2025 непрадказальны, ШІ дапамагае зарабляць, галоўныя офісы пакуль у Еўропе. Пра што размаўлялі Добкін і інвестары
Які рэгіён прынёс найбольш грошай, дзе будуць наймаць і як ШІ уплывае на замовы — уважліва прачыталі расшыфроўку размовы топаў EPAM з інвестарамі і вольна яе пераклалі.
У пачатку мая адбыўся традыцыйны сазвон кіраўніцтва EPAM з ключавымі інвестарамі. Акрамя ўжо агульнавядомага паведамлення пра прызначэнне новага CEO, на ім размаўлялі пра попыт і кошты, фактары (не)поспехаў, а таксама пра тэндэнцыі ў розных рэгіёнах.
З-за падкрэслена паліткарэктных, завуаляваных фармулёвак нялёгка зразумець сэнс сказанага, але мы паспрабавалі перакласці размову з інвестарскай мовы на зразумелую чалавечую і вылучылі галоўныя тэзісы. Наш «пераклад» заўсёды можна параўнаць з арыгінальнай расшыфроўкай званка.
Першае паўгоддзе было ўдалым
Першы квартал аказаўся лепшым, чым чакалі, другі таксама выклікае аптымізм, кліенцкія настроі працягваюць паляпшацца, спадзяемся, што такая тэндэнцыя захаваецца да канца 2025 года. Але поўнай упэўненасці ў гэтым няма.
Аркадзь Добкін:
«Тым не менш мы прызнаём павышаную нявызначанасць макраэканамічных рызыкаў, улічваючы, што наша лепшая, чым чакалася, першая палова года ўраўнаважваецца прадуманай ацэнкай кліенцкага попыту на другую палову года. Мы павышаем ніжнюю мяжу нашага арганічнага гадавога прагнозу выручкі, пакідаючы верхнюю мяжу дыяпазону без змяненняў».
Рост выручкі, канечне, быў пераважна неарганічным (за кошт куплі дзвюх кампаній — Neoris і First Derivative), але і арганічны рост у гадавым выражэнні таксама быў, прычым ва ўсіх рэгіёнах.
Кліенты (не ўсе!) вяртаюцца
Некаторыя кліенты, якія абралі замест EPAM больш танныя паслугі, цяпер вяртаюцца, бо зразумелі, што якасць важнейшая. У якіх лакацыях гэта адбываецца? Цяжка сказаць. Бывае, што кліент сыходзіў з аднаго рэгіёна EPAM, а вяртаецца ўжо ў іншы.
Аркадзь Добкін:
«Некаторыя кліенты, якія пры выбары партнёраў ставілі кошт вышэй за ўсё, цяпер вяртаюцца ў EPAM. Іх досвед працы з неэфектыўнымі праграмамі пацвердзіў крытычную каштоўнасць глыбокай экспертызы, пастаяннай якасці пастаўкі і надзейнай здольнасці выконваць маштабныя задачы».
AI драйвіць деманд
AI — гэта вакно новых магчымасцей для EPAM. Развіццё тэхналогіі генеруе новы попыт на паслугі кампаніі, рост даходаў ад ШІ ў першым квартале вымяраецца двузначнымі лічбамі. Чаму так? Прадпрыемствы хочуць укараняць AI, але не могуць зрабіць гэта самастойна, таму звяртаюцца да нас, прафесіяналаў.
Аркадзь Добкін:
«Хоць павышэнне прадукцыйнасці і аперацыйнай эфектыўнасці застаецца агульнай мэтай, маштабаванне ўкаранення ШІ на прадпрыемстве па-ранейшаму з’яўляецца праблемай. Фактычна толькі 30% нават самых перадавых апытаных кампаній паведамілі пра паспяховае ўкараненне ШІ».
«Штучны інтэлект працягвае стымуляваць новы попыт на нашы паслугі, нават у кантэксце традыцыйных праграм мадэрнізацыі. AI займае цэнтральнае месца ў большасці дыялогаў з кліентамі».
Тлустыя кліенты па-ранейшаму ў Амерыцы
Амерыка (Паўночная + Паўднёвая) застаецца найбуйнейшым кліенцкім рэгіёнам, на які прыпадае 60% выручкі за першы квартал (+12,6% у гадавым выражэнні).
Рэгіён EMEA (Еўропа, Блізкі Усход і Афрыка) прынёс 38% даходаў за першы квартал (+10,7% у гадавым выражэнні).
Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён (відавочна, уключаючы Індыю) прынёс толькі 2% даходаў (+4,3% у гадавым выражэнні).
Выдаткі на персанал выраслі, прыбытак пацярпеў
Валавы прыбытак у першым квартале (ў гадавым выражэнні) скараціўся з-за росту кампенсацый (заробкаў і іншых выдаткаў на супрацоўнікаў). Кошты для кліентаў толькі часткова пакрылі гэтыя дадатковыя выдаткі. Яшчэ адзін фактар — нядаўна набытыя кампаніі прынеслі менш прыбытку, чым чакалася.
