EPAM палічыў выручку і выдаткі праз вайну за 2022 год
EPAM апублікаваў фінансавую справаздачнасць за 2022 год. Кампанія абнавіла гадавы рэкорд па выручцы, але паменшыла чысты прыбытак.
Агульная сума выдаткаў праз вайну ва Украіне — з улікам дапамогі ўкраінскім супрацоўнікам і сем’ям, выдаткаў на рэлакацыю і сыход з расійскага рынку — склала каля 120 мільёнаў долараў.
Выручка
За мінулы год EPAM атрымаў рэкордную за ўвесь час выручку — 4,82 мільярда долараў.
У параўнанні з 2021 годам яна вырасла амаль на 30%, або больш ніж на 1 мільярд долараў. Цікава, што апраўдаўся прагноз па гадавой выручцы, зроблены аналітыкамі кампаніі па выніках трэцяга квартала.
Пры гэтым кампанія адзначае ў справаздачнасці, што негатыўным фактарам уплыву на рост выручкі летась стаў сыход з расійскага рынку.
Прагноз па далейшым росце выручкі больш ніж аптымістычны. Па выніках гэтага года EPAM плануе пераадолець планку ў 5 мільярдаў долараў і павялічыць выручку на 9% да 5,25 мільярда. Сыход з расійскага рынку працягне негатыўна адбівацца на дынаміцы выручкі і сёлета, гаворыцца ў справаздачнасці.
У першым квартале EPAM прагназуе выручку ў памеры 1,2 мільярда долараў.
Чысты прыбытак
Летась адным з асноўных негатыўных фактараў уплыву на чысты прыбытак EPAM сталі курсавыя розніцы. За год страты ад курсавых розніц склалі амаль 76 мільёнаў долараў — у 10 разоў больш, ніж у 2021 годзе.
Сумарны чысты прыбытак кампаніі склаў за 2022 год 419,5 мільёна долараў — на 13% менш, ніж у 2021 годзе.
Рэлакейт, дапамога Украіне, сыход з Расіі
Ад мінулага года EPAM пачаў адлюстроўваць у сваёй справаздачнасці выдаткі на рэлакацыю супрацоўнікаў. За мінулы год на гэтыя мэты кампанія выдаткавала амаль 39 мільёнаў долараў. Асноўная частка грошай была выдаткаваная на працягу першага паўгоддзя.
Хутчэй за ўсё асноўныя выдаткі былі звязаныя з рэлакацыяй супрацоўнікаў з Украіны, Беларусі, Расіі.
Праз вайну ва Украіне кампанія была вымушаная рэлакаваць у іншыя краіны частку ўкраінскай каманды. На пачатак 2022 года ўкраінскі офіс быў найбуйнейшым у кампаніі. Там працавала больш за 12 тысяч спецыялістаў.
Каб дапамагчы супрацоўнікам і іх сем’ям, EPAM таксама запусціў праграму гуманітарнай дапамогі на 100 мільёнаў долараў. За мінулы год на гэтыя мэты кампанія выдаткавала амаль палову сумы — каля 45 мільёнаў долараў.
На працы беларускага офіса EPAM у 2022 годзе адбіліся дрэнная рэпутацыя Беларусі як таксічнай лакацыі праз вайну і нежаданне асобных заказчыкаў працаваць з айцішнікамі ў Беларусі. Акрамя таго ў краіне працягвалі затрымліваць айцішнікаў у тым ліку з EPAM па пратэсных артыкулах. Гэта таксама адбілася на дынаміцы рэлакацыі і выдатках на яе.
Пры гэтым кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін у лістападзе мінулага года чарговы раз пацвердзіў, што кампанія плануе працягваць працу ў краіне.
Што тычыцца Расіі, то ў сакавіку мінулага года EPAM заявіў пра сыход з расійскага рынку. У сувязі з гэтым кампаніі прыйшлося рэлакаваць супрацоўнікаў расійскага офіса, а таксама ліквідаваць офісы.
Усяго праз сыход з Расіі выдаткі кампаніі за мінулы год склалі каля 37 мільёнаў долараў:
- больш за 17 мільёнаў долараў — выдаткі, звязаныя з рэструктурызацыяй бізнэсу і звальненнем супрацоўнікаў;
- амаль 20 мільёнаў долараў — страты ад абясцэньвання актываў у Расіі і спынення магчымасці выкарыстоўваць актывы.
Штат EPAM
Глабальны штат EPAM за мінулы год нязначна вырас. На канец снежня ў кампаніі працавала 59,3 тысячы супрацоўнікаў. Для параўнання, на канец снежня 2021 года ў штаце было 58,8 тысячы супрацоўнікаў. За другое паўгоддзе глабальны штат кампаніі скараціўся на 3,3%.
Штат вытворчых спецыялістаў EPAM за год амаль не змяніўся і склаў 52,9 тысячы чалавек.
Што яшчэ ў справаздачнасці
EPAM анансаваў запуск праграмы зваротнага выкупу акцый на 500 мільёнаў долараў. Яе зацвердзіў савет дырэктараў кампаніі.
«EPAM можа час ад часу выкупляць свае звычайныя акцыі з дапамогай купляў на адкрытым рынку, у рамках угод, заключаных у прыватным парадку, або іншымі спосабамі», — адзначаецца ў справаздачнасці. Праграма выкупу акцый разлічаная на 24 месяцы.
Паводле даных tradingview.com, на нью-ёркскай фондавай біржы акцыі EPAM таргуюцца па 350+ долараў.
Читать на dev.by