дзеліцца напалову. За кватэру, што праўда, ад самага пачатку я плачу больш за палову, плюс уся камуналка і інтэрнэт на мне. На святы раблю ёй дарагія падарункі, пры гэтым настаяў, каб яна мне не дарыла нічога каштоўнага, каб не парушаць заведзенага рэжыму. Дастаўкі мы не заказваем,гатуем самі, на працу я хаджу пешшу. Рэгулярна кажу ёй, што мне наогул усё роўна, як яна апранутая і нафарбаваная, і гэта ў цэлым прыкладна так і ёсць. З гэтай нагоды рэгулярна жартую на тэму свайго дрэннага зроку. Да таго ж мы ўсё яшчэ не аселі на пастаянным месцы, таму рэчамі імкнемся не абрастаць. 

Ад пачатку адносін навучаю дзяўчыну сваім фінансавым звычкам, яна раней практычна нічога не адкладала, а потым хутка рассмакавалася, запісвае ўсе траты і імкнецца эканоміць і інвеставаць. Сабрала ўжо немалую суму, за апошні год атрымала добрую аддачу ад інвестыцый — больш за 20% у доларах. 

Сябры, якім я пра гэта расказваю, часам жартам цікавяцца, ці ведае яна стоп-слова, а некаторыя знаёмыя дзяўчыны проста называюць такія адносіны аб’юзіўнымі. Пры гэтым я не хранічны жлоб, напрыклад, у нас ёсць дамоўленасць: калі ў выніку новай рэлакацыі ёй давядзецца пакінуць працу, то я буду аплачваць яе выдаткі ў абмен на працу па хаце, аналагічна ў выпадку цяжарнасці.

Падводзячы вынік, скажу, што дзякуючы гэтым фінансавым звычкам усё яшчэ кожная буйная пакупка прыносіць велізарнае задавальненне, у тым ліку на этапе выбару, які можа расцягвацца на некалькі месяцаў. І вельмі рады, што змог знайсці чалавека, які гэтыя звычкі гатовы падзяляць.

«Хачу скончыць рамонт да канца года, бо ўжо надакучыла пастаянна эканоміць»

Алесь, Oracle-распрачоўшчык, у IT — ад 2020 года:

— Я айцiшнiк, якi трацiць зусiм мала грошай, бо каплю на рамонт — а раней збіраў на кватэру. 

Жыву з мамай-пенсіянеркай, мы купляем толькі самае неабходнае: прадукты выбiраем у асноўным на зніжках, а яшчэ ў мамы ёсць сацыяльная зніжка на агародніну і крупы. 

Ямо толькі дома дамашнюю ежу. Нам прыходзіцца эканоміць, бо, калі мне прыходзіць зарплата, — амаль у той жа дзень я іду і купляю долары ў абменным пункце, збіраю грошы ў валюце, а назад іх мяняць ужо не хочацца. На адпачынак таксама грошай не трачу — спрабую знаходзіць бясплатныя забавы, іх у Мінску хапае. Транспартам толькі грамадскім карыстаюся.

Насамрэч гэта мацi прывучыла мяне адкладваць грошы — яшчэ ад студэнцкіх гадоў: са стыпендыi я купляў толькі праязны, усё астатняе збіраў, так за 5 гадоў атрымалася назбіраць $1500.

Рамонт я распачаў у лютым — i я хачу скончыць яго да канца гэтага года, спадзяюся, мне хопіць грошай, што ўжо сабраў, бо ўжо, насамрэч, надакучыла пастаянна эканоміць. Я вяду ўлік у спецыяльнай праграме на тэлефоне: колькі і на што кожны месяц сыходзіць грошай. У нас на дваіх з мамай за месяц выходзіць траціць 700-1000 рублёў. Бывае, вядома, больш, калі робім буйную пакупку.

На што буду трацiць грошы, калi нарэшце пераеду ў сваю кватэру, — пакуль не задумваўся. Было б здорава, думаю, або мора ўбачыць, або горы. Яшчэ хочацца пачаць траціць грошы на сябе — на спорт-залу або на хобі, я граю на гітары, хацелася б палепшыць навык ігры і спявання.

«Ні на што не збіраю — проста не прывык траціць, ды і асабліва няма на што»

Ягор, фулстэк-распрацоўшчык, у ІТ — ад 2020 года:

— Я жыву ў Гродне — з бацькамі, трачу на ежу каля 500 рублёў на месяц. Акрамя гэтага плачу за інтэрнэт і аплачваю мабільную сувязь — і бацькам, і сабе, выходзіць каля 150 рублёў. 10-15 еўра — на падпіскі. І ўсё. 

Ніякіх захапленняў/хобі ў мяне няма. У адпачынак не ездзіў ад 2019 года. Глабальных мэтаў я не пераследую і ні на што не збіраю — проста не прывык траціць, ды і асабліва няма на што. 

На забавы грошы не патрэбныя — я ў асноўным працую, часам фільмы гляджу. Вопратку купляю дзесьці раз на паўгода — рублёў на 200-400. 

Я не бачу розніцы паміж людзьмі з дастаткам у 2000 рублёў і ў 5000: айцішнік ты ці не, але ты ідзеш у «Еўраопт» або «Алмі» і купляеш адныя і тыя ж прадукты. Хіба што адкладаеш больш, чым твае сябры не з ІТ.

Как айтишники тратят деньги и во что инвестируют остатки зарплат. Три истории
По теме
Как айтишники тратят деньги и во что инвестируют остатки зарплат. Три истории
«Все надеются, к пенсии будет счёт в банке и несколько квартир». На что айтишники собираются жить в старости
По теме
«Все надеются, к пенсии будет счёт в банке и несколько квартир». На что айтишники собираются жить в старости

Читать на dev.by