Джэйсан Петерсан, фінансавы дырэктар EPAM:
«Негатыўны ўплыў росту кампенсацый і зніжэння рэнтабельнасці набытых кампаній перавысіў станоўчы эфект ад паляпшэння ўтылізацыі рэсурсаў і польскай R&D-ільготы. У астатнюю частку года кампанія будзе сканцэнтравана на павышэнні валавай маржы».
Трамп «сапсаваў» Neoris
Што не так з новымі набыццямі? Вядучы кліент лацінаамерыканскай Neoris знізіў попыт. Падаецца, гэта прамое наступства тарыфнай палітыкі Трампа. Па меншай меры, так мы зразумелі з туманнай фразы пра «няпэўнасць, выкліканую тарыфамі».
Джэйсан Петерсан:
«У той жа час з-за павышанай няпэўнасці, выкліканай тарыфамі і іх уплывам на перапрацоўчую і матэрыяльную галіны, мы назіраем зніжэнне попыту з боку вядучага кліента, атрыманага ў рамках пакупкі NEORIS».
Павышаць рэйты яшчэ не час
На скарачэнні прыбытку ў першым квартале 2025 года (у параўнанні з першым кварталам 2024-га) адбіўся рост заробкаў у другім квартале 2024 года. Кліенты не захацелі браць гэтыя выдаткі на сябе, таму лагічна знізіўся прыбытак працадаўцы.
А чаму б не перакласці гэтыя выдаткі на заказчыкаў? Падаецца, падчас крызісу (калі кіраўніцтва EPAM паўтарала мантру «деманд не расце») EPAM значна панізіў кошт сваіх паслуг. З таго часу «деманд» пайшоў угару, і інвестары на сазвоне цікавіліся, калі падцягнуцца і стаўкі. Аднак у карпарацыі не спяшаюцца з павышэннем цэн.
Аркадзь Добкін:
«Я думаю, што пакуль занадта рана пра гэта гаварыць. Гэта будуць некалькі запозненыя змены. Так, мы назіраем паляпшэнні, але яны ўсё яшчэ адносна невялікія».
Масавага найму пакуль не будзе. Хіба што ў Індыі. Бо набліжаецца другое паўгоддзе
У Індыі, Еўропе, а таксама Заходняй і Цэнтральнай Азіі ў першым квартале павялічвалася колькасць супрацоўнікаў. Напрыклад, крыху выраслі офісы ў Венгрыі, Польшчы, Харватыі і Сербіі. Арганічна. У адрозненне ад Лацінскай Амерыкі, дзе рост адбыўся неарганічна — дзякуючы M&A-угодзе з Neoris.
Найважнейшыя офісы — усё яшчэ ў Еўропе. Яны абслугоўваюць найважнейшых кліентаў.
Аркадзь Добкін:
«Цэнтральна-Усходняя Еўропа застаецца для нас краевугольным каменем геаграфіі і служыць асновай для многіх доўгатэрміновых кліентаў з глабальнымі стратэгіямі росту».
Украіна таксама важная. Амаль 9000 украінскіх супрацоўнікаў паказваюць добрыя вынікі, захоўваючы старых кліентаў і прыцягваючы новых.
Індыя забяспечвае 20% усёй вытворчай магутнасці EPAM. Гэта вельмі важны і хуткарослы рэгіён. Ён застаецца галоўным напрамкам найму: там робяць стаўку на хуткае навучанне джуноў «пад сябе», AI палягчае гэты працэс.
Аркадзь Добкін:
«Зараз Індыя хутка развіваецца, і на вяршыні прафесійнай піраміды ўзровень сталасці вельмі высокі — супастаўны з іншымі рэгіёнамі. Але пры гэтым маладых спецыялістаў, што адпавядаюць нашым патрабаванням, там усё яшчэ больш, чым у сталых рэгіёнах, як, напрыклад, Украіна, дзе апошнія пару гадоў амаль не было росту».
«Але гэты разрыў скарачаецца, якасць расце. Ёсць і ўспрыманне, звязанае з расай і іншымі фактарамі, што сфармавалася не па нашай віне за апошнія дзесяцігоддзі. Мы стараемся з гэтым працаваць і кіраваць сітуацыяй».
У астатнім EPAM надзвычай асцярожны ў найме. Масавага набору не будзе, пакуль не стане зразумела, што попыт расце стабільна. Усё таму, што ўпэўненасці ў добрым сцэнарыі на другое паўгоддзе няма.
Аркадзь Добкін:
«Я хачу захаваць баланс паміж станоўчымі вынікамі першага паўгоддзя і рэальнасцю другога, якую вельмі цяжка прадказаць».
Читать на dev.by