EPAM апублікаваў вынікі другога квартала, выручка расце, глабальны штат ужо перавышае 62 тысячы супрацоўнікаў

EPAM апублікаваў фінансавую справаздачу за другі квартал. Выручка кампаніі аказалася вышэйшай за прагноз, а глабальны штат упершыню за 5 гадоў перавысіў адзнаку ў 62 тысячы спецыялістаў.

54 каментарыя

Выручка

Як вынікае са справаздачы, за красавік–чэрвень EPAM атрымаў 1,35 млрд даляраў выручкі. Гэта новы рэкорд кампаніі па даходах за адзін квартал. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выручка павялічылася на 206 мільёнаў даляращ (ці на 18%). Вясной топ-менеджмент кампаніі чакаў крыху меншую выручку — 1,32-1,34 млрд даляращ.

Гендырэктар і прэзідэнт EPAM Аркадзь Добкін заявіў, што кіраўніцтва задаволена яшчэ адным «моцным кварталам, што сведчыць аб вяртанні да больш стабільных паказчыкаў нашай дзейнасці».

Ён дадаў, што «глыбокая інжынерная і тэхналагічная экспертыза мае вырашальнае значэнне, асабліва ў галіне рашэнняў на аснове ШІ; гэта таксама адлюстроўвае ўнікальную структуру нашага кліенцкага партфеля, у якім адсутнічае істотная залежнасць ад традыцыйных аўтсорсінгавых паслуг».

Аркадзь Добкін з 1 верасня 2025 года перастане быць CEO EPAM і пяройдзе на пасаду выканаўчага старшыні савета дырэктараў.

У сваю чаргу прэзідэнт глабальнага бізнесу і дырэктар па даходах EPAM Балаш Фейеш дадаў, што «сіла кліенцкіх адносін і партнёрскай экасістэмы, а таксама арганічны рост і дынаміка ў галіне ШІ ствараюць выдатныя ўмовы для таго, каб развіць поспех гэтага квартала і рухацца далей».

Сумарна за паўгода EPAM ужо атрымаў 2,65 млрд даляраў выручкі — на 343 млн даляраў больш, чым за такі ж перыяд 2024 года (+14,8%).

У трэцім квартале EPAM прагназуе выручку ў межах 1,36-1,38 млрд даляраў. Таксама топ-менеджмент EPAM у чарговы раз перагледзеў прагноз па даходах па выніках усяго года. Калі раней кіраўніцтва кампаніі чакала рост выручкі на 11-14,5%, то цяпер прагназуе, што даходы вырастуць на 13-15%. У грошах рост можа перавысіць 700 мільёнаў даляраў, а канчатковая выручка можа быць большай за 5,4 млрд даляраў.

Прыбытак

У адрозненне ад выручкі з чыстым прыбыткам у кампаніі адваротная сітуацыя. За паўгода прыбытак кампаніі ўпаў на 25% і склаў 161,5 млн даляраў.

Падзенне адбылося яшчэ ў першым квартале (прыбытак знізіўся на 37%). У другім квартале чысты прыбытак таксама ўпаў адносна другога кваратала мінулага года, але не так істотна (на 9%).

Штат

EPAM працягвае павялічваць каманду. На канец першага квартала глабальны штат EPAM налічваў 61,7 тысячы спецыялістаў. За другі квартал штат павялічыўся да 62 050 чалавек. Упершыню за апошнія 5 гадоў глабальная каманда перавысіла парог у 62 тысячы.

Каманда вытворчых спецыялістаў EPAM павялічылася з 55,6 да 55,8 тысячы спецыялістаў.

Акцыі EPAM адстаюць ад амерыканскага ІТ-сектара
Па тэме
Акцыі EPAM адстаюць ад амерыканскага ІТ-сектара
Што змянілася ў офісе EPAM у Беларусі за год: каманда яшчэ меншая, заробкі трохі вышэйшыя
Па тэме
Што змянілася ў офісе EPAM у Беларусі за год: каманда яшчэ меншая, заробкі трохі вышэйшыя

Читать на dev.